Архіў

Алесь Разанаў. Рэчы

№ 9 (271), 1 сакавіка 2002 г.


Алесь Разанаў

Рэчы

І

Раскопваюць гарадзішча.

Выкопваюць рэчы.

Вось рэч-рука,

вось рэч-нага,

вось рэч-моц,

вось рэч-улада…

Рэчы — апошняе цела людзей,

якое жыве найдаўжэй.

 

За рэчы трымаюся,

аб рэчы абапіраюся,

атрымліваю ў спадчыну рэчы…

Рэчамі мераецца мой час,

акрэсьліваецца мая прастора,

бязь іх я губляюся,

бязь іх я зьнікаю,

бязь іх я нічога ня значу сам.

 

На торжышчы,

дзе ўсё набываецца і прадаецца,

пытаюся ў рэчаў, як іх завуць.

Яны называюць мае імёны.

ІІ

У крамных вітрынах

павыстаўляныя рэчы —

мо для сустрэчы,

а можа, для разьвітаньня.

 

Нібы ля сваіх дарагіх нябожчыкаў,

мы спыняемся каля іх,

аглядаем іх,

убіраем іх у душу і ў памяць.

І адчуваем, хвалюючыся,

што зь імі нас зьвязвае

таемнае падабенства,

бы некалі, напачатку,

калі Бог тварыў сьвет,

мы былі гэтаксама рэчамі

і будзем некалі зноў.

 

Усё, чым багаты мы, — гэта рэчы,

і ўсё, перад чым мы выяўляемся багамі, —

яны.

 

Мы адыходзім далей.

Але застаюцца ў вітрынах рэчы,

а ў рэчах — мы.

ІІІ

Зьнікаюць знаёмыя рэчы.

Я зь імі звыкся, і мне іх шкада.

 

Шукаю — аднак у прасторы няма іх,

а ў часе, бы ён пастарэў,

паўтвараліся зьвіліны

і, напэўна, схавалі іх.

 

Рэчы — уцялесьненае маё,

але як загадаць мне, каб зьвіліны зьніклі,

а рэчы, якія зьніклі, знайшліся зноў?!..

ІV

У гэтым горадзе Ян незнаёмец:

ніхто не бярэ яго на работу

і ня мае ніякай патрэбы ў ім.

Доўжацца дні, не прыносячы зьменаў,

і тады Ян становіцца на ўзвышэньне

і прыкідваецца, што ён — рэч.

 

І гэтая рэч пачынае ў марудных рухах

пераступаць з нагі на нагу,

паварочваць галаву,

падымаць то адну, то другую руку,

нахіляцца,

абмацваць твар,

і ўсе, хто ні ёсьць на пляцы,

зьдзіўляюцца ёй, захапляюцца,

пляскаюць ёй у ладкі,

заахвочваючы, каб паказала,

на што яна здатна яшчэ, і ў аддзяку

кладуць у пакладзеную побач шапку

хто марку, хто дзьве.

V

У спадзяваньнях, блуканьнях, стратах

мінае наш час

і, мінаючы, здабывае з нас,

бы з руды, адказ.

 

Яшчэ мы ня зьдзейсьненыя,

і зьмены трывожаць наш розум:

мы нават ня ведаем,

што нам належыць думаць

і што — жадаць.

 

Мы — спроба,

і знакі, якія накрэсьліваем, сьціраем.

 

І Бог, пакідаючы нас,

нам укладае ў рукі прыладу,

якою парадкуецца рэчаіснасьць, —

рэч.

Палічаны нашы патрэбы,

магчымасьці зьмераны,

і чалавек чалавеку ня брат і ня вораг,

а — рэч.

 

Нібы засыхае карэньне

ці высыхае студня,

мы гінем, паволі і незаўважна,

у месца, пазначанае на паверхні,

і сьвет, скарыстаны і зьведаны,

не знаходзіць слова для нас.

 

Самотнымі доўгімі вечарамі

Ян думае пра Айчыну

і песьціць у сэрцы малітву:

“Прыйдзі і ўсталюй сваё валадарства

і выбаві нас з абдымкаў нашых

набыткаў, нябыт!..”

VІІ

На сьвяты ці так, з нагоды,

дорым адно аднаму

падарункі — рэчы.

 

Страцілі нашы думкі даўно ўжо сілу,

а словы — вагу, і рэчы — самае большае,

што мы можам даваць і браць.

Мы ў рэчах вычэрпваемся, і калі,

быццам сьціраемся, мы зьнікаем,

на сьвеце яшчэ нейкі час застаюцца

нам прыналежныя некалі рэчы —

як напамінак пра нешта, чаго няма.

VІІІ

Зь бязьлюднага храму

ўваходзім у людную краму.

Так і павінна быць:

люднаю крама, а храм бязьлюдным?!..

Нам цяжка, амаль немагчыма даўмецца,

чаму нас пакінуў і не бярэ сабе нанова Бог:

магчыма, мы надта належым сабе,

і Бог для нас нехта ці нешта,

як рэч ці асоба, — але ніякі,

нат самы разумны, адказ,

які вынаходзіцца намі,

ня ў стане ўкласьціся ў паварот.

Калі-нікалі нас наведвае адчуваньне,

што мы на парозе:

хвіліна — і абвесьціцца перамога,

дзе пераможцаў няма,

але мы ступаем далей —

і нас разьбіраюць рупна

знаёмыя нам заняткі,

і рэчы, адна за адною,

купляюць нас.

ІХ

Калі прыяжджаем у знаны,

ці нават ня дужа, горад, ходзім па вуліцах

і фатаграфуем, на што ўпадзе зірк:

будынкі, пазначаныя падзеяй,

помнікі ў гонар кагосьці альбо чагосьці,

відовішчы, краявіды, — і просім

другіх, каб тыя сфатаграфавалі

таксама нас. Потым, калі разглядаем

і раскладаем здымкі і тое, што нам

не належыць, трымаем, нібы сваю

ўласнасьць, напроці сябе ў руках,

мы кажам прысутным:

гэта — райхстаг,

гэта — кірха з дванаццатага стагодзьдзя,

гэта выстава модаў,

а гэта я, —

і на момант у гэты момант

зьнікаем у разуменьні,

што мы яшчэ нават ня рэч,

мы — прадрэч,

мы — пярэдадзень рэчы,

і толькі калі выпадаем зь яго,

пагаджаюцца рэчы

нас ураўняць з сабою ў правах.

Х

Быццам ім хоча скласьціся песьня,

Ян пакідае ў мінулым рэчы, а сам

падаецца туды, куды яго вабіць

дзівосны, бязгучны яшчэ, матыў.

 

Ён штосьці шукае, але, калі пытаюцца —

што, адказаць ня можа: тое, чаго ён

шукае, напэўна, нельга ні ведаць, ні мець.

 

Стаіць сярэдзіна лета. Жанчыны

бяруць у вусны сьпелыя вішні.

Селяцца ў блізкіх палетках сны.

 

“Калі я сустрэну тое,

што мусіць са мной сустрэцца,

яно распазнае мяне адразу”, — думае Ян.

І залевы ў ім любяць смагу,

а людзі — нябыт.

 


Каментары

Трамп узяў два тыдні, каб вызначыцца адносна Ірана15

Трамп узяў два тыдні, каб вызначыцца адносна Ірана

Усе навіны →
Усе навіны

У Беларусі прапануюць забараніць пераходзіць чыгуначныя рэйкі ў навушніках1

Студэнта з Кот д'Івуара публічна судзілі ва ўніверсітэце ў Гродне, яго вышлюць з краіны2

Дураў расказаў, што думае пра Маска, Цукерберга і Альтмана2

Шматдзетную маці, якая працавала ў банку і вяла блог, пасадзілі ў калонію і назвалі тэрарысткай6

Пуцін назваў расійскую атаку на дзевяціпавярховік у Кіеве, падчас якой загінулі 23 чалавекі, ударам па ваенным заводзе1

У Аргенціне выкрылі разведгрупу з Расіі1

Канапацкая прызналася, што гэта яна арганізавала візіт Келага ў Беларусь23

Беларусы, якія хочуць украінскі пашпарт, але не могуць адмовіцца ад грамадзянства Беларусі афіцыйна, змогуць зрабіць гэта дэкларатыўна2

Алексіевіч: Ціханоўская сімпатычная, шмат зрабіла, Латушка і Вячорка разумныя. Але няма адчування трываласці апазіцыі38

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Трамп узяў два тыдні, каб вызначыцца адносна Ірана15

Трамп узяў два тыдні, каб вызначыцца адносна Ірана

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць