Архіў

Раіса Жук-Грышкевіч. Памяці Лявона Трусевіча

№ 28 (185), 10 — 17 ліпеня 2000 г.


 

Памяці Лявона Трусевіча

 

Памёр Лявон Трусевіч. У другой палове 40-х гадоў ён —студэнт факультэту дантыстыкі ўнівэрсытэту Марбургу пад Лянам, амэрыканскае зоны Нямеччыны, сябар беларускай студэнцкай грамады ў Марбургу. Стуль я, тады таксама студэнтка Марбурскага ўнівэрсытэту, сяброўка беларускай студэнцкай грамады, мела шчасьце й гонар пазнаць Лявона Трусевіча.

Лявон быў спакойны, сьціплы й ветлівы і ўслужлівы сябра. Быў ён і беларускім патрыётам. Ня дзіва, Лявон — гадунец, яшчэ ў сярэдняй школе ў Наваградку, такіх выдатных беларускіх настаўнікаў, як сьветлай памяці Аляксандра і Натальлі Орсаў.

У другой палове саракавых гадоў беларускія студэнты Марбургу былі на ўтрыманьні ДП лягераў, а за навуку ўва ўнівэрсытэце плаціць мусілі неяк самі старацца. Аж дзіва даесься цяпер, як мы давалі сабе рады?! Сарганізавалі Студэнцкі Фонд, на які ахвяры давала ахвярнае беларускае грамадзтва, што таксама жыло ў ДП лягерох. І так неяк «цярпелі», вучыліся, бо хацелі вучыцца. У 1947 годзе ў Нямеччыне настала «вэрунг рэформа» грошай, што спрычыніла для студэнтаў яшчэ большыя фінансавыя цяжкасьці. Дзякуючы аднак стараньням Рады БНР, а дакладней, старшыні яе Міколы Абрамчыка, удалося з Ватыкану дастаць беларускім студэнтам стыпэндыі на студыі ў каталіцкім унівэрсытэце Лювэну ў Бэльгіі. І большасьць беларускіх студэнтаў з Марбургу паехала вучыцца ў Лювэн. Лявон ды, дарэчы, і я, што былі на апошнім годзе дантыстыкі, засталіся ў Марбургу. За год, скончыўшы ўнівэрсытэт, я выехала ў ДП лягер ангельскай зоны Нямеччыны, а адтуль пасьля ў Таронта, Канаду.

Лявону Трусевічу наканавана было выехаць у Чыкага, ЗША. Зрэдку мы ліставаліся. Пасьля адбыцьця кантракту ў шпіталі для сухотных хворых я паступіла ў Таронтаўскі ўнівэрсытэт настрыфікаваць свой нямецкі дыплём. На навуку я трохі зарабіла, працуючы клінэрам — мыла ў шпіталі падлогу. Лявон, каб зарабіць грошы на студыі, працаваў у Чыкага на фабрыцы.

Ізноў без стыпэндыяў фінансава было надта цяжка. Ратавалі пазыкі сяброў, такіх жа новых эмігрантаў. За першае паўгодзьдзе за навуку заплаціла. Прыйшло другое, трэба плаціць, і няма чым. Гэта значыць, трачу права на навуку. Сяджу на выкладзе, слухаю прафэсара, а сьлёзы з вачэй спакойна коцяцца па твары… і рады ім ня даць. Ужо ўсе мае сябры ратавалі мяне пазыкамі, застаўся адзін Лявон Трусевіч, які працуе на фабрыцы, каб зарабіць сабе на наступны год на студыі ва ўнівэрсытэце, бо ж і яму трэба настрыфікаваць ягоны нямецкі дыплём. Гэта я дасканала ведаю, але ўсё роўна пішу яму ліст. І Лявон, замет таго, каб сказаць мне, што на другі год сам ідзе ва ўнівэрсытэт, што ня можа дапамагчы, прысылае мне чэк на патрэбную суму.

Такім быў сьветлай памяці Лявон Трусевіч.

Камэнтары непатрэбныя…

На навуку Лявону ўдалося дастаць дзяржаўную стыпэндыю, але із забавязаньнем, што пасьля студыяў будзе працаваць там, куды яго пашлюць. І гэтак сьпярша ён працаваў лекарам-дантыстам у індзейскім рэзэрваце, а пасьля, у рангу капітана і вышэйшым — у амэрыканскім войску. Такім чынам ён трапіў у горад Тампу ў Флёрыдзе, дзе яго й застала сьмерць.

У часе дантыстычнай практыкі Лявон пазнаёміўся й ажаніўся з Эвэлінай, дзяўчынай скандынаўскага паходжаньня — нашчадкам «вікінгаў, адважных варагаў».

Памёр Лявон з ранаў, спрычыненых яму агнём нешчасьлівага выпадку. І так на 76-м годзе абарвалася нітка добрага, заўсёды карыснага для іншых Лявонавага жыцьця. Сьпі спакойна, Лявоне. Мы Цябе не забудзем.

Шчырыя мае й беларускіх марбурцаў спачуваньні спадарыні Эвэліне, сыну й дачцэ Трусевічам.

Вечны Табе, Лявоне, спакой і вечная Табе памяць!

Раіса Жук-Грышкевіч


Каментары

Цяпер чытаюць

Справа Софтклуба: затрыманы патрыярх беларускага ІТ Уладзімір Сіротка і некалькі топ-менеджараў. Яны падарылі нам АРІП17

Справа Софтклуба: затрыманы патрыярх беларускага ІТ Уладзімір Сіротка і некалькі топ-менеджараў. Яны падарылі нам АРІП

Усе навіны →
Усе навіны

Маскву і вобласць атакавалі ўкраінскія беспілотнікі

Кітай і ЗША дамовіліся аб «рамках» гандлёвай здзелкі напярэдадні сустрэчы Сі і Трампа

Беларусь чакае новая хваля савецкіх людзей з Латвіі і Эстоніі38

Паветраная прастора над Вільняй была адкрытая ў 4:30

ДАІ аб'явіла вайну маршруткам. А дзе яшчэ ў свеце катаюцца на іх?5

УСУ пашкодзілі дамбу пад Белгарадам3

Часопіс МЗС Расіі прапанаваў прымяняць ва Украіне савецкі досвед акупацыі Германіі6

Літва зноў закрыла мяжу з Беларуссю — на нявызначаны тэрмін40

Што было ў апошніх галасавых паведамленнях Веры Краўцовай, якая знікла ў М'янме6

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Справа Софтклуба: затрыманы патрыярх беларускага ІТ Уладзімір Сіротка і некалькі топ-менеджараў. Яны падарылі нам АРІП17

Справа Софтклуба: затрыманы патрыярх беларускага ІТ Уладзімір Сіротка і некалькі топ-менеджараў. Яны падарылі нам АРІП

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць