Архіў

Валадзімер Цыбулько: “Ніводная краіна ад транзыту ня страціла”

№ 45 (202), 8 — 13 лістапада 2000 г.


 

Валадзімер Цыбулько:
“Ніводная краіна ад транзыту ня страціла”

Газаправодныя інтарэсы Беларусі і Ўкраіны сутыкнуліся. Якім будзе вырашэньне гэтага канфлікту? Гэткае пытаньне мы задалі дарадцу прэм’ер-міністра Ўкраіны Валадзімеру Цыбульку, вядомаму сваёй прыхільнасьцю да беларуска-ўкраінскага стратэгічнага збліжэньня.

 

— Расея, наколькі нам вядома, хацела б павялічыць экспарт газу ў Эўропу на 50%. Украінская нітка газаправоду здольная павялічыць пропуск газу на 30—50% ужо цяпер. Зь іншага боку, на пабудову новага газаправоду ў Расеі няма дастаткова сродкаў. Ёсьць і іншы аспэкт: апошнія гады здабыча газу ў самой Расеі штогод скарачалася амаль на 10% і, каб захаваць экспартны патэнцыял, Расея пераводзіла ўласных спажыўцоў з газу на мазут і вугаль. Гэта вымушае мяне трохі сумнявацца ў рэальнасьці плянаў пабудовы новага газаправоду.

— Беларусь, па-Вашаму, набудзе ці страціць, калі газаправод праляжа па яе тэрыторыі?

— Ад транзыту яшчэ ніводная краіна ня страціла. Транзыт – адназначны рэсурс. Усё залежыць ад таго, як ён выкарыстоўваецца. Ці ён будзе набыткам усяе нацыі, ці толькі групы людзей. Але, аднойчы пабудаваны, газаправод ужо з тэрыторыі краіны нікуды ня зьнікне і будзе крыніцаю ўзбагачэньня беларусаў у любым разе.

— Дзьмітры Карчынскі, былы унсовец і вечны правакатар, зьбіраецца зьдзейсьніць рэвалюцыю ў Беларусi. Праўда, ён дбае не пра беларускую дэмакратыю, а пра ўкраiнскi дабрабыт. Рэвалюцыйны хаос у Беларусi распужае iнвэстараў, спадзяецца ён. Каштаваць рэвалюцыя будзе, паводле ягоных падлікаў, 250 тысячаў даляраў. Ягоныя напалеонаўскія пляны цешаць беларускія ўлады, іначай бы Карчынскага не запрасілі выступіць у суботняй “Панараме”. Наколькі ягоныя заявы і пляны адлюстроўваюць рэальныя настроі ўкраінскіх гаспадарчых і палітычных элітаў?

— У кожнай краіны ёсьць інтарэсы ў суседняй краіне. Карчынскі – ня рупар ураду або парлямэнцкіх палітычных сілаў. Гэта проста прыклад таго, што правакацыя, здаровая ці нездаровая, можа быць мадэльлю палітычнага існаваньня. Гэта пазыцыя ягонага асяродзьдзя. Хоць думка пра Ўкраіну як пра рэгіянальнага лідэра ходзіць у галовах украінскай эліты. Дакладней, ня думка, а мара. Гэта мара ў пэрспэктыве. Усё залежыць ад эканамічнага росту. А рост ВУП сёлета ўва Ўкраіне склаў 5%.

— Якая краіна будзе стабільнейшаю ў пэрспэктыве, Украіна ці Беларусь?

— Унутрана стабільнейшаю ёсьць Украіна: у нас ёсьць плянавыя падставы для эфэктыўнага і рэальнага эканамічнага росту. У нас у зямлі ёсьць рэальны ўласьнік, гэта 6 млн. грамадзян. І яны за сваю зямлю атрымліваюць рэальныя паі, якія сёлета складалі 50 даляраў у месяц – хто грашыма, хто цукрам, хто збожжам. Сёлета ўпершыню вырас аб’ём сельскагаспадарчай прадукцыі і ўпершыню дзяржава перастала выдзяляць мільярд даляраў на датацыі калгасам. Нарэшце, на 36% зьменшыўся расход паліва і змазкі падчас пасяўной – тое, што ў калгасах проста раскрадалася! Бюджэтныя паступленьні сёлета вырасьлі на 48%. Вось яны – рэаліі эканамічнага аздараўленьня. Ужо цяпер сярэдні ўкраінец жыве лепш, чым сярэдні расеец.

Мы ўжо прайшлі пэўны этап, які Беларусі яшчэ трэба прайсьці.

Гутарыў Б.Т.


Валадзімер Цыбулько – паэт, празаік, аўтар кнігі “Анёлы й міты” (1998), мэнэджэр культуры (быў прад’юсэрам шэрагу поп-выканаўцаў, у тым ліку культавага Аляксандра Панамарова), іміджмэйкер (рэклямная кампанія партыі “Рэформы і парадак” у 1997 г.). З 2000 г. – з прызначэньнем рэфарматара В.Юшчанкі прэм’ерам – дарадца прэм’ер-міністра.


Каментары

 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

У Маскве мужчыны масава спрабуюць знаёміцца, мацаючы дзяўчат за ягадзіцы. Так загадаў рабіць сэкс-коўч з Беларусі8

У Маскве мужчыны масава спрабуюць знаёміцца, мацаючы дзяўчат за ягадзіцы. Так загадаў рабіць сэкс-коўч з Беларусі

Усе навіны →
Усе навіны

Зяленскі ўпершыню з’явіўся на саміце NATO ў касцюме — але не ў класічным16

З'явіўся рэйтынг самых дарагіх гарадоў свету. На якім месцы Мінск?10

Шматдзетную маму, якая займаецца астралогіяй, асудзілі за ўдзел у пратэстах8

Апублікаваны рэйтынг самых дарагіх краін для жыцця. На якім месцы Беларусь?4

У Лагойску сутыкнуліся два аўтобусы

У Арменіі заявілі пра прадухіленне спробы захопу ўлады2

Вярнуўся з Літвы — і быў арыштаваны за данаты. Гэты біёлаг раней даследаваў лейкозы — яго філасофія натхняе10

Юрый Антонаў расказаў, як ён змагаецца з перападамі ціску. Кажа, яму вельмі гэта дапамагае14

Яшчэ ў адной мінскай краме запрацавала сістэма з талонамі ў чаргу, як у банку1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У Маскве мужчыны масава спрабуюць знаёміцца, мацаючы дзяўчат за ягадзіцы. Так загадаў рабіць сэкс-коўч з Беларусі8

У Маскве мужчыны масава спрабуюць знаёміцца, мацаючы дзяўчат за ягадзіцы. Так загадаў рабіць сэкс-коўч з Беларусі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць