Архіў

Сяргей Харэўскі. Ідэал Свабоды

№ 28 (149), 1999 г.


 Сяргей ХАРЭЎСКІ

Ідэал Свабоды

 

У 1830-м Эжэн Дэлякруа напісаў карціну «Свабода, якая вядзе люд на барыкады». З тае карціны й быў запачаткаваны клясычны вобраз Свабоды, дзяўчыны з аголенымі грудзямі, у фрыгійскім каўпаку, які цяпер ўважаецца за галоўны сымбаль Францыі. На палатне, зьлева ад Свабоды, відаць маладога зухаватага чалавека з цыліндрам набакір, які моцна сьціскае ў руках стрэльбу й рвецца ў атаку. Гэта аўтапартрэт самога Дэлякруа. Мастак не ўнікаў і праўдзівых, брутальных дэталяў — паўраспранёныя, падраныя трупы на пярэднім пляне, парахавы куродым, разьятраны натоўп. Але сьветлая постаць прыгожай дзяўчыны ды чыстыя колеры францускага сьцягу выводзяць гэтую рэч на вышыню яснага сымбалю. Гэтак праўда, перамяшаная з алегорыяй, становіцца больш, чым проста праўдаю.

Мне згадаўся гэты твор днямі ў Вільні. На гэтым тыдні тут пачаліся заняткі ў новага курсу завочнікаў, што навучаюцца на беларускім аддзяленьні ў Пэдагагічным унівэрсытэце. Гэткіх студэнтаў, пераважна з Заходняе Беларусі, набралося з паўтары дзясяткі. І першае ж пытаньне, якое яны мне задалі: «Што адбылося ў мінулую нядзелю ў Менску?» «А вы хіба ня ведаеце, тэлебачаньня не глядзелі?» «Беларускаму мы ня верым!» «А расейскія праграмы?» «Ня верым таксама». Я пачаў быў распавядаць... І міжволі адчуў, што тое, пра што кажу, ня праўда, а інтэрпрэтацыя. Я быў на тым Маршы Свабоды, але мог бачыць толькі тое, што абывалася на адлегласьці выцягнутае рукі. Я не пабачыў славутага ахвярнага казла Луку, не пабачыў як падпалілі пошту, не пабачыў як хлопцы сягалі ў халодную брудную Сьвіслач. Не пабачыў і крыві. Але запомніліся вялізарныя сьцягі Беларусі й Эўропы, духавы аркестар, вясёлыя школьнікі са сьвісткамі...

Мастак Дэлякруа ня браў удзелу ў рэвалюцыі 1830 году. Яго не было нават у Парыжы, адкуль ён зьехаў, баючыся за сваё жыцьцё й маёмасьць. Аднак па вяртаньні, ведаючы пра тыя драматычныя падзеі блізу ўсё, ён стварыў шэдэўр. І ўпісаў сябе завочна ў гісторыю, устаўшы на палатне побач са Свабодаю. У мастацтве гэты твор стаў роўны «Марсэльезе» ў музыцы. Ці змог бы мастак узьняцца да гэткага абагульненьня й мэтафарычнасьці, каб сам пасьлізнуўся на лужыне крыві ці пусьціў кулю ў лоб свайму суайчыньніку-жаўнеру? У барыкадных баях, тымчасам, удзельнічалі сотні мастакоў, але вось жа ніхто не ўявіў сабе ідэалу Свабоды...

«Свабода» Дэлякруа, шматкроць экспанаваная, таксама зажыла сваім жыцьцём. Тым часам сам мастак, які з узростам стаў кансэрватарам ды клерыкалам, моцна шкадаваў пра тое, што стварыў гэтае палатно. Ён пісаў, што падпаў пад тлум «гадоў узьнёслых і смутных». На ягоную думку, гэтая карціна беспасрэдна паспрыяла наступным рэвалюцыям. Але рэвалюцыі мінулі, а францускі ідэал Свабоды застаўся.

Прыгадаўшы Дэлякруа, я падумаў, што няварта распавядаць маім студэнтам пра жарсьці, нялюдзкасць ды пра тое, колькі й каго з Маршу Свабоды зьвезла «Хуткая дапамога». Я распавёў ім пра нашыя прыгожыя сьцягі й пра тое, пра што мару сам. Пра Свабоду.


Каментары

Цяпер чытаюць

Стала вядома, дзе працуе фаварытка Лукашэнкі Уладлена Зайцава19

Стала вядома, дзе працуе фаварытка Лукашэнкі Уладлена Зайцава

Усе навіны →
Усе навіны

Палітвязень расказаў, як звычайныя крымінальнікі аб’явілі галадоўку, каб палепшыць умовы ўтрымання палітычных5

Дадаў цыянід у пратэінавы напой. Стаматолаг атруціў жонку, а затым спрабаваў забіць следчага3

Масіраваная атака БПЛА на Расію: пажары на нафтазаводах, радыёзаводзе і выбухі каля вайсковага аэрадрома6

Расіяне выбралі, які помнік будзе пастаўлены ў Гомелі31

Штучны інтэлект можа прывесці да вымірання чалавецтва, папярэджваюць эксперты14

Папулярны блогер Пан Усялян другі раз стаў татам13

Расійскія турысты знайшлі на пляжы ў Тайландзе ваніты кашалота. Яны каштуюць шалёныя грошы1

Блогер параўнаў кошт адпачынку ў санаторыі «Радон» з паездкай на кітайскі востраў Хайнань — і быў шакаваны2

Дарадца Ціханоўскай перадаў лукашэнкаўскім дыпламатам прапанову пра круглы стол28

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Стала вядома, дзе працуе фаварытка Лукашэнкі Уладлена Зайцава19

Стала вядома, дзе працуе фаварытка Лукашэнкі Уладлена Зайцава

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць