Меркаванні44

Камяні спатыкнення

Камертон Сяргея Ваганава.

Недзе напачатку мая партал tut.by паведаміў, што ў двары дома № 19 па Ульянаўскай вуліцы мінскія аматары краязнаўства знайшлі надмагільны камень, звезены ў невядомы час з якіхсьці гарадскіх могілак.

Знайшлі, так бы мовіць, сякеру пад лавай. Бо пяць гадоў таму я ўжо намагаўся разгледзець літары, што ўеліся ў цёмна-руды граніт: «Михаил Ефимович Белоцерковский. Умер на 27 году от рождения 17 апреля 1866 года». На іншым баку больш выразна — «Брат брату». Нешта, мусіць, здарылася з бацькамі Міхаіла, магчыма, і пахаваны былі побач...

Пра гэты камень я даведаўся ад Наталлі Качаноўскай, што жыве ў тым двары. Звыш трыццаці гадоў таму, калі яна тут пасялілася, камень ужо ляжаў. Дакладней, валяўся...

І вось я ізноў ля таго камня. Як і пяць гадоў таму, вакол буяе май і капашыцца дваровае жыццё: нервова прыладжваюцца на цесную паркоўку бліскучыя аўто; непадалёк ідуць нейкія бясконцыя будаўніча-рамонтныя работы; нешта мармычуць, адчыняясь, дзверы ў пад’ездах, зачыненыя на кодавыя замкі; на лаўцы побач з камнем прысаджваюцца старыя, што выйшлі ў двор падышаць... А вось і дзейны малады чалавек расклаў па кейсе нейкія паперы і нешта энергічна даказвае суразмоўцу, прытрымліваючы двума пальцамі каля вуха мабільнік...

Калі верыць згаданай навіне ад tut.by, сённяшнія аматары краязнаўства ўзяліся за пошукі хаця б нейкіх слядоў даўняга мінчука...

Нібыта камень, якому амаль паўтара стагоддзя, праз пяць гадоў ізноў падняўся з зямлі...

З Ульянаўскай я паехаў на Сухую.

«...Што, немцы і сваіх габрэяў забівалі?!»

Ягонае ўзрушэнне было такім моцным, што ён абышоў камяні з усіх бакоў, убачыў сляды старанна зацёртай свастыкі...

Тады, пяць гадоў таму, я сустрэў яго ля «Трох камянёў», што ў розныя нядаўнія часы былі пастаўлены ў памяць аб тысячах габрэяў з Гамбурга, Дзюсельдорфа і Брэмена, якія загінулі ў Мінскім гета і Трасцянцы. Сюды ён патрапіў выпадкова — прыехаў са Стаўбцоў наведаць сябра ў лякарні непадалёк.

Я спытаў у яго, колькі яму гадоў, як яго клічуць і ў якой сферы працуе. Гадоў яму аказалася за сорак, працуе інжынерам у камунальнай гаспадарцы.

Я не ведаю, чаму я спытаў у яго пра гэта. Мабыць, таму, што сам быў узрушаны: мне здавалася, што няма на Зямлі чалавека, які нічога не ведае пра Халакост...

Мікалай зашпіліў пінжак, схіліў у задуменнасці галаву з рэдкімі русымі валасамі, потым шырока перахрысціўся і павольна накіраваўся у бок Сухой.

Я вярнуўся поглядам да камянёў. Не, не да тых трох ад немцаў, а да іншых, хаатычна параскіданых проста ля іх падножжаў.

Гэта былі мацэвы — помнікі з габрэйскіх могілак на Сухой, што знішчаны яшчэ ў 70—90-х гадах мінулага стагоддзя.

Але камяні-помнікі працягвалі вырастаць з зямлі. Тады, пяць гадоў таму, калі пракладалі цеплацэнтраль уздоўж Перакопскай, не менш за два дзясяткі сцягнулі і кінулі ля «Трох камянёў»...

Я ўзгадаў дзеда Саламона.

Я ўявіў, як хавалі яго ў 1914 годдзе, калі ён, рабочы разьніцы, памёр ад сухотаў, а бацьке, малодшаму з ягоных чацвёрых дзяцей, не было і двух месяцаў.

Яго везлі, мабыць, сюды, на Сухую, па Габрэйскай вуліцы, пазней чамусьці названай Калектарнай. Вось тут была брама, побач майстэрня могілкавых каменячосаў...

Я, вядома, не спадзяваўся, што знайду мацэйву з ягоным імем. Але дух ягоны пэўна лунаў над гэтым месцам, прымушаў сціскацца горла...

Здалёк, мусіць, мы выглядалі дзіўнавата — Леў Слобін, вядомы кінадакументаліст, Сямён Ліакумовіч, адзіны мо ў Мінску знаўца ідыша, і я. Нехта праходзіў міма, нехта спыняўся, назіраючы, як немаладыя людзі нахіляюцца над нейкімі камянямі...
«...Карп, дакладна, гэта прозвішча Карп... А вось Ціне Файленбоген...» — Сямён Львовіч прашараваў шматком сухой травы імя памерлай у 1920 жыхаркі Мінска, што па волі лёсу і экскаватара аказалася ў месцы, дзе выгульваюць сабак... «А вось па-руску, «Бася Уфляндъ, 26 января 1907»...

Побач прыпынілася маладая сям’я — тата, мама ды хлопчык гадоў дзесяці.

Раптам тата — густыя валасы з сівіной ў прыгожым прадзеле, нагавіцы ў стрэлку, кашуля пад гальштукам, без пінжака — усклікнуў: «Глядзі, які добры будаўнічы матэрыял!» — «Гэта ж помнікі, тата!..»

Потым мы са Слобіным, усё жыццё якога пасля вайны прайшло ў гэтых вуліцах і дварах, вуліцах і дварах колішняга гета, дзе згінула без вестак ягоная сястрычка Таня, спусціліся да Перакопскай, зараз Ерусалімскай.

Мы ішлі, спатыкаючыся аб рэшткі мацэваў, углядаючыся ў напакаваныя смеццем правалы склепаў, дзе хаваліся пакутнікі гета...

Мы прайшлі ў пачатак вуліцы, міма гародзіка з кучаравым бульбяным бацвіннем, што нейкім цудам доўжыў жыццё на месцы знесеных прыватных сядзібаў. Вялізны бетонны куб схаваўся ў зарасніку пустазелля, вакол валяліся пустыя бутэлькі, пачкі з-пад цыгарэт, абгорткі ад цукерак... На кубе было пазначана, што вуліца названа «...у гонар святкавання 3000-годдзя Ерусаліма»...

«...Можно с уверенностью говорить о привлекательности Беларуси для туристов с еврейскими корнями из Беларуси, которым есть что предложить, будь то духовные, материальные или просто человеческие ценности, связанные с еврейским наследием в Беларуси…»

Гэта з рэкламнага тэксту «Белінтурыста».

У спісе турыстычных аб’ектаў — могілкі на Сухой.

Могілкі, каторых няма.

...Прайшло пяць гадоў. Да «Трох камянёў» дадаліся яшчэ чатыры — ад жыхароў Кёльна ды Бона, Берліна, Франкфурта-на-Майне і Аўстрыі. Але мінскія мацэвы як ляжалі, так і ляжаць покатам, зарастаючы быллём няспыннага часу.

…Калі мы, хто завецца беларускім народам, не спатыкнёмся аб хрысціянскія, яўрэйскія, мусульманскія, пратэстанцкія, уніяцкія камяні, не апрытомнеем у грэху не толькі перад продкамі, але і як браты перад братамі, то невядома, колькі яшчэ пражывём у дзікунстве. Альбо гэтую духоўную гістарычную працу зробяць за нас (не, замест нас!) іншыя пакаленні.

Магчыма, той самы хлопчык, што ўсклікнуў: «Гэта ж помнікі!»

Таму што камяні ўсё роўна вырастуць з зямлі.

[email protected]

Каментары4

Цяпер чытаюць

Кітайскія аўто ўсё часцей сустракаюцца на беларускіх дарогах. Але ці варта іх купляць? Расказваюць уладальнікі3

Кітайскія аўто ўсё часцей сустракаюцца на беларускіх дарогах. Але ці варта іх купляць? Расказваюць уладальнікі

Усе навіны →
Усе навіны

У Польшчу заляцелі больш за два дзясяткі расійскіх дронаў, а не 101

Беларусь і Польшча сёння ўначы абменьваліся інфармацыяй пра расійскія беспілотнікі — генштаб Беларусі14

У Расіі Z-блогера запісалі пры абмеркаванні адкату на пастаўках гуманітарнай дапамогі3

Ціханоўская пра залёт расійскіх дронаў у Польшчу: Еўропа павінна адказаць адзінствам і сілай, каб спыніць гэтую агрэсію5

Apple прэзентавала ўльтратонкі iPhone Air, бяздротавыя навушнікі з функцыяй імгненнага перакладу і смарт-гадзіннік, які мерае ціск1

Дрон упаў на жылы дом у Польшчы

Дар‘я Шманай: Адчуваю сябе масквічкай31

Паветраную прастору Польшчы парушылі шматлікія беспілотнікі. Закрываліся аэрадромы, дроны збівала авіяцыя НАТА48

У Новай Зеландыі бацька забраў траіх дзяцей і чатыры гады жыў з імі ў лесе. Ён загінуў у выніку перастрэлкі з паліцыяй2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Кітайскія аўто ўсё часцей сустракаюцца на беларускіх дарогах. Але ці варта іх купляць? Расказваюць уладальнікі3

Кітайскія аўто ўсё часцей сустракаюцца на беларускіх дарогах. Але ці варта іх купляць? Расказваюць уладальнікі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць