Архіў

Сяргей Паўлоўскі. Шпацыр па Сатанінскай (Тапанімічная рэвалюцыя)

№ 45 (202), 8 — 13 лістапада 2000 г.


 

Сяргей Паўлоўскі

Шпацыр па Сатанінскай

Тапанімічная рэвалюцыя

 

Беларускі лёс — наслаеньне акупацыяў, кожная зь якіх пакідае свой сьлед. Гуманітарныя адбіткі — у назвах вуліц, якія накладаюцца адна на адну, утвараючы такім чынам культурны слой. Нібы рэстаўратар, ты сашкрабаеш слой за слоем, і перад вачыма паўстаюць фрэскі, што пісаліся адна на адну. Расейская акупацыя, савецкая, нямецкая, польская, зноў савецкая, зноў нямецкая, зноў расейская... Ты ведаеш, што самая аўтэнтычная, самая «правільная» фрэска недзе пад усімі гэтымі наслаеньнямі. Так спазнаецца гісторыя краіны і нацыі, і гораду.

Па сёньняшніх назвах вуліц мы бачым, што ў душах тутэйшых людзей робіцца сёньня. Атрымліваем праўдзівыя зьвесткі пра тое, чым жыве край. Газэты і прамоўцы могуць хлусіць, розум насельнікаў можа быць затлумлены аблуднымі ідэямі ці памкненьнямі, але назвы вуліц ня хлусяць, яны адлюстроўваюць гэты абсурд настрояў, як самыя жорсткія сьведкі. Сапраўды, тутэйшыя жыхары могуць не задумвацца над дысгарманічнымі спалучэньнямі, калі распавядаюць, што трэба з вуліцы Леніна зьвярнуць на праспэкт Скарыны, а пасьля выйсьці на Камсамольскую. Яны могуць не задумвацца, але назвы ў такіх спалучэньнях выкрываюць усю праўду пра стан іхных розумаў і тое, як яны жывуць.

Менск не перажыў тапанімічнай рэвалюцыі часоў перастройкі. Хоць былі і камісіі, і вялізныя сьпісы прапановаў з падрабязным абгрунтаваньнем. Сёе-тое зьмянілі, але, бадай, гэтым прыўнесьлі яшчэ больш эклектыкі ў гарадзкі кантэкст, які збольшага так і застаўся расейска-савецкім. Сёньня няма ўжо тых камісіяў, таго імпэту і тае выверанасьці ідэяў. Між тым дзесяцігадовы досьвед суседніх краінаў засьведчыў, які прынцып пры пераназываньні вуліц мусіць быць галоўным. Галоўнае, як высьвятляецца, гэта нават ня тое, які слой пасьлядоўна адкрываць. Галоўнае — тое, каб была гармонія гучаньня, зьместу назваў і каб яны не ўступалі адна з адной у недарэчныя спалучэньні.

Асабіста мне тапанімічная рэвалюцыя ў Менску не ўяўляецца. Надта ж шмат у нас усяго наблытана. Цэлыя гарадзкія раёны поўняцца ўсялякімі недарэчнасьцямі. Гэта менская Сібір — раён Ангарскіх ды Байкальскіх, ці — заказьнікі расейскіх мастакоў, ці праспэкты газэтаў «Правда» і «Известия»... Тут працы і творчасьці на шмат гадоў. Але першым чынам варта было б замяніць тыя назвы, якія носяць сатанісцкія, антычалавечыя імёны. У Менску такіх процьма. Скажам, усім вядомая вуліца Гікалы. Жыва ўяўляю сабе, што дапытлівы школьнік разгорне энцыкляпэдыю «Беларусь», каб высьветліць, чаму ягоная вуліца носіць такое імя. Акажацца, таму, што ўраджэнец Адэсы Мікалай Гікала ўдзельнічаў у разгортваньні масавых рэпрэсіяў у БССР.

Альбо вось і зусім страшнаваты прыклад. Тыцнуўшы пальцам у выпадковае імя ў сьпісе гарадзкіх вуліц, я натрапіў на вуліцу Ваўпшасава — таксама вядомую ў горадзе магістраль. У найноўшую энцыкляпэдыю гэты дзеяч не ўвайшоў, затое ёсьць у старэнькай БелСЭ. Паводле гучаньня прозьвішча наводзіць асацыяцыі зь нечым каўкаскім, але праўда бліжэй. Літовец Станіслаў Ваўпшас, ураджэнец Шавельскага павету — той унікальны для літоўцаў выпадак, калі да бацькавага прозьвішча на расейскі манер было прыстаўленае -ов. Парабкоўскае паходжаньне і пралетарская сьвядомасьць зрабілі яго на ўсё жыцьцё верным энкавэдыстам, патрабавалі, каб абрусеў. Так нашыя Кавалі ды Новікі рабіліся Кавалёвымі й Новікавымі. Усё сьвядомае жыцьцё таварыша Ваўпшасава прайшло на перадавой, дакладней, за сьпінамі тых, каго гналі на перадавую. Бо што рабіў начальнік апэратыўнага атраду НКВД хоць на фронце, хоць у партызанах, хоць у далёкай Маньчжурыі — вядома. Ён ваяваў ня з ворагам, а са сваімі, тымі, на каго паступаў данос. Завяршыў свой жыцьцёвы шлях Ваўпшасаў у Маскве, абласканы ўладамі і грамадзкім ладам. Чэкіст-расстрэльшчык, камандзір заградатраду, увесь, да валасінкі ў чалавечай крыві, працягвае ціха праменіць у душы менчукоў сваю ідэйную бесчалавечнасьць. Здаецца, такую вуліцу дзеля адэкватнасьці варта было б пераназваць у якую Вампірскую ці Сатанінскую. Сутнасна гэта будзе тое самае. Шкада толькі людзей, якія на гэтай вуліцы жывуць.


Каментары

17‑гадовы блогер і яго 37‑гадовая дзяўчына патрацілі на сябе мільён рублёў, сабраны на дабрачыннасць14

17‑гадовы блогер і яго 37‑гадовая дзяўчына патрацілі на сябе мільён рублёў, сабраны на дабрачыннасць

Усе навіны →
Усе навіны

Канцлер Мерц: Сірыйскія бежанцы мусяць вярнуцца на радзіму11

«Штосьці ўдавалася перадаваць Бабарыку». Лосік расказаў, як арганізаваў у калоніі сетку распаўсюду інфармацыі3

Найбуйнейшую сетку фастфуду ў Беларусі адкрыў выхадзец з КДБ21

Мінчук вырашыў палепшыць крэдытную гісторыю і ўзяў дзевяць растэрміновак. Цяпер увесь у даўгах2

Мужчыны і Лукашэнка: беларусы шукаюць вінаватых у дэмаграфічнай катастрофе47

Трамп сказаў, за каго галасаваць на выбарах мэра Нью-Ёрка, інакш парэжа гораду фінансаванне7

Кім Кардаш'ян заявіла, што амерыканцы не высаджваліся на Месяц6

Што за серыял «Бар «Адзін званок», які масава шукаюць беларусы?4

У «Гомельскіх Курапатах» на Дзяды адбылося набажэнства, а ў Мінску, падобна, — зноў не3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Хто тыя 17‑гадовы блогер і яго 37‑гадовая нявеста, якія шыкоўна жылі на мільён, скрадзены са збору на хворае дзіця?35

Хто тыя 17‑гадовы блогер і яго 37‑гадовая нявеста, якія шыкоўна жылі на мільён, скрадзены са збору на хворае дзіця?

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць