Стала вядома, за што цэлую сям'ю мінскага бізнэсмена прыгаварылі да 5 гадоў калоніі
Суд па справе Ірыны, Генадзя і Віялеты Саўрыцкіх адбыўся ў лістападзе 2024 года, але сутнасць іх крымінальнай справы праваабаронцам «Вясны» стала вядома толькі цяпер.

Па інфармацыі «Вясны», 61-гадовага Генадзя, 59-гадовую Ірыну і 23-гадовую Віялету Саўрыцкіх асудзілі за іх відэаролік 2020 года, у якім яны заклікалі спыніць гвалт. Там яны выкарыстоўвалі запісы з пратэстаў і іх разгонаў, а таксама верш Яўгенія Еўтушэнкі «Не надо бояться густого тумана».
За відэа іх прыгаварылі да 5 гадоў калоніі па абвінавачванні ў распальванні сацыяльнай варожасці (частка 3 артыкула 130 КК).
Ролік Генадзь Саўрыцкі дасылаў знаёмым у прыватных перапісках WhatsApp і ў працоўным чаце ў тэлеграме.
Усе яны віну не прызналі. Ірына і Віялета сказалі, што запісвалі зварот па просьбе Генадзя. Жонка на судзе распавяла, што мэты яго былі ёй невядомыя. Пазней яна была абураная фактам стварэння відэароліка, прасіла мужа яго выдаліць. Віялеце, як сказала яна на пасяджэнні, мэты стварэння звароту былі нецікавыя.
Генадзь сказаў, што ў адзін з дзён лета 2020 года на эмоцыях ад убачаных у інтэрнэце звестак аб ужытым з боку супрацоўнікаў гвалце да пратэстоўцаў вырашыў запісаць відэазапіс з заклікам да абгрунтаванага прымянення сілы. Прыдумаў тэкст выступу, пасля чаго папрасіў сваю дачку яго прачытаць. Таксама ён папрасіў жонку выказацца аб выбарах.
«Першапачаткова яна адмаўлялася, але ён угаварыў яе сказаць на камеру некалькі слоў. Падчас запісу відэа выступы жонкі і дачкі ён паказваў ім далонямі рук сімвал дабра ў выглядзе сэрца, яны паказалі яму ў адказ такі ж сімвал. У гэты ж дзень ён выказаў на відэа пажаданні аб далейшым лёсе краіны, у канцы свайго выступу таксама паказаў сімвал у выглядзе сэрца. Пасля гэтага ён знайшоў у інтэрнэце відэаролікі і змантаваў відэа», — перадае «Вясна».
Жанчыны адбываюць пакаранне ў гомельскай жаночай калоніі № 4, а былы бізнэсмен — у магілёўскай калоніі № 15. Усе яны ўключаныя ў «спіс тэрарыстаў».
Каментары
Всех победившие, в 2020 году, ведут себя, как всё проигравшие.....