Культура22

«Як пошуг маланкі» — фільм Міхася Чарняўскага пра антысавецкі супраціў

«Як пошуг маланкі» — фільм Валерыя Мазынскага і Міхася Чарняўскага пра моладзевы антысавецкі супраціў, зняты на замову тэлеканала «Белсат».

Галоўны герой стужкі — Расціслаў Лапіцкі. Ён з юнацтва выношваў планы змагання з камуністычным рэжымам. У 1948 яму споўнілася 20 гадоў, і хлопец перайшоў у дзясяты клас. Тады Лапіцкі і стварыў падпольную моладзевую арганізацыю ў Мядзелі, да якой далучыліся сябры. Найбліжэйшымі ягонымі паплечнікамі сталі Факусь Несцяровіч з Юшкавічаў і Юзік Качарга з Качарог. Хлапцы пачалі выпускаць улёткі, тэксты якіх пісаў Расціслаў:

«Смерць вырадкам роду чалавечага!

Партызаны! Падпольшчыкі!

Стойце на абароне сваёй справы! Беражыце ў сабе святую нянавісць да камунізму, які нявечыць і разбэшчвае чалавека. Біце сталінскіх шакалаў!

Моладзь! Не губляй сумлення, змагайся супраць тых, хто слепа верыць у падман камунізму, узначаленага хрыстапрадаўцамі — Юдамі. Яны хочуць усіх нас распяць на пяціканцовай звяздзе. Да зброі! Не бойцеся ахвяраў і пакут!

Уперад да светлай будучыні!

Вашыя браты».

Неўзабаве дзейнасць арганізацыі ахапіла ўсю Мядзельшчыну і Смаргоншчыну, а яе слава разышлася па ўсёй Беларусі. Усхапіліся спецслужбы. Пачаліся нагляд, росшукі, допыты.

Спецслужбы шмат чаго ведалі пра мядзельска-смаргонскую арганізацыю праз даносчыка, «шасцёрку».
У ноч з 1 на 2 лютага 1950 г. у Смаргоні зладзілі засаду. Затрымлівалі ўсіх, хто заходзіў. Расціслава Лапіцкага арыштавалі ў Кабыльніку, у доме ягонага сябра. Факунду Несцяровіча, які ўжо вучыўся ў Мінскім палітэхнікуме, арыштавалі дома. Юзіка Качаргу забралі з заняткаў у Мядзельскай школе.

Расціслава, асуджанага да расстрэлу, пару месяцаў трымалі ў вілейскай турме ў камеры смяротнікаў. Яго там бачыў адзін са зняволеных, схварэлага і апухлага. Але духоўна Лапіцкі не зламаўся, адмовіўся ад памілавання. 22-гадовы Слаўка быў верны сабе да апошняга:

«Дзе ні буду, нават у найменшым краі зямнога шару — усюды буду весці барацьбу супраць савецкай улады. Мой шлях правільны — за мной увесь народ».

Праз 60 гадоў тых памятных падзеяў Валеры Мазынскі і Міхась Чарняўскі сустрэліся з удзельнікамі падполля, якое кінула выклік сталінскай сістэме. Фільм «Як пошуг маланкі», зняты на замову тэлеканала «Белсат», уключае ўнікальную кінахроніку і дакументы, кінарэканструкцыю падзеяў, успаміны аднавяскоўцаў, а таксама былых паплечнікаў Лапіцкага: Юзіка Качаргі са Шчэціна, Леакадзіі Дамброўскай з Сопата, Зосі Лапіцкай з Гіжыцка, Зянона Ахрамовіча з Эльблонга, Таццяны Ашукоўскай з Расіі і, вядома, сястры Лапіцкага Вольгі. У кожнага з іх свая гісторыя, свой лёс.

Галоўную ролю — Расціслава Лапіцкага — сыграў 22-гадовы Уладзімір Шульжыцкі, кіраўнік смаргонскай суполкі «Моладзі БНФ». Паплечнікаў Лапіцкага ўвасобілі Дзяніс Лазар з Маладзечна, Юстына Саўка з Мінска, вайскоўцаў і спецслужбоўцаў — Павал Гарадніцкі, Аляксей Кавалец, Аляксей Сюдак ды інш. Здымкі праходзілі ў Маладзечне, Вілейцы, Смаргоні, Вільні, вёсках і мястэчках.

Былая турма КДБ, а цяпер музей у Вільні даў памяшканне для рэканструкцыі падзеяў, калі Лапіцкі сядзеў у маладзечанскай турме. Там яго катавалі, выпрабоўвалі голадам і холадам. Спецыяльна для гэтых здымкаў Уладзімір Шульжыцкі, выканаўца галоўнай ролі, пагаліўся налыса.

«Было цяжка, але вельмі цікава. Нягледзячы на тое, што асоба Лапіцкага мне ідэйна блізкая, было складана ўвайсці ў ролю. Усё-ткі тыя падзеі былі даўно, 60 гадоў таму, іншыя варункі і абставіны. Думаю, у мяне атрымалася», — сказаў Шульжыцкі напярэдадні прэм’еры.

Дакументальная стужка «Як пошуг маланкі» знятая на аснове аднайменнай кніжкі Міхася Чарняўскага, ён жа выступіў і аўтарам сцэнару. Завяршаецца фільм кадрамі, дзе мясцовая моладзь ставіць вялікі драўляны крыж у гонар Расціслава Лапіцкага.

«У гэтай гісторыі яшчэ рана ставіць кропку. Той вялікі шэры камень, які паставіла моладзь як помнік Расціславу Лапіцкаму, знік, яго няма. Невядомыя асобы цёмнаю ноччу, як некалі Расціслава Лапіцкага, вывезлі яго за горад і закапалі. Потым моладзь усталявала драўляныя крыжы, але і гэтыя крыжы былі спілаваныя, вывернутыя і знішчаныя, — расказаў Міхась Чарняўскі. — Памяць пра Расціслава Лапіцкага, які аддаў сваё жыццё змаганню супраць камуністычнай улады, не дае спакою мясцоваму начальству. Яно змагаецца з гэтаю памяццю як толькі можа. Але гэтыя намаганні безнадзейныя, бо памяць пра Расціслава Лапіцкага ўжо трымаецца ў народзе і будзе трымацца сотні і сотні гадоў».

Рэжысёр Валеры Мазынскі перакананы, што галоўная прычына непрыняцця Лапіцкага як героя — страх:

«Любая ўлада не хоча, каб апанент быў моцны, а пры той характарыстыцы, якую мае сярэдні беларус, Лапіцкі — звышмоцная асоба, якую не зламалі. Нязломнасць — галоўны страх для саперніка. Але будзе час, і Лапіцкаму паставяць помнікі, а ягонае імя трапіць у падручнікі гераічнай гісторыі Беларусі».

Каментары2

Цяпер чытаюць

Бабарыка тры хвіліны адказваў на пытанне, чый Крым. Так і не адказаў89

Бабарыка тры хвіліны адказваў на пытанне, чый Крым. Так і не адказаў

Усе навіны →
Усе навіны

Краўцоў пра першую прэс-канферэнцыю Бабарыкі і Калеснікавай: Спрэчку раздзьмувалі выключна ў фэйсбуку, Лосік той жа61

Акцёр Нагіеў раскрытыкаваў засілле фільмаў пра вайну, назваў вайну вайною і патлумачыў, чаму здымаецца ў «Ёлках»7

Таленавітага праграміста адправілі за краты. Ён уваходзіў у топ-0,2% спецыялістаў у сваім кірунку9

На рынку ў Табарах прадавалі снег

Лукашэнка ўгаворвае амерыканцаў не бамбіць флот наркамафіі, а дамаўляцца9

Як за год змянілася цана кватэр у Мінску і абласных цэнтрах4

Трамп падаў пазоў супраць BBC на пяць мільярдаў даляраў1

Лукашэнка анансаваў размову з Трампам5

Як змянілася Хатынь пасля рэканструкцыі: цяпер там прадаюць бургеры і дзіцячыя цацкі16

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Бабарыка тры хвіліны адказваў на пытанне, чый Крым. Так і не адказаў89

Бабарыка тры хвіліны адказваў на пытанне, чый Крым. Так і не адказаў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць