Архіў

Апошні шумны юбілей

СССР не любіў успамінаць пра сваю віну перад народам. Але мы павінны нястомна нагадваць і пра «Мы за ценой не постоим», і пра «новы Берасьцейскі мір», які Сталін хацеў заключыць з Гітлерам.

Піша Анатоль Сідарэвіч.

З 60-годзьдзя завяршэньня Другое сусьветнае вайны яны выціснулі ўсё, што маглі. Хлусілі не чырванеючы. Што ні тэзіс, то стары прапагандысцкі штамп. А галоўныя тэзісы былі: на змаганьне ўстаў увесь савецкі народ; вайна згуртавала народы Савецкага Саюзу; Савецкі Саюз адзін перамог Нямеччыну.

Як увесь савецкі народ устаў на змаганьне з нацыстамі, сьведчыць адна лічба: у гітлераўскіх вайсковых структурах кожны пяты быў з савецкіх грамадзян.

Як вайна згуртавала народы СССР, мы ведаем з гісторыі высылак немцаў Паволжжа, чачэнцаў, калмыкаў, крымскіх татар… З гісторыі масавых дэпартацый насельніцтва Балтыі і Заходняе Ўкраіны. З гісторыі масавых уцёкаў на Захад мільёнаў людзей зь Беларусі, Дону, Кубані…

Сьцьвярджаць, што СССР перамог Нямеччыну, можа толькі той, хто нічога ня чуў пра лэнд-ліз, Аб’яднаныя Нацыі і Другі фронт. І адкрыўся ён ня ў чэрвені 1944 году ў Нармандыі, як пішуць у падручніках, а ў час бітвы пад Сталінградам: тады брытанцы пачалі бамбардзіроўкі Нямеччыны, а разам з амэрыканцамі — бітву за Паўночную Афрыку. У ліпені 1943-га (ішла Курская бітва) яны былі на Сыцыліі. А праз два месяцы Італія капітулявала, і Гітлер мусіў накіраваць на Апэнінскі паўвостраў не адну дывізію.

Разумеючы фальшывасьць тэзісу «СССР перамог Нямеччыну», яны спрабуюць падмяніць яго яшчэ адным фальшывым тэзісам: «Савецкі Саюз зрабіў самы важкі ўклад у перамогу над Нямеччынай». На якіх вагах гэта ўзважана і якім мэтрам гэта зьмерана? Мусіць, колькасьцю палеглых на той вайне. Але гэта вынік бяздарнае палітыкі сталінскага кіраўніцтва, якое аддало немцам тэрыторыю ад Беластоку да Сталінграду (гнілая царская Расея далей як у Баранавічы іх не пусьціла). Гэта вынік бесчалавечных мэтадаў вядзеньня вайны. СССР так і ня змог палічыць усіх палеглых і замучаных. Ці гэта не адзнака зьняважлівага стаўленьня да чалавечага жыцьця?

Сталінскія маршалы («Мы за ценой не постоим») клалі на адным квадратным кілямэтры вызваленае тэрыторыі гэтулькі салдатаў, як ніводная армія сьвету. А мільёны палонных у першыя месяцы вайны? А панішчаныя заградатрадамі? А забітыя і спаленыя энкавэдыстамі мірныя жыхары Беларусі і Ўкраіны? А мільёны эмігрантаў, якіх таксама запісалі ў нябожчыкі?

Сёлета быў апошні ўсплёск бальшавіцкага патрыятызму. Зрэшты, ён закрануў толькі вярхі грамадзтва і толькі частку ўдзельнікаў вайны. Чым далей ад сталіцы, тым менш было шуму і чаду. Сотні тысяч грамадзян, не мабілізаваных на ўрачыстасьці, былі занятыя іншым. Яны пазіралі на неба і ўслухоўваліся ў мэтэапрагнозы: ці хоць пацяплее, ці можна сеяць і садзіць на лецішчах і гародах?

Халодная вясна паказала, што наша краіна яшчэ ня выйшла з эпохі натуральнае гаспадаркі, што заробкаў на годнае жыцьцё не хапае. За 60 паваенных гадоў мы так і не дасягнулі галоўнае перамогі — над беднасьцю.

Настае час разьвітаньня з ваенным пакаленьнем, якому дзяржава так і не сплаціла даўгі. Застануцца тыя, перад кім дзяржава вінаватая найбольш. Гэта дзеці вайны. Тыя, каго Сталін і начальнік генштабу Жукаў здалі пад уладу нацыстаў. Тыя, хто жыў у зямлянках і карміў вошы, хто цягаў на сабе плугі і бароны, каб не памерці з голаду… Ім належаць мэдалі за пакуты.

СССР і ягоныя спадкаемцы не любілі і ня любяць успамінаць пра сваю віну перад народам. Але мы павінны нястомна нагадваць і пра тых, хто давёў да Беластоцкага катла, да Сеньненскай катастрофы бранятанкавых войскаў, да Трасьцянца і гета… І пра тое, як Сталін хацеў заключыць з Гітлерам «новы Берасьцейскі мір» ды здаць Беларусь Нямеччыне. Калі наша грамадзтва будзе памятаць і думаць найперш пра гэта, тады сапраўды Беларусь стане дзяржаваю для народу Беларусі.

Каментары

Цяпер чытаюць

Просты беларус здзівіў людзей, калі ў Германіі прызнаваўся ў любові да Лукашэнкі. Але аказалася, што ён няпросты20

Просты беларус здзівіў людзей, калі ў Германіі прызнаваўся ў любові да Лукашэнкі. Але аказалася, што ён няпросты

Усе навіны →
Усе навіны

Маджтаба Хаменеі выжыў падчас абстрэлу Ізраіля, бо выйшаў у той момант з дому2

Што азначае расследаванне Міжнароднага крымінальнага суда для Лукашэнкі і беларусаў? Тлумачыць Кацярына Дзяйкала19

Пяць тэндэнцый, якія змяняюць сусветны рынак штучнага інтэлекту4

Алесь Бяляцкі сустрэўся з прэзідэнтам Чэхіі

Беларусам прапанавалі паспытаць мангастаны1

На Кубе адбыўся поўны блэкаўт, 11 мільёнаў без святла9

Трамп: Я да іх звяртаюся не таму, што яны нам патрэбныя, а хачу паглядзець на рэакцыю11

На мікашэвіцкім «Граніце» падчас працы загінуў рабочы

«Ніводнай малекулы». Еўракамісія не збіраецца адступаць ад палітыкі адмовы ад расійскіх рэсурсаў1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Просты беларус здзівіў людзей, калі ў Германіі прызнаваўся ў любові да Лукашэнкі. Але аказалася, што ён няпросты20

Просты беларус здзівіў людзей, калі ў Германіі прызнаваўся ў любові да Лукашэнкі. Але аказалася, што ён няпросты

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць