Архіў

Сяргей Краўцоў. Страйкавы лідэр са спальнага раёну

№ 2 (211), 8 — 15 студзеня 2001 г.


 

Страйкавы лідэр са спальнага раёну

Партрэт Валер’я Леванеўскага, завадатара прадпрымальнікаў і кандыдата ў прэзыдэнты

Гарадзенскія журналісты жартуюць, калі ў краіне пэрыядычна страйкуюць прадпрымальнікі (апошні раз — на мінулым тыдні) – во, маўляў, дырыжыруе работай усіх беларускіх рынкаў наш Валеры Леванеўскі, седзячы ў сваёй кватэры ў гарадзенскім спальным раёне Дзевятоўцы.

І гэта праўда. Два гады таму пасьля загадкавай сьмерці Арнольда Пячэрскага кіраўніцтва беларускім страйкавым камітэтам прадпрымальнікаў пераняў Валеры Леванеўскі. Але ўжо раней ягоны ўплыў у страйкаме быў адчувальны. У страйках вялі рэй гарадзенцы, разварушваючы і заахвочваючы ўсіх іншых.

У Горадні Леванеўскі зьбіраў сходы, на якія сыходзілася больш за тысячу прадпрымальнікаў. Ужо абмяркоўвалася нават пытаньне аб стварэньні прадпрымальніцкай палітычнай партыі. Хаця ў Леванеўскага нямала непрыяцеляў, прадпрымальнікі звычайна дружна адгукаліся на прапановы страйкаваць, спыняючы гандаль часам нават на месяц. Гэта, па-першае, было “цэхавым” пратэстам супраць закручваньня ўладамі гаек. Па-другое, Леванеўскаму ўдаваліся дзьве рэчы: шырока інфармаваць і арганізоўваць людзей на страйк.

Неўзабаве яму ўжо стала замала Горадні. Мабыць, адчуўшы за сабою сілу, уласную важкасьць, Леванеўскі палаяўся з гарадзенскімі дэмакратамі. Але сіла гэтая шмат у чым уяўная. Леванеўскі па сутнасьці быў і застаецца адзіночкам, чалавекам-аркестрам. Палаяўшыся з дэмакратамі, ён зрабіў наступную памылку — стаў пісаць на іх пасквілі і рассылаць па рэдакцыях. Але амаль ніхто не спакусіўся на ягоныя груба зробленыя опусы.

Падобныя дзеяньні, празьмерная энэргія і выключная самастойнасьць нечакана стварылі яму рэпутацыю правакатара. Дэмакраты менавіта так пачалі называць яго паміж сабою. І нават калі на пятнаццаць сутак пасадзілі не кагосьці зь іх, а менавіта Леванеўскага, яны вырашылі чамусьці, што гэта таксама сьведчаньне нібыта ягонага “правакатарства”. Хаця справа была яўна сфабрыкавана міліцыяй: маўляў, Леванеўскі арганізаваў на ганку гарвыканкаму мітынг прадпрымальнікаў. Аўтар гэтых радкоў быў сьведкам падзеяў ад пачатку да канца — да арышту Леванеўскага амонаўцамі. Міліцэйскае начальства ажно шалела пры адной толькі згадцы пра Леванеўскага, які рэгулярна рассылаў ва ўсе праваахоўныя органы лісты з папярэджаньнем, што ўсім ім давядзецца адказваць, калі да ўлады прыйдуць дэмакраты.

Рэч у тым, што Леванеўскі — выразны халерык, зь яго папросту мкне энэргія. Ён ніколі на людзях не злуе, не абураецца, стараючыся, наадварот, пасьміхацца. Гэта, як кажуць, шчасьлівы ў шлюбе чалавек. У яго шматдзетная сям’я, жонка таксама займаецца актыўнай грамадзкай дзейнасьцю. За кратамі Леванеўскі ўпершыню ў жыцьці пачаў пісаць вершы, прысьвячаючы іх жонцы. Ён выпускае адразу некалькі бюлетэняў — такіх, як “Предприниматель”. Праводзіць збор сродкаў і раздае рэчы і слодычы дзецям зь незаможных сем’яў.

Леванеўскі хацеў балятавацца ў палату прадстаўнікоў 15 кастрычніка летась. Але ўлады не дапусьцілі яго да выбарчай кампаніі. Ён выконвае сёньня вельмі патрэбную функцыю — кіруе, наколькі гэта ўдаецца, прадпрымальніцкім рухам. А гэта не ўдавалася нават усім партыям, разам узятым. Праўда, Леванеўскага выключылі з АГП. Зноў-такі за раскольніцкую дзейнасьць у дэмсілах на мясцовым узроўні.

Сапраўды адмоўную ролю Леванеўскі мог бы выканаць, бадай, толькі ў адным выпадку. У Горадні добра вядомыя “прэзыдэнцкія” амбіцыі Леванеўскага. Каб ён здолеў сабраць патрэбную колькасьць галасоў для рэгістрацыі ў якасьці кандыдата, гэтым бы, напэўна, зрабіў рэальную шкоду. Па-першае, ён пераацэньвае ўласныя сілы і магчымасьці. Ды самае галоўнае ня гэта. Прадпрымальнікі аб’ектыўна зацікаўленыя ў зьмене ўлады, у дэмакратычным прэзыдэнце. Але гэта зусім ня значыць, што яны павінны вылучаць кандыдата з уласных шэрагаў. Нават наадварот, створаны ім уладай імідж “жульля” робіць іхнага вылучэнца адназначна непрахадным. Такі кандыдат быў бы зручны толькі ўладам, зь якімі сёньня Леванеўскі змагаецца. А ўвогуле пытаньне ў тым, за каго захочуць галасаваць самі прадпрымальнікі. Я асабіста перакананы наперад: ва ўсякім разе — не за Леванеўскага.

Сяргей Краўцоў


Каментары

Цяпер чытаюць

Паветраную прастору Польшчы парушылі шматлікія беспілотнікі. Закрываліся аэрадромы, дроны збівала авіяцыя НАТА30

Паветраную прастору Польшчы парушылі шматлікія беспілотнікі. Закрываліся аэрадромы, дроны збівала авіяцыя НАТА

Усе навіны →
Усе навіны

Беларуская чыгунка прадае вагоны, якімі раней абслугоўваліся маршруты ў Еўропу1

Да чаго прывядзе поўнае закрыццё мяжы з Польшчай19

У Непале жонку аднаго экс-прэм'ера пабілі разам з мужам, а жонку другога спалілі жыўцом10

Кампаніі, якія арганізуюць паездкі ў Польшчу, адмяняюць рэйсы3

Венгрыю ўсё ж прымусілі адмаўляцца ад расійскага газу2

Стала вядома імя беларускага дыпламата ў Чэхіі, які мог мець дачыненне да шпіёнскай сеткі1

Больш за 10 выбухаў прагрымелі ў сталіцы Катара. Гэта вынік ракетных удараў Ізраіля8

Кірыл Руды расказаў, чым беларускія айцішнікі адрозніваюцца ад індыйскіх10

Літва ўзмоцніць ахову мяжы з Беларуссю і Расіяй на час вучэнняў8

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Паветраную прастору Польшчы парушылі шматлікія беспілотнікі. Закрываліся аэрадромы, дроны збівала авіяцыя НАТА30

Паветраную прастору Польшчы парушылі шматлікія беспілотнікі. Закрываліся аэрадромы, дроны збівала авіяцыя НАТА

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць