Архіў

Зьезд пісьменьнікаў

№ 35 (297), 20 верасьня 2002 г.

Зьезд пісьменьнікаў

24 верасьня ў Доме літаратара мае адбыцца зьезд Саюзу пісьменьнікаў. Зьезд, арганізаваны альтэрнатыўным аргкамітэтам на чале з Гніламёдавым, Мятліцкім, Праўдзіным, ня выключана, можа сабрацца ўжо 19-га. Месцам ягонага правядзеньня называюць Купалаўскі тэатар. Кандыдат ад “дэмакратаў” — Алесь Пашкевіч, ад “дзяржаўнікаў” — Анатоль Бутэвіч. На пасаду прэтэндуе таксама галоўны рэдактар часопісу “Полымя” Мікола Мятліцкі. Ня выключана, што на самім зьезьдзе могуць узьнікнуць і іншыя кандыдатуры. “НН” дае слова кандыдатам.

 

Алесь Пашкевіч: “Ня бачу падставаў баяцца”

“НН”: Колькі ўсё ж будзе зьездаў Саюзу пісьменьнікаў — два розныя ці адзін агульны?

Алесь Пашкевіч: Сёньня ўсе, у тым ліку і Рада Саюзу, кажуць адназначна: зьезд будзе адзін. У адзін дзень, у адзін час, у адным месцы — у Доме літаратара. А каб не было драбленьня на “нашых” і “вашых”, я прапанаваў нават прыняць на паседжаньні камісіі пастанову: забараніць сябрам Саюзу пісьменьнікаў ужываць словазлучэньні “раскол Саюзу” ці “развал Саюзу”.

“НН”: Ніл Гілевіч у “Народнай волі” напісаў, што такой бяды ад гэтага расколу. Хай бы сабе было некалькі пісьменьніцкіх арганізацыяў, абы творы добрыя пісаліся.

А.П.: Паводле статуту, ствараць аб’яднаньні дазволена і ў межах Саюзу (так, ёсьць суполка марыністаў). Саюз павінен застацца адзін. Не такая багатая Беларусь, каб у ёй былі дзьве гэткія арганізацыі. У сёньняшніх эканамічных умовах паасобку жыць будзе цяжэй.

“НН”: Але ж супрацьстаяньне паміж дэмакратычна і праўладна настроенымі творцамі ў пісьменьніцкай арганізацыі апошнім часам абвастрылася.

А.П.: У Саюзе пісьменьнікаў сабраліся людзі розных перакананьняў. Аднак у нас ёсьць магчымасьць згрупавацца паводле не палітычных ці ідэйных, а — мастацкіх перакананьняў. Бо Саюз пісьменьнікаў — творчая арганізацыя.

“НН”: Ці не імкнуцца ўлады раскалоць СП, як гэта зрабілі з Саюзам мастакоў, Саюзам тэатральных дзеячаў?

А.П.: Наадварот, падчас працы камісіі сябрам Рады была даведзеная думка ўладаў, што Саюз павінен быць адзін. Тэлефанаваньні, якія даходзілі ад кіраўніцтва, былі ў гэтым аднадушнымі.

Паралеляў з 30-мі гадамі тут быць ня можа. Тады гвалтам было спыненае існаваньне іншых літаратурных аб’яднаньняў і створаны адзін Саюз. Сёньня можна засноўваць самастойна творчыя аб’яднаньні. І яны ёсьць — Таварыства вольных літаратараў, напрыклад. Таму пакуль я ня бачу падставаў баяцца ціску з боку ўладаў.

“НН”: На зьезьдзе мусіць быць абраны новы старшыня Саюзу. Чые кандыдатуры абмяркоўваюцца?

А.П.: Наконт канкрэтных пэрсаналіяў у камісіі пакуль гаворкі не было. Цяпер вядуцца перамовы зь людзьмі, якія будуць выступаць на зьезьдзе. Камісія распрацоўвае ўсе неабходныя дакумэнты і выносіць іх на Раду, заплянаваную на 23 верасьня. Гэтае паседжаньне будзе своеасаблівым міні-зьездам: там шмат што будзе вырашацца…

“НН”: Ці праўда, што кандыдатам ад дэмакратычнага крыла пісьменьніцкай арганізацыі будзе Алесь Пашкевіч?

А.П.: Я на сябе адказнасьці за гэтыя чуткі не вазьму. Я раблю чарнавую працу па падрыхтоўцы зьезду. Дзеяздольным зрабіць Саюз пісьменьнікаў можа толькі каманда людзей, якія будуць апантана працаваць на карысьць арганізацыі, а не адзін старшыня.

“НН”: Ці не зарана 30-гадоваму пісьменьніку ўзначальваць Саюз?

А.П.: Перакананы, што ў Рады СБП хопіць разважнасьці ў гэтым разабрацца.

“НН”: А хто мог бы ўвайсьці ў каманду?

А.П.: Я не ўпаўнаважаны называць пэрсаналіі, бо яшчэ толькі пачалася работа зь людзьмі — вядуцца гаворкі, агітацыя... На маю асабістую думку, такой камандай мусіць стаць пакаленьне трыццаці- саракагадовых творцаў, якія прыслухоўваюцца да думкі літаратурных аксакалаў.

“НН”: Якіх рысаў не стае Саюзу пісьменьнікаў як арганізацыі? Чаму ён пачаў развальвацца?

А.П.: Варта казаць не пра развал, а пра застой. Пакуль што Саюз — адна арганізацыя… І зьезд павінен даць адказ, што рабіць, каб надалей не рассыпацца. І каб быць карысным Беларусі, як ні патасна гэта гучыць. Няхай усё вырашыць мудрая большасьць.

“НН”: Хто будзе асноўным дакладчыкам?

А.П.: Пакуль яшчэ не з усімі кандыдатамі прайшлі перамовы. Мы дамаўляемся зь Янкам Брылём, Нілам Гілевічам, Уладзімерам Гніламёдавым, Генадзем Бураўкіным.

“НН”: Прыхільнікі аргкамітэту, нібыта, зьбіраюцца вылучыць сваю кандыдатуру на старшыню Саюзу — кампрамісную фігуру, якая задаволіла б большасьць. Ці ёсьць у дэмакратычных колаў свая тактыка на гэты выпадак?

А.П.: На тое яна і тактыка, каб пра яе да часу не казаць.

“НН”: У які бок павінен зьмяніцца СП?

А.П.: Здаецца, сама роля Саюзу ва ўсіх трошку перабольшаная. Створаны ў 30-х гадах ХХ ст., ён тады карыстаўся велізарным аўтарытэтам. Але жыцьцё зьмянілася. На сёньня роля і функцыя Саюзу беларускіх пісьменьнікаў мне бачыцца больш сьціплай — “прафсаюз”, які падтрымлівае і абараняе сваіх сяброў, прафэсійная арганізацыя, якая рэпрэзэнтуе нацыянальную літаратуру ў краіне і па-за яе межамі.

“НН”: Але прафсаюз ня мусіць прэтэндаваць на дзяржаўную падтрымку.

А.П.: “Прафсаюз” — у двукосьсі. Падтрымка культуры — дзяржаўная справа. На пачатку мінулага стагодзьдзя дзяржаву Беларусь стваралі менавіта літаратары: Вацлаў Ластоўскі, Антон Луцкевіч, Кастусь Езавітаў, Цішка Гартны… І сёньня літаратура й культура павінны заставацца дзяржаўнай справай.

Гутарыў Адам Воршыч

 

Анатоль Бутэвіч: Маладыя могуць нарабіць памылак

“НН”: Наколькі сур’ёзная пагроза расколу пісьменьніцкай арганізацыі?

А.Б.: Яшчэ перад мінулым зьездам ішла пагалоска пра хуткі раскол Саюзу. Цяпер тое ж гавораць. Я спадзяюся, што розум возьме верх і расколу не адбудзецца, бо ад яго няма ніякай карысьці. Чытачам патрэбная літаратура. А якім саюзам яна будзе стварацца — для чытача ня мае ніякага значэньня. Дый шум вакол зьезду — толькі ў самім пісьменьніцкім асяродзьдзі. А на грамадзкасьць гэта значнага ўплыву не аказвае.

Калі б сёньня аднавіць ранейшы статус Саюзу, можна было б вырашыць некалькі праблемаў. Першая — увага да пісьменьнікаў, якія часта апынаюцца сам-насам з сваімі бедамі і праблемамі. Другая — увага да спадчыны: літаратура ня з нас пачалася і ня намі скончыцца. Трэцяя — большая ўвага да моладзі.

“НН”: Якім мусіць быць новы старшыня Саюзу?

А.Б.: Арганізацыйна здольным і чулым да пісьменьніцкіх праблем. Каб выбрацца з крызысу, неабходна спакойная, удумлівая, цягавітая праца па ўсіх напрамках: матэрыяльных, арганізацыйных, аднаўленчых. І неабходна вярнуць сябрам Саюзу павагу да арганізацыі як такой.

У савецкі час Саюз пісьменьнікаў супрацоўнічаў зь Міністэрствам адукацыі, напрыклад, пры падрыхтоўцы падручнікаў, і карысьць ад гэтага была абодвум бакам.

“НН”: Але ў савецкі час гэта была амаль дзяржаўная арганізацыя, а сёньня — грамадзкая…

А.Б.: Падтрымка творчых саюзаў існавала ня толькі ў савецкай дзяржаве, яна і цяпер існуе ў розных краінах, зьмяніліся толькі формы гэтай падтрымкі. Каб Саюз меў сваю маёмасьць, шмат якія фінансавыя праблемы вырашаліся б прасьцей.

На сёньня мне здаецца рэальным выкананьне нейкіх праграм, як гэта робіцца за мяжой, — напрыклад, праграма падтрымкі таленавітай літаратурнай моладзі (дапамагчы ў выданьні кнігі) ці сэмінар перакладчыкаў беларускай літаратуры на іншыя мовы.

“НН”: Для пісьменьніка вельмі важна друкавацца. Стварэньне выдавецкага холдынгу “Літаратура і мастацтва” прывяло да таго, што частка пісьменьнікаў забрала адтуль свае творы, а частцы было проста забаронена друкавацца.

А.Б.: Не хачу быць судзьдзём — час рассудзіць усіх. Сёньня, як бы хто ні хацеў, рэальна ўвесьці забарону на друкаваньне таго ці іншага пісьменьніка немагчыма. Нават калі нехта ня здолее надрукавацца ў Беларусі (у што я ня веру), дык надрукуецца там, дзе прымуць ягоныя творы.

Цяжкасьці з друкам існуюць не ў адной Беларусі. Кніга заўжды была таварам, але сёньня яна стала таварам камэрцыйным. І трэба навучыцца існаваць у такіх умовах.

“НН”: Ці чулі, што Вашую кандыдатуру зьбіраюцца прапаноўваць на зьезьдзе на старшыню Саюзу пісьменьнікаў?

А.Б.: Вядома, чуў, я ж не глухі. Аднак выбар — прэрагатыва зьезду. Маю кандыдатуру прапаноўвалі на папярэднім зьезьдзе — я тады адмовіўся: лічыў, што патрэбна фігура больш грунтоўная, больш аўтарытэтная. Ну, а на сёньня мо больш адміністрацыйная фігура патрэбна. Неабходна разумнае паяднаньне досьведу і маладосьці. Я б не давяраў адназначна ні аднаму, ні другому. Толькі досьвед — значыць, мы пахаваем будучыню, толькі маладосьць — можна нарабіць памылак. Калі маладыя “паварацца” ўжо крыху ў гэтым, дык можна ім давяраць стырно.

“НН”: Ці ня сорамна Вам было працаваць ва ўрадных структурах пасьля “моўнага” рэфэрэндуму?

А.Б.: Працаваць на Беларускасьць ніколі і нікому не павінна быць сорамна. Хіба ж трэба было сысьці і не працаваць?

Размаўляў Аркадзь Шанскі


Каментары

Цяпер чытаюць

Дзмітрый з Альшан раскрытыкаваў бярозаўскую тушонку. У адказ яму многае патлумачылі6

Дзмітрый з Альшан раскрытыкаваў бярозаўскую тушонку. У адказ яму многае патлумачылі

Усе навіны →
Усе навіны

На Кацярыну Ваданосаву завялі крымінальную справу за рэабілітацыю нацызму — за фільм пра Кубэ38

«Часам кажу, што працую ў б'юці-сферы»: як беларуска грыміруе памерлых1

Вядомы беларускі топ-менеджар пахваліўся, што вывучыў французскую да ўзроўню В1 за чатыры месяцы4

Зяленскі: Украіна цяпер мае «карты», і ўсе гэта зразумелі4

Цапкала кажа, што абмеркаваў у ЗША крокі, калі праваляцца намаганні Трампа па вызваленні беларускіх палітвязняў4

У чэмпіянаце Беларусі будзе гуляць футбаліст зборнай Ямайкі, гэта самы дарагі гулец першынства краіны3

Улады Мінска адказалі, калі ў Чыжоўцы знікне смурод

ЗША знішчылі больш за дзясятак іранскіх вайсковых караблёў у Армузскім праліве, прызначаных для ўстаноўкі мін ВІДЭА2

Драма на фінішы: школьны настаўнік вырваў перамогу на марафоне ў ЗША за долю секунды ВІДЭА3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Дзмітрый з Альшан раскрытыкаваў бярозаўскую тушонку. У адказ яму многае патлумачылі6

Дзмітрый з Альшан раскрытыкаваў бярозаўскую тушонку. У адказ яму многае патлумачылі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць