Архіў

Калі б не прыйшоў я?

№ 35 (297), 20 верасьня 2002 г.

Калі б не прыйшоў я?

Жаданьне захаваць сябе штурхнула беларускую ўладу на нацыянальныя пазыцыі. Збалянсаваная за восем гадоў сыстэма падзелу на “нашых” і “немцаў” раптам абрынулася: у дэмакратычным лягеры гучаць галасы ў падтрымку незалежніка Лукашэнкі, апазыцыйныя палітыкі хочуць саюзу з Расеяй. Лукашэнка — геній моманту. Але ці ўсур’ёз і ці надоўга прыйшоў гэты момант? Ці можна верыць у патрыятычныя памкненьні ўлады, якая шматкроць засьведчыла сваю антыбеларускасьць? Героі гэтага матэрыялу ня раз пыталіся пра гэта ў сябе. Яны — інтэлігенты-незалежнікі, што за апошнія месяцы перайшлі на працу ў дзяржаўныя мас-мэдыя.

 

Леанід Галубовіч

Самы цікавы прыклад — Леанід Галубовіч. Колькі месяцаў таму ён гучна сышоў з “Крыніцы”, пратэстуючы супраць утварэньня холдынгу. А нядаўна падаўся працаваць у “ЛіМ”, які ўваходзіць у той самы холдынг.

Л.Галубовіч мяркуе, што ягоны сыход з “Крыніцы” ня быў дарэмным: “Сысьці адтуль я зьбіраўся даўно: творчаму чалавеку нельга доўга працаваць на адным месцы, атрымліваецца застой”. А прыход у “ЛіМ” ён тлумачыць неабходнасьцю працаваць на карысьць Бацькаўшчыны ва ўсякіх умовах: “У мяне быў час падумаць — цэлыя тры месяцы. Вядома, мяне можна вінаваціць у штрэйкбрэхерстве. Маўляў, ці варта было так шумець, сыходзячы, рабіць такія заявы... Але не прыйшоў бы я ў “ЛіМ” — прыйшоў бы які Іван бязродны. Хіба гэта было б лепш? Трэба захаваць Беларусь. Вось жа і пад камуністамі яна неяк існавала, хоць яны і ціснулі ўсяляк. Яна была тады, і таму мы і сёньня маем краіну”.

Ці апошнія скандалы ў беларуска-расейскіх дачыненьнях паўплывалі на выбар Л.Галубовіча? Ён кажа, што ўплыў быў, але не вырашальны: “Я заўжды вельмі высока ацэньваў Лукашэнку. Я сышоў з тэлевізіі, калі ён прыйшоў да ўлады. Бо быў супраць ягоных нападак на нашыя сымбалі, на мову, на ўсё нацыянальнае. Але пасьля, як не атрымаўся ў яго “бліцкрыг” з паходам на крамлёўскае крэсла, Лукашэнка заняў вельмі незалежніцкую позу. Не скажу, што беларускую, але — незалежніцкую. І як бы там ні было, ён бароніць нашую краіну, нашую незалежнасьць. Ён вельмі самастойна паводзіцца ў размовах з Масквой. Ні Шушкевіч, ні Кебіч, ні нават Машэраў такога сабе не дазвалялі”.

Віктар Корбут

Падобнымі палітычнымі матывамі тлумачыць свой прыход у “Советскую Белоруссию” і былы супрацоўнік радыё “Рацыя” Віктар Корбут: “У нас ёсьць беларуская дзяржава. І ўсе мы мусім працаваць на яе ўмацаваньне, на тое, каб яна і звонку, і ўнутры была беларускай.

Я спрабую выкласьці такі кантэкст беларускай культуры, які ніхто ў “Советской Белоруссии” не выкладаў. Бо гэтая газэта мае наклад 300 тыс. асобнікаў і разыходзіцца па ўсёй Беларусі. У беларускай дзяржаве ўсё беларускае мусіць успрымацца нармальна. І я бачу сваім заданьнем зрабіць беларускую культуру нармальнай, звычайнай у вачох усіх грамадзянаў нашай краіны”.

Людміла Рублеўская

Людміла Рублеўская на сталую працу ў “Советскую Белоруссию” не перайшла, хоць прапаноўвалі. Асноўнай прычынай зьяўленьня ейных артыкулаў у “СБ” было безграшоўе: “Амаль паўгоду нам не плацілі заробкаў, і я вырашыла паўдзельнічаць у сумесным праекце “Советской Белоруссии” і “Российской газеты”. Напісала агляд сучаснай беларускай літаратуры, і ён быў апублікаваны. Пасьля гэтага мне прапанавалі весьці рубрыку. Я не працую ні на стаўку, ні на кантракце — атрымліваю звычайныя ганарары”.

Л.Рублеўская лічыць сваё супрацоўніцтва з “Советской Белоруссией” карысным для беларускай літаратуры: “Прапаганда літаратуры павінна весьціся ў вялікіх маштабах. Так мы варымся ва ўласным саку, а “Советскую Белоруссию” чытаюць 500 тыс. беларусаў. І далёка ня ўсе зь іх беларусафобы. Шырокі чытач мала ведае пра беларускую літаратуру і беларушчыну. І я бачу сваёй задачай увесьці ў кантэкст “Советской Белоруссии” беларушчыну. Бо трэба пераадольваць нашае традыцыйнае сэктанцтва”.

Мяжа сумленьня

Прыход у новае асяродзьдзе вымагае ад герояў нашага расказу патлумачыць сваю пазыцыю ня толькі сабе, але і блізкім, а нават і чужым. Л.Рублеўская ўсьведамляе хісткасьць сваёй пазыцыі: “Кожны сам вырашае, дзе знаходзіцца тая мяжа сумленьня, якую нельга пераступаць. Я адчуваю, што знаходжуся блізка каля тае мяжы, але, відаць, яшчэ не пераступіла… Пакуль не прыйшла сюды, я нават не чытала “Советскую Белоруссию”. Але цяпер магу сказаць, што тут вельмі высокі ўзровень журналістыкі. Нават з цэнзурай я тут пакуль не сутыкалася: усё, што напісала, было надрукавана. У першым аглядзе я згадала Славаміра Адамовіча — і гэта не было выкрасьлена. Трэба знайсьці сваю нішу і сумленна рабіць сваю справу. Я не раблю нешта адрознае ад таго, чым займалася раней, — проста ў мяне зьмянілася аўдыторыя”.

Больш спакойна глядзіць у вочы блізкім В.Корбут: “Усе мае сябры ўспрынялі мой выбар станоўча альбо спакойна. Меркаваньні ж далёкіх знаёмых, а тым больш непрыяцеляў мяне не закранаюць. Я ведаю, што галоўнае — заставацца сумленным чалавекам і ня здраджваць самому сабе і сваім прынцыпам. У рэдакцыі я размаўляю па-беларуску — усе гэта ўспрымаюць нармалёва. Я не лічу, што працую ў адыёзнай газэце. Адыёзнасьць — у якім-небудзь “Славянском набате” альбо “Навінках”. А “Советская Белоруссия” — салідная газэта, якая трымае прыстойны ўзровень”.

Л.Галубовічу было прасьцей за Л.Рублеўскую і В.Корбута: ён прыйшоў у “ЛіМ” — пісьменьніцкую газэту. Аднак наўрад ці ён будзе пачуваць сябе ўтульна — вось ужо яго вымусілі падпісацца пад зьвягой на адрас Васіля Быкава. Але здавацца Л.Галубовіч не зьбіраецца: “Буду пісаць як магу — глядзіш, і праб’ю гэты мур”. Мур прабіць можна. Але ці можна прабіць бруд?

Аркадзь Шанскі


Каментары

Цяпер чытаюць

Легендарная журналістка Любоў Лунёва расказала пра Віктара Лукашэнку і аднакурснікаў, стварэнне «Вясны» і палітычны бамонд

Легендарная журналістка Любоў Лунёва расказала пра Віктара Лукашэнку і аднакурснікаў, стварэнне «Вясны» і палітычны бамонд

Усе навіны →
Усе навіны

Прадпрымальніка з Мінска адправілі ў калонію па чатырох палітычных артыкулах

Бойфрэнд Арыны Сабаленкі стаў саўладальнікам французскага футбольнага клуба2

Шасцігадовы сын галкіпера «Баварыі» памёр пасля працяглай хваробы

Палітвязень расказаў, як звычайныя крымінальнікі аб’явілі галадоўку, каб палепшыць умовы ўтрымання палітычных5

Дадаў цыянід у пратэінавы напой. Стаматолаг атруціў жонку, а затым спрабаваў забіць следчага3

Масіраваная атака БПЛА на Расію: пажары на нафтазаводах, радыёзаводзе і выбухі каля вайсковага аэрадрома6

Расіяне выбралі, які помнік будзе пастаўлены ў Гомелі31

Штучны інтэлект можа прывесці да вымірання чалавецтва, папярэджваюць эксперты14

Папулярны блогер Пан Усялян другі раз стаў татам14

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Легендарная журналістка Любоў Лунёва расказала пра Віктара Лукашэнку і аднакурснікаў, стварэнне «Вясны» і палітычны бамонд

Легендарная журналістка Любоў Лунёва расказала пра Віктара Лукашэнку і аднакурснікаў, стварэнне «Вясны» і палітычны бамонд

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць