Архіў

Беларуская ленініяна

№ 8 (270), 22 лютага 2002 г.


Беларуская ленініяна

Вобраз Леніна зьявіўся ў беларускім мастацтве яшчэ пры жыцьці пралетарскага правадыра. Піянэрам у беларускай ленініяне стаў скульптар Аляксандар Грубэ, які ў 1922 г. стварыў кампазыцыю “Ленін на трыбуне”. У графіцы пачынальнікамі культу сталі Павал Гуткоўскі, Ахола Вала, Анатоль Тычына, Ібрагім Гэмбіцкі. У жывапісе першы партрэт Леніна напісаў у 1926 г. Валянцін Волкаў, будучы аўтар гербу БССР. Леніна малявалі, ляпілі, ткалі, выціналі, выразалі з дрэва, выкладалі з саломкі. Над вобразам Леніна працавалі розныя мастакі, у тым ліку й самыя таленавітыя. У выніку мы маем калясальны пласт беларускага мастацтва.

У 1991-м адбылася ідэалягічная пераацэнка вобразу Леніна. Праўда, у нас у Беларусі вуліц асабліва не пераназывалі, а помнікаў не чапалі наагул. Мінулыя 10 гадоў аддалілі нас ад таго пачуцьця адплаты і вызваленьня, зь якім народы нашае часткі сьвету скідалі з пастамэнтаў стоды Ільліча. І цяпер гэты вобраз многімі ўспрымаецца амаль нэўтральна. Вобраз і вобраз. Зьявілася магчымасьць для пераацэнкі ўжо не ідэалягічнай, а эстэтычнай. Як ставіцца да добрых, хоць бы ў кампазыцыйным ці жывапісным сэнсе, твораў славутых мастакоў? Якое месца ў гісторыі беларускага мастацтва займае вобраз Леніна? Ці патрэбная пераацэнка? З гэтым пытаньнем мы зьвярнуліся да мастакоў і мастацтвазнаўцаў.

Час зрабіць інвэнтарызацыю

Васіль Шаранговіч, мастак-графік, пэдагог, прафэсар, былы рэктар Акадэміі мастацтваў

Праца над вобразам Леніна — нязначны ў маёй творчасьці адрэзак. У асноўным я працаваў з купалаўскай тэмай і тэмай Беларусі. Але да стагодзьдзя Леніна выдавецтва выпускала кнігу, замовіла мне. Я і зрабіў тую кнігу. Я лічу, як і тады лічыў, што гэта — эпізод. Але я стараўся зрабіць усё, што магу як мастак. У савецкія часы нямала мастакоў працавалі над вобразам Леніна. Я не кажу пра тых, хто выконваў на нашым мастацкім камбінаце элемэнтарныя работы, якія зваліся “60 на 80”, партрэты для кабінэтаў. Кнігу Маякоўскага “Ленін” я аформіў. Праўда, там я рабіў упор на народ, на людзей, на рэвалюцыйную масу. Там у мяне ёсьць вобраз Леніна, самы папулярны ў савецкай графіцы на той час, — буйная галава, падпёртая рукою. Але можна назваць багата іншых мастакоў, якія напісалі цэлы шэраг карцінаў. Сярод іх былі й вельмі нядрэнныя. У сэнсе жывапіснага рашэньня я б вылучыў Касмачова, ягоны трыпціх. Трыпціх Касмачова — найлепшае, што было створана на гэтую тэму ў беларускім мастацтве. Вядома, мы ўсе, хто працаваў над вобразам Леніна, калі б мы ведалі тады тыя дакумэнты, тую гісторыю, калі б мы бачылі фільм Сакурава, дык напэўна мы б па-іншаму на ўсё глядзелі. Але гэта ўжо засталося ў гісторыі, так яно ёсьць. Творы пра Леніна мусяць ацэньвацца: ці гэта мастацкі твор, ці гэта чыста ідэалягічны заказ. Насьпеў час зрабіць інвэнтарызацыю таго, што створана. Неяк інэртна да гэтага ставяцца нашыя мастацтвазанаўцы. А нам, мастакам, якія працавалі над гэтай тэмаю, было б цікава азірнуцца.

Аморфная маса

Міхал Баразна, прарэктар Акадэміі мастацтваў, мастацтвазнаўца, мастак

Аніякага месца ў гісторыі мастацтва вобраз Леніна не займае. Ну, быў такі вобраз, малявалі яго. Прайшоў дзясятак гадоў, і пра тое месца мала хто згадвае. Значыць, такое яно й было. У мастацтве вобразы робяцца трывіяльнымі праз шырокае тыражаваньне. Калі іх актыўна не тыражаваць, яны больш актыўна ўзьдзейнічаюць. Таму ідэалёгія сама сябе перахітрыла. Пры поўнай трывіяльнасьці вобразу Леніна ён не ўспрымаецца як нешта актыўнае. З гэтай масы вылучыць нешта актыўнае, цікавае немагчыма. Гэта аморфная вялікая маса. Як коміксы ў кіёску, якія ўжо ня хочацца глядзець. Што застаецца? Застаецца іх захоўваць. Немагчыма быць у дэмакратыі таксама дыктатарам. Не зьнішчаць жа гэта.

Мёртвы вобраз

Міхал Анемпадыстаў, мастак, паэт

Вобраз Леніна пазбаўлены жывасьці, кананізаваны. Няма вось гэтых прышчыкаў, болечак, дэталек... Я ня бачыў цікавага ўвасабленьня гэтага вобразу.

Хай паляжаць яшчэ

Яўген Шунейка, мастацтвазнаўца

Гэта праблема ўчарашняга дня. Яна нецікавая. Нам цяпер трэба вырашаць іншыя праблемы ў мастацтве. А ленініяна — праблема, якая мусіць адляжацца ў архівах. Праз сто гадоў для навукі гэта будзе нейкі пласт... Гэтыя работы давалі не кар’еру, а заробак. Колькі ў нас скульптары нарабілі Ленінаў? Сотні тысячаў. Але ніхто з тым ня зьвязвае нейкіх вынікаў.

Цяпер стаўленьне да Ленініяны асьцярожна-чакальнае. Хоць самі творы па-ранейшаму займаюць свае месцы на вуліцах і плошчах нашых гарадоў. Ленін, пераўвасоблены ў творы мастацтва, сёньня становіцца гісторыяй, якая ўжо не закранае вас асабіста і вашых пачуцьцяў. Напэўна, такое адстароненае стаўленьне пакрысе зусім запануе ў грамадзтве, і актуальнасьць зносу Ільлічоў з плошчаў паступова зьнікне. Ужо сёньня тэма вызваленьня ад пастамэнтаў правадыра займае ня першае месца сярод актуаліяў дня. Зь іншага боку, пакуль стаяць у нас тыя каменныя камандоры, нішто іншае ня пнецца задавальняць усё яшчэ актуальную патрэбу кумірызму ў паспалітай душы.

Сяргей Паўлоўскі

 


Каментары

Цяпер чытаюць

Трамп: Расія мае толькі 10 дзён, каб спыніць вайну супраць Украіны. Яны пачынаюцца сёння17

Трамп: Расія мае толькі 10 дзён, каб спыніць вайну супраць Украіны. Яны пачынаюцца сёння

Усе навіны →
Усе навіны

Ратавальнікі цэлы вечар шукалі рыбака-тапельца ў Мядзельскім раёне. На наступны дзень ён вярнуўся па лодку

У элітным квартале ў цэнтры Мінска прапанавалі яшчэ партыю кватэр. Цана квадрата ўражвае5

Паспяховы шэф-кухар з Індыі адкрыў рэстаран на Камароўцы1

Мінабароны прызнала падзенне беспілотніка на Мінск9

Мінская дызайнерка: Размаўляць па-беларуску, не спытаўшы суразмоўцу, ці зручна яму, — свінства88

У Амурскай вобласці Расіі дзяўчына выпадкова выкінула $75 тысяч. Увішныя суседзі знайшлі на сметніку: частку прапілі, на рэшту купілі дом1

На вуліцы Матусевіча ў Мінску побач з дзіцячым садком упаў беспілотнік38

Камандарм Літвы: Можа быць і так, што ніякі аб'ект у Літву з Беларусі і не залятаў4

У ахоўніка Пуціна заўважылі ў руках невядомую прыладу. Эксперты вызначылі яго як дрон-перахопнік4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Трамп: Расія мае толькі 10 дзён, каб спыніць вайну супраць Украіны. Яны пачынаюцца сёння17

Трамп: Расія мае толькі 10 дзён, каб спыніць вайну супраць Украіны. Яны пачынаюцца сёння

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць