Архіў

“Чалавеку патрэбнае прыгоства”

Уладзімер Шыманeц

Гутарка Сяргея Харэўскага з Івонкай Сурвіллай

Творчасьць мастакоў беларускай дыяспары ХХ ст. — вялікі пласт нашае культуры. Адных зь іх добра ведаюць у краінах, дзе яны працуюць, — напрыклад, дойліда Сьвеціка Каржанеўскага з Аўстраліі. Пра іншых ведама зусім невялікаму колу — як пра жывапісца Канстанціна Гэду, які жыў у Аргентыне.

Уладзімер Шыманeц
У Беларусі малавядомая і творчасьць Уладзімера Шыманца й ягонай дачкі Івонкі Сурвіллы, якая цяпер старшынюе ў Радзе Беларускае Народнае Рэспублікі. Скарыстаўшыся зь ейнага гасьцяваньня ў Вільні, я вырашыў пагутарыць з спадарыняй Сурвіллаю менавіта пра мастацтва.

С.Х.: Як склаўся Ваш асабісты лёс у мастацтве?

І.С.: З татам ня можна было іначай жыць, як мастацтвам. У Люўры я пабывала мо сто разоў. Пасьля пайшла вучыцца на мастацтва. Праз пэўны час мне здалося, што ад гэтага мастацтва будзе мне бяда. У Парыжы было мноства мастакоў, нешта пад 70 тысяч. І ўсе яны амаль спалі пад мастамі, працавалі вартаўнікамі на фабрыках, бо не маглі з мастацтва пражыць. Тамака не існавала такой сыстэмы, як у Савецкім Саюзе, — курсаў, апекі. І я падумала, што трэба мне знайсьці такую працу, каб зь яе зарабляць. Таму я перайшла ў Сарбону вучыцца моваў — скандынаўскіх і ангельскай з францускай. З гэтага я, фактычна, усё жыцьцё жыла. Але адначасна ўсё жыцьцё малявала. Брала ўдзел у трох дзясятках выставак. Чатыры зь іх былі індывідуальныя.

Па вайне ў Францыі, апроч Уладзімера Шыманца, працавалі таксама беларускія мастакі Віктар Жаўняровіч і Міхась Наўмовіч. У Парыжы тады панавалі кансэрватыўныя густы. Катастрафізм экспрэсіяністаў Мунка, Суціна, як і дэканструктывізм позьніх кубістаў Грыса, Ліпшыца, выйшаў з моды. Публіка зноў хацела бачыць мастацтва, блізкае да рэалізму.

С.Х.: Распавядзіце, калі ласка, пра тое, як Вас вучылі.

І.С.: Мастацтву я вучылася ў Парыжы, у Ecole supйrieure des beaux-arts. Там кожны студэнт быў прымацаваны да аднаго мэтра. Маім быў Жан Сувэрбі, сябар Акадэміі, нэаклясык. Ён выдатна разумеў сучаснае мастацтва: дагэтуль памятаю ягонае яснае, натуральнае тлумачэньне, чаму Пікаса маляваў каня з адным вокам збоку каля пысы. Разам з тым, ён паважаў клясыцызм — прапорцыі, прыгоства лініяў, кампазыцыю. Ён не прызнаваў пэйзажу. Для яго вартымі ўвагі былі толькі людзкое цела, партрэты, жанравыя кампазыцыі.

Івонка Сурвілла. Вільня зімою
Івонка Сурвілла. Вільня зімою
Разам з тым, Францыя яшчэ знаходзілася пад уплывам перадваеннага авангарду, у тым ліку мастакоў родам зь Беларусі, якія па вайне мелі сусьветную славу: Шагала, Ліпшыца, Суціна. Уладзімеру Шыманцу належыць тэрмін “парыская школа” ў дачыненьні да нашых землякоў даваеннае эміграцыі. Але ніхто на Захадзе не асацыяваў іх зь Беларусяй. Зрэшты, і ў самой Беларусі, за рэдкімі шчасьлівымі выключэньнямі, напрыклад Максіма Танка, іх ня ведалі.

С.Х.: Хаіма Суціна, напрыклад, да сёньня на Захадзе лічаць літоўцам. Як Вы ставіцеся да гэтага?

І.С.: Ён жа са Сьмілавічаў. Ён назваў сябе недзе літваком, як і ўсе жыды зь Беларусі называлі сябе літвакамі... І раптам кажуць мне літоўцы: гэта літоўскі мастак! Мяне, як некалі й майго тату, гэта моцна засмучае.

С.Х.: Скажыце, а што з заходняга мастацтва паўплывала на Вас і Вашую творчасьць найбольш?

І.С.: Перадрэнэсанс мне падабаецца больш, чым сам Рэнэсанс і час пасьля Рэнэсансу. Але што мне расплюшчыла вочы на мастацтва й колер — гэта імпрэсіянізм. Як я першы раз пабачыла імпрэсіяністаў, то пабегла дадому й пачала маляваць. Да такой ступені мяне захапіла гэта!

Усе сьцены ў мяне былі завешаныя Гагенам. І ў Клёда Манэ, і ў Эдуара Манэ, і ў Рэнуара, і ў постімпрэсіяністаў былі рэчы, што мяне захаплялі. “Натурморт зь сіняй вазай” Сэзана таксама вісеў у мяне на сьцяне. Таксама моцна захапляюся Пікаса. На схіле гадоў ён маляваў занадта неахайна, а вось ягоная графіка — гэта штосьці цудоўнае.

А цяпер вось была ў Даніі й захапілася творамі мастака з выспы Борнгальма Олюфа Геста. Ён маляваў пераважна пэйзажы. Ён меў фэрму і маляваў тую фэрму сотні разоў, часам трыма-чатырма колерамі. У кожным часе жыцьця можна раскрыць новыя захапленьні.

Чыстае й звонкае мастацтва папярэднікаў італьянскага Рэнэсансу й францускіх імпрэсіяністаў вельмі сьцьвярджальнае. Уплыў гэтага мастацтва адчуваецца ў творах Івонкі Сурвіллы, найперш у партрэтах яе сваякоў.

Івонка Сурвілла. Смутак
Івонка Сурвілла. Смутак
С.Х.: Аднаго разу Сальвадор Далі трапна сказаў: Францыя — краіна найлепшага густу, таму там усё атрымліваецца ружовенькім ці блакітненькім, а Гішпанія — краіна кепскага густу, таму там ёсьць вялікі жывапіс. Да 1965 г. Вы з мужам працавалі ў Мадрыдзе. Гэтыя гады супадаюць з пэрыядам вялікае моды на гішпанскае мастацтва ў сьвеце. Ці паўплывала яно на Вас?

І.С.: Вэляскес мне моцна імпануе. Ягоная “Інфанта” падабаецца надзвычай. Далі быў надзвычайным малявальшчыкам, але ягоны сюррэалізм бянтэжыць мяне сваёй мізантропіяй. Затое ягоныя абразы Хрыста, абразы жонкі ў позах Мадонны надзвычай прыгожыя. Цяпер я па-іншаму бачу й творчасьць Міро, якога тады неяк не заўважала.

Івонка Сурвілла ўважае, што мера таленту мастака, напрыклад Пікаса ці Далі, — гэта перадусім грунтоўнасьць ягонага малюнка. Графіцы самой мастачкі маглі б пазайздросьціць савецкія рэалісты. Напрыклад, графічным аркушам пачатку 90-х гадоў “Смутак”.

С.Х.: Ці маеце Вы свае ўласныя мастацкія прынцыпы?

І.С.: Цяперашняя канцэпцыя мастацтва мне чужая. Калі я хачу штосьці па-мастацку выказаць, то, хочучы ці ня хочучы, я раблю гэта спосабам, які мяне пераносіць у сьвет лепшы, у штосьці прыгожае. Я не малюю ваенных сцэнаў, унікаю трывожных колераў... Папросту не магу. Я малюю ідэалізаваны сьвет.

С.Х.: А хто зь беларускіх мастакоў паўплываў на Вашую творчасьць найбольш?

І.С.: Быў час, калі я чулася блізкаю да Алесі Пасьлядовіч. Як я пачала рабіць графіку, то нешта супольнае было. Наагул, беларускія графікі цудоўныя.

Уплыў графікі Алесі Пасьлядовіч 60—70-х адчуваецца ў танаваным афорце “Ішкальдзь”, у афорце “Белая вежа”. Парадаксальная сувязь пры адсутнасьці беспасярэдніх кантактаў.

С.Х.: Як Вы ацанілі б стан сучаснага беларускага мастацтва? Што Вам падабаецца ў ім?

І.С.: У кожнага мастака ёсьць рознае, праўда? У майго брата, напрыклад, захоўваецца адна карціна Батальёнка, якая мне надзвычай падабаецца. Не падабаюцца творы тых мастакоў, хто пачынае рабіць рэчы камэрцыйныя, дзеля прычынаў, што нічога ня маюць супольнага з мастацтвам. Такіх шмат, на жаль, цяперака.

Мастачка невыпадкова зьвярнула ўвагу на ўтрыманскі статус мастакоў за Саветамі. Большасьці зь іх давялося расплачвацца душою. Мастацкае жыцьцё ў сьвеце тым часам імкліва стварала новыя формы, сумежныя з тэатрам, літаратураю. Размывалася мяжа паміж мастацтвам і ягонымі штукарскімі імітацыямі.

С.Х.: Часта паўстае пытаньне пра далейшы лёс мастацтва. Якім Вы яго ўяўляеце?

І.С.: Выяўленчае мастацтва — патрэба людзкой душы. Яно ня мусіць быць ілюстрацыяй ідэі, што ня мае нічога супольнага з мастацтвам. Скажам, калі мастак павесіць чатыры лямпачкі ў розныя куткі залі й напіша вялікі тэкст між гэтымі лямпачкамі, што ён хоча гэта й гэта імі выказаць, — то, на маю думку, гэта не выяўленчае мастацтва. Гэта ідэя, да якой ён стараецца прыцягнуць увагу рознымі спосабамі. Эстэтычны сэнс — важны элемэнт мастацтва. У чалавека ёсьць патрэба ў прыгастве: і формаў, і колераў, і кампазыцыі.

Шчасьлівым чынам у Беларусь вяртаецца Шагал, але сотні творцаў яшчэ не вярнуліся. Крытыка ў пачатку 90-х неабачліва крытыкавала этнаграфізм, кпіла з сантымэнтальнасьці эмігранцкага мастацтва. Ніхто не аналізаваў тады пачуцьцяў мастакоў, дзесяцігодзьдзямі адарваных ад Бацькаўшчыны. Хоць прыклад Міцкевічавага сантымэнталізму мог шмат каго навучыць... “Мы, відаць, ня ўмеем хлусіць”, — гэтак падсумавала нашу размову пра мастакоўскую творчасьць на эміграцыі Івонка Сурвілла.

Каментары

Цяпер чытаюць

Мяжа Беларусі з Літвой будзе закрыта мінімум да серады13

Мяжа Беларусі з Літвой будзе закрыта мінімум да серады

Усе навіны →
Усе навіны

Германія перажывае самы зацяжны крызіс за пасляваенны час14

Беларуска, вызваленая са скам-цэнтра ў М'янме: Нават калі збяжыш, невядома, каму званіць, там усё карумпавана3

З Каардынацыйнай рады збегла нават Вольга Карпушонак14

Чым цяпер займаецца Надзея Каткавец18

Стала вядома, што адбываецца з расійскімі палоннымі адразу пасля абмену8

У Пакроўску ўжо каля 200 расійскіх вайскоўцаў3

Названыя імёны сямі пісьменнікаў, чые скульптуры паставяць каля Нацыянальнай бібліятэкі13

«Не гаварыць лішніх фраз». Каб пазбегнуць чэргаў на АЗС, касірам змянілі скрыпты продажаў9

Пракурорка Парыжа раскрытыкавала ўцечку інфармацыі наконт затрымання падазраваных, што абрабавалі Луўр1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Мяжа Беларусі з Літвой будзе закрыта мінімум да серады13

Мяжа Беларусі з Літвой будзе закрыта мінімум да серады

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць