Грамадства1313

Сцэнарыст Курэйчык абвінаваціў офіс ПРААН у Беларусі ў карупцыі. Прадзюсар Ждановіч: Ён піярыцца

Андрэй Курэйчык і здымачная група фільма «Вышэй за неба» выставілі новыя абвінавачванні на адрас офіса Праграмы развіцця ААН у Беларусі. Гэтым разам, аднак, справа не звязана з аўтарскімі правамі ці абвінавачваннямі ў пасобніцтве беларускай цэнзуры.

Сцэнарыст Андрэй Курэйчык, рэжысёр Дзмітры Марынін і кампазітар Дзмітры Фрыга апублікавалі ў сацыяльных сетках заяву, у якой вінавацяць супрацоўнікаў ПРААН у выкарыстанні ценевых схемаў і махінацыях падчас правядзення тэндараў на пастаўку паслуг для здымак фільма з бюджэтам 500 000 даляраў.

Згодна з заявай, супрацоўніцы ПРААН несумленнымі метадамі забяспечвалі перамогу ў тэндарах кампаній прадзюсара Сяргея Ждановіча. «НН» пагутарыла з Андрэем Курэйчыкам, каб даведацца пра акалічнасці справы.

«НН»: Вы ўзгадваеце супрацоўнікаў N i N. Якой была іх роля падчас здымак «Вышэй за неба»?

Андрэй Курэйчык: Адна была каардынатаркай праекта ад ПРААН, а другая адказвала за фінансавыя і арганізацыйныя справы.

«НН»: Якія паслугі аказваў Сяргей Ждановіч, якога вы падазраеце ў перамозе ў «дзіўных» тэндарах?

АК: Гэта арганізацыя здымак, выдзяленне здымачнай тэхнікі, тэхнічнага персанала. Праз яго кампанію, наколькі я разумею, меліся выплочвацца заробкі і г.д. То бок усё, што тычылася фінансаў. Мы як творчая група да фінансаў не мелі ніякага доступу і займаліся толькі здымкамі. Астатнімі паслугамі займаліся іншыя юрыдычныя асобы, якіх выбірала ПРААН. І выбірала, як мы лічым, несумленным спосабам.

«НН»: Ці ведаеце Вы, чаму выбіралі менавіта Сяргея Ждановіча?

АК: Не. Наколькі я ведаю, шмат кампаніяў падаваліся на ўдзел і ў вытворчасці фільма, і ў пост-прадакшэне. Падавалі заяўкі і «Карамболь», і «Белвідэацэнтр». Агулам каля дзесяці. Але чамусьці заўсёды перамагалі прадпрыемствы Ждановіча. Хацелася б праясніць менавіта гэты момант.

«НН»: Вы заяўляеце, што можаце выступіць сведкам па факце махінацыяў з тэндарамі. Ці ёсць у вас нейкія дакументальныя пацверджанні карупцыі?

АК: Так. Мы [заяву акрамя Курэйчыка падпісалі рэжысёр Дзмітры Марынін і кампазітар Дзмітры Фрыга — НН] не будзем галаслоўна абвінавачваць людзей без магчымасці нешта пацвердзіць.

Мы аб’ядналі інфармацыю, якую мелі. Часткова гэта [меркаваная падтасоўка — НН] адбывалася ў нашай прысутнасці, часткова інфармацыя перадавалася праз членаў здымачнай групы. Мы сабралі электронныя лісты, перапіску праз скайп, сабралі тыя сведчанні, якія мы з задавальненнем гатовыя перадаць следству ці аўдытару, суду… каму заўгодна.

«НН»: Вы ўзгадваеце парушэнні працоўнага заканадаўства, пошук фіктыўных канкурэнтаў для тэндараў. Скажыце, а падчас здымак вы паведамлялі пра гэтыя факты ці заплюшчвалі вочы? Чаму вы робіце гэтыя факты публічнымі толькі цяпер?

АК: Зразумела, мы паведамлялі пра гэта свайму непасрэднаму кіраўніцтву, ёсць перапіска. Проста мы не выводзілі гэта ў публічную плоскасць. Пра розныя выпадкі паведамлялі па-рознаму, але і я пісаў, і рэжысёр пісаў, і аператар наш пісаў. Ставіліся пэўныя пытанні, якія заставаліся без адказаў. А калі мы цяпер сабраліся ўсе разам, мы ўбачылі сапраўдны маштаб таго, што адбывалася.

Цяпер мы накіравалі заяву кіраўніку офіса ААН у Беларусі Фарыду Каракханаву і папрасілі пра праверку, бо ААН — дыпламатычная арганізацыя, і толькі яна, калі пажадае (а раптам і не пажадае!), можа праводзіць аўдыт сваіх падпадзяленняў.

Мы загадзя не настойваем на чыёйсьці вінаватасці — можа, тут так прынята, можа, тут заўсёды так працуюць. Таму і папрасілі: давайце даведаемся, што гэта такое? Ці нармальная гэтая практыка ўвогуле? І ці ўжываецца яна толькі да фільма ці агульна для ўсіх праектаў офіса.

«НН»: Ці была ўжо афіцыйная рэакцыя з боку ААН?

АК: У гэтым уся справа. Мы пачалі распаўсюджваць гэтую заяву ў інтэрнэце менавіта праз адсутнасць рэакцыі. Заява была напісана дастаткова даўно, і мы спадзяваліся, што нехта патэлефануе, адгукнецца, скажа «давайце разбярэмся». Але рэакцыі не было, і тады мы вырашылі абмеркаваць усё публічна.

«НН»: Заява была накіравана толькі ў беларускае прадстаўніцтва ААН?

АК: Так. Мы спадзяваліся, што нам адкажуць. Адказу няма. Таму мы рыхтуем пераклад і будзем разбірацца далей. Хай іх кіраўніцтва разбіраецца.

З аднаго боку, гэта іх унутраная справа, якая тычыцца размеркавання сродкаў. З іншага боку, гэта тычыцца і праграмаў дапамогі, і лекаў, магчыма, медыцынскага абсталявання. У гэтай арганізацыі «пракручваюць» мільёны даляраў, і, мы падазраем, часам гэта робіцца вельмі дзіўным чынам. У чыіх інтарэсах гэта робіцца — трэба высвятляць. Гэта важна і для нас, і для ААН у плане адпаведнасці іх працэдурам. Таму я спадзяюся, што ААН далучыцца да гэтай справы.

Прадзюсэр Сяргей Ждановіч не зусім згодзен з версіяй падзей, агучанай Курэйчыкам, Марыніным і Фрыгам у сваёй заяве.

— Яны выліваюць бруд, ім патрэбна піярыцца, — кажа Сяргей Ждановіч у інтэрв’ю «НН». — Мы праінвеставалі ўсё самі, мы зрабілі серыял, — удакладняе ён.

— Андрэй — таленавіты драматург, і гэта ён прывёў мяне ў працу над серыялам. Ён прыйшоў да мяне са словамі «Сяргей, ратуй. Няма грошай, а трэба здымаць фільм». У ААН грошай таксама было няшмат — на 8 серый каля 200 000 даляраў. Калі вы нешта ведаеце пра кінематограф, павінны разумець, што ў кіно зусім іншыя лічбы. Адна серыя звычайна каштуе больш. Мы бярэм удзел у здымках серыяла з бюджэтам серыі 5 мільёнаў.

ПРААН нас таксама прасіла: «Вы можаце нам дапамагчы? Вы можаце зрабіць усё па цэнах, якіх не знойдзеш?» Я актыўна займаюся дабрачыннасцю, з’яўляюся сябрам міжнароднага дабрачыннага клуба «Ротары». Калі я даведаўся пра мэту праекта — прафілактыка СНІДу, я ўзяўся за яго як за дабрачынны, працаваў за ідэю. Я не зарабіў на гэтым праекце грошай. Наадварот, я з’яўляўся адным са спонсараў фільма «Вышэй за неба». У мяне за гэта нават ёсць ліст падзякі.

У ААН не так і проста махляваць з тэндарамі. ААН — сур’ёзная арганізацыя, і мае вельмі жорсткую і эфектыўную палітыку бяспекі. Офіс ПРААН у Мінску — гэта толькі рэгіянальнае прадстаўніцтва. Усё узгадняецца з «кантры офісам» [Country Office — НН] у Нью-Ёрку.

Але Андрэй «чарніць» усіх запар. Чаму ён гэта робіць — вось галоўнае пытанне, і я не ведаю адказу. «Вышэй за неба» — выдатная ідэя, з удзелам таленавітага драматурга Курэйчыка. Тым больш, кантракт не забараняў Андрэю рабіць аўтарскую версію. Але спачатку, як прапісана, зрабілі 8 серыяў — і потым займайся сваёй версіяй, вязі яе на фестывалі. Усё ж замаўляла серыял ААН, і яна вызначала ўмовы.

Курэйчык казаў, што не заплацілі масоўцы. Дык пры мне ж быў выпадак: ён, не паведаміўшы кіраўніцтву, прывёў на пляцоўку нейкіх людзей і здымаў іх. Але калі ён з імі сам дамаўляўся, то павінен быў скласці нейкія кантракты ці яшчэ што і разлічыцца з гэтымі акторамі. І чамусьці жонка Андрэя, якая здымалася сярод актораў, што атрымліваюць 20–30 даляраў, за такую самую ролю атрымала 200.

У гэтым фільме здымаліся людзі, якія сапраўды хворыя на СНІД. І калі яны чытаюць усю гэту гісторыю вакол «Вышэй за неба», ім становіцца брыдка і прыкра. У нас з Андрэем розныя мэты. Мы зрабілі серыял пра СНІД, афіцыйна зарэгістравалі яго ў Мінкульце, хоць шматлікія скаргі Андрэя значна ўскладнілі справу. Серыял выйшаў цікавы, гледачы самі змогуць гэта ацаніць. А Андрэй ад пачатку хоча выглядаць пакутнікам. Ён кажа пра цэнзуру, але я магу заўпэўніць, што са сцэнару, дзе кожная старонка падпісана яго ўласнай рукой, не выразалі ніводнага слова!

Патрэбна ж разумець, што капітал ААН адносна нашай дзяржавы — прыватны капітал. Гэта не грошы беларускіх платнікаў падаткаў. ААН замовіла серыял і плаціла за яго. З дакументамі там усё ў парадку, і з юрыдычнага пункту гледжання праўда, зразумела, знаходзіцца на баку ААН. Такі жудасны чорны піяр адцягвае ад галоўнага: у Беларусі з’явілася кіно пра важную праблему. Цяпер мы актыўна супрацоўнічаем з ЗША, і дамовіліся пра стварэнне англамоўнай версіі фільма, які пакажуць па адным з амерыканскіх тэлеканалаў. Я вернік, і я шчыра жадаю міру Андрэю і яго сям’і. Я вельмі жадаю, каб ён скончыў палітызаваць гэты праект, бо ён траціць свае выдатныя здольнасці не на творчасць, а на зусім іншыя рэчы, — адзначыў Сяргей Ждановіч.

Прадстаўніцтва ПРААН у Беларусі ад каментароў устрымалася.

Каментары13

Цяпер чытаюць

Пасля паездкі за межы ЕС таямніча знік Анатоль Котаў, былая правая рука Паўла Латушкі47

Пасля паездкі за межы ЕС таямніча знік Анатоль Котаў, былая правая рука Паўла Латушкі

Усе навіны →
Усе навіны

Як выглядае вызвалены экс-мэр Херсона да расійскага палону і пасля ФОТАФАКТ3

Яраслава Еўдакімава пахавалі на могілках «Лясныя». Яго правялі пад «Фантазёра» ВІДЭА3

Талібы прыехалі ў Беларусь, каб праверыць, як тут утрымліваюць афганцаў у турмах3

З’явілася ВІДЭА, як «абломкі» БПЛА падаюць на марскі порт ва Усць-Лузе пад Пецярбургам1

У Растоўскай вобласці буйны НПЗ, падпалены ўкраінскім беспілотнікам, гарыць ужо чацвёрты дзень4

Беларускія хірургі правялі паспяховую трансплантацыю лёгкіх пацыенту з хваробай сэрца і імунадэфіцытам2

Беларус набыў кватэру ў Іспаніі, але яе занялі акупасы. Цяпер ён не можа яе вярнуць58

Рэжысёра мінскага тэатра асудзілі за вырошчванне дома канопляў1

Кіроўца паказаў, як праязджаць новую алмазную развязку ў Мінску. У гледачоў узніклі пытанні6

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Пасля паездкі за межы ЕС таямніча знік Анатоль Котаў, былая правая рука Паўла Латушкі47

Пасля паездкі за межы ЕС таямніча знік Анатоль Котаў, былая правая рука Паўла Латушкі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць