Архіў

Розьніца між Жлобінам і Вязьмай

ФОТА IREX-PROMEDIA

Аўтарскі паказ новага фільму Юр’я Хашчавацкага «Каўкаскія палоньнікі» ў Беларускім ПЭН-цэнтры сабраў дзясятак гледачоў. На БТ ён сабраў бы мільённую аўдыторыю і выклікаў скандал. Такую стужку не пакажаш раней за поўнач. А засьне пасьля яе толькі чалавек з моцнымі нэрвамі.

ФОТА IREX-PROMEDIA
Карціна змантажаваная з кадраў, адзьнятых чатырма апэратарамі розных расейскіх тэлеканалаў. Кадраў, што ня трапілі ў праграмы навінаў.

Напружаньне ў фільме нарастае паступова. Спачатку мы бачым непрыглядны рынак у Грозным пачатку 90-х, дзікаватых чачэнцаў-гандляроў. Той самы рынак гадоў празь 10, інспэкцыйны візыт на яго прамаскоўскага прэм’ера Ільясава ў атачэньні двух дзясяткаў целаахоўнікаў з аўтаматамі. Селішча. Краявіды з кінахронікі савецкіх гадоў. Ізноў сучасныя кадры. Зруйнаваныя, нібы ў Сталінградзе, будынкі. Генэрал Трошаў загадвае вывесіць над селішчам сьцяг дэсантных войскаў. Выпрасаваная гусеніцамі зямля. Уцякачка-чачэнка з кацянём за пазухай шторбае ў кірунку гораў. Адзін зь першых баёў 1994 г.: простасардэчнага афіцэра, няўлоўна падобнага да Стася Судніка, аўтара расейска-беларускага вайсковага слоўнічка, раняць першага. Яго вывозяць у палявы шпіталь, пасьля, яшчэ з сотняю такіх, гелікоптэрам. Насустрач ляціць такая самая «вінтакрылая машына». Толькі гарматнае мяса ў ёй яшчэ не пакрамсанае. Цытаты з хрэстаматыйных твораў Талстоя. Для талстойскага тэматычнага вечара на франка-нямецкім тэлеканале і здымаўся гэты фільм. Аўтар меў заданьне «паглядзець на цяперашнюю вайну вачыма клясыка».

Галоўны герой, маладзенькі афіцэрык марской пяхоты, суправаджае «груз 200» на радзіму (ці можа быць у трупа радзіма?). Ён вязе парэшткі свайго матроса, 19-гадовага Ляшчова. Афіцэра суправаджае апэратар. Па дарозе афіцэр спавядаецца ў камэру. Пад гарэлку, вядома. Як да вайны быў гатовы адзін баец зь дзесяці. Як, разьюшаныя, разарвалі БТРамі чачэнку-«снайпэрку». Яшчэ шмат чаго.

Напружаньне нарастае паступова, каб урэшце прывесьці нас да дзьвюх кульмінацый.

Самая жорсткая сцэна ўзятая з касэты, перададзенай чачэнцамі Эдуарду Джафараву, маскоўскаму апэратару-фрылансэру, які шмат працаваў у Чачэніі. Пагорак, проста дзівосна зялёны мурог, такі зялёны, які можа быць, напэўна, толькі на паўднёвым схіле гары ў паўднёвых краях. Палоннага расейскага байца ставяць на калені ў траву, каб адрэзаць яму галаву. «Людзі добрыя! Я жыць хачу!..» — плача ён. Кінжал абабягае шыю, нібы нож мясьніка — тушу на Камароўцы. Плач зьмяняецца енкам, пасьля хрыпам. Галава ляціць у раўчак. Ці трэ было ўстаўляць гэтую сцэну ў фільм? Адназначна трэба, мяркуе рэжысэр.

Другая кульмінацыя. Скрыню з матросам Ляшчовым — прозьвішча напісана крэйдаю на дошках — заносяць у «ізбу». З мацюканьнем, бо не праходзіць у дзьверы, чапляе за вушак. Бабы галосяць атупела. Лейтэнант бясконца паліць. Камэра ўвесь час спыняецца на гэтых цыгарках. Цяпер спрабую ўзгадаць іх марку і не магу: нейкая ўсходняя, у нас ня звыклая. «Біблас», ці што?

Фільм дакумэнтуе для нас дзьве сьмерці з 12-ці тысяч — менавіта столькі абаронцаў айчыны страціла Расея на той вайне.

Ёсьць дзясяткі адказаў на пытаньне, чым розьніцца Жлобін ад Вязьмы. Галоўны сёньня — у Жлобін не прыходзяць цынкавыя труны.

У Расеі, са словаў Ю.Хашчавацкага, паказаць такі фільм немагчыма. Шкада, што гэткае кіно не трансьлююць па БТ у перапынках між драмаю «Мусульманін». Бо, урэшце, такое мастацтва дапамагае не рабіць памылак у жыцьці.

Фільм пра нялюдзкі сьвет вайны, што бывае прыгожаю толькі ў тэленавінах, склеены з кавалкаў дзясяткаў розных стужак. Гэта каляж, зроблены чалавекам зь іншага сьвету без спагады да сваіх герояў-чачэнцаў, герояў-расейцаў.

У гэтым сэнсе можна сказаць, што заданьню Юры Хашчавацкі ня даў рады. Талстой спачуваў сваім сучасьнікам з аднаго і другога боку, хоць часам калюча іранізаваў над імі. Аўтар «Каўкаскіх палоньнікаў» палічыў за лепшае заставацца ад сваіх герояў на адлегласьці. А мо па-іншаму і немагчыма.

Барыс Тумар

Каментары

Цяпер чытаюць

«Некаторых маіх сяброў беларушчынай перакармілі». Як нарадзіцца і ўсё жыццё пражыць у Сібіры, а лічыць сябе беларускай?

«Некаторых маіх сяброў беларушчынай перакармілі». Як нарадзіцца і ўсё жыццё пражыць у Сібіры, а лічыць сябе беларускай?

Усе навіны →
Усе навіны

У Магілёве прадаюць бельведэр на даху сталінкі: 15 квадратаў і 24 акны з усіх бакоў3

«Гэта сапраўдная небяспека для Украіны». Ва УСУ расце колькасць выпадкаў самаволак і дэзерцірства14

Прышчэпку ад віруса папіломы чалавека плануюць рабіць і хлопчыкам4

На мяжы Грэцыі і Албаніі знайшлі самае вялікае ў свеце павуцінне

Саудаўская Аравія знізіла цэны на нафту для Індыі і Кітая, каб замяніць пастаўкі з Расіі12

Гран-пры фестывалю «Лістапад» аддалі расійскаму фільму, а прыз Лукашэнкі — кітайскаму1

Блогераў, якія прагулялі мільён дабрачынных грошай, адпусцілі дахаты23

Пад Мінскам хочуць стварыць музей крыжоў пад адкрытым небам. Знайшлося месца і для вусатай бабы6

Дажыліся: пагалоўе свіней у Пскоўскай вобласці ў 6 разоў большае, чым у Віцебскай17

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Некаторых маіх сяброў беларушчынай перакармілі». Як нарадзіцца і ўсё жыццё пражыць у Сібіры, а лічыць сябе беларускай?

«Некаторых маіх сяброў беларушчынай перакармілі». Як нарадзіцца і ўсё жыццё пражыць у Сібіры, а лічыць сябе беларускай?

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць