Грамадства11

У Вільні памёр грамадскі дзеяч Яраслаў Станкевіч

Грамадскі дзеяч, вучань Віленскай беларускай гімназіі і настаўнік Віленскай беларускай школы (ужо ў нашы дні), памёр у пятніцу на 84-м годзе жыцця.

Сын славутага віленскага беларускага кнігара Станіслава Станкевіча Яраслаў быў адным з сімвалаў беларускай грамады ў Літве.

Распавядае дырэктарка Віленскага беларускага музэю Івана Луцкевіча Людвіка Кардзіс:

«Сям’я доўгі час жыла ў цяжкім стане, калі бацька быў у сталінскіх лягерах. Але чым яны для нас адметныя і служаць прыкладам, дык гэта тым, што людзі захавалі праз усё жыцьцё беларускую мову.
Яраслаў Станкевіч вучыўся ў беларускай гімназіі, але ён яе ня скончыў, бо яна была зачыненая саветамі. І пасьля, канечне, ён як беларус ня мог у Вільні рэалізавацца, бо не было ў той час тут ніякіх беларускіх устаноў. Ён працаваў у польскай школе, выкладаў хімію. Пасьля ўжо, калі адкрылася беларуская сярэдняя школа імя Францішка Скарыны (цяпер гімназія), ён перайшоў туды выкладаць хімію».

Але ня толькі хімію выкладаў у гімназіі спадар Станкевіч.

Была яшчэ ягоная школа шахматаў.
А яшчэ — сама ягоная асоба. Працягвае дырэктарка Віленскай беларускай гімназіі Галіна Сівалава:

«Пакуль ён працаваў, у нас абавязковым прадметам для першых-шостых клясаў былі шахматы. Ён быў цудоўны выкладчык. І яшчэ ён быў — жывая памяць пра тую даваенную гімназію, тыя даваенныя часы. Ён быў — тая сувязь, тая нітачка, якая зьвязвала нас. Я не скажу, што ён вельмі шмат успамінаў, але сваімі паводзінамі, сваёй прыгожай чыстай беларускай мовай, сваёй прыроджанай інтэлігентнасьцю ён рабіў незвычайнае ў школе. А як ён танцаваў! Гэтая стройная фігура, роўная сьпіна, гэтае незвычайнае ўменьне паводзіць сябе стаіць у мяне ў вачах».

Ягоныя вучні былі ў захапленьні ад свайго настаўніка. Прыгадвае адна зь іх, цяпер мастачка Паўліна Вітушчанка:

«Яго манеры былі такія прыемныя. За ім заўсёды проста прыемна было назіраць і радасна бачыць на нейкіх беларускіх імпрэзах.
Проста браў гонар за беларускіх віленчукоў, якія, пражыўшы ўсё жыцьцё ў Літве, захавалі і беларускую мову, і беларускія каштоўнасьці, і беларускую самаідэнтыфікацыю. І, можа, нам цяперашнім гэтага не хапае. У яго можна было гэтаму вучыцца».

Родная мова, нацыянальныя традыцыі, шляхетнасьць паводзін — усё тое, што перадаецца ў беларускім родзе Станкевічаў з пакаленьня ў пакаленьне. Гаворыць пляменьніца спадара Яраслава, кіраўніца турыстычнай фірмы, якая працуе зь беларусамі, Ангеліна Якшцене:

«Дзядзька Яраш — гэта той чалавек, каго я помню з самых малых гадоў сваіх.
У яго два сыны, і я, па-першае, вельмі ўдзячная сваім бацькам і яму, што хоць я ня маю родных братоў, усё ж такі мы зь імі маем адзін аднаго. Гэта вельмі важна для жыцьця, бо гэта адчуваеш нават сёньня, што ёсьць ягоныя людзі, каторыя для мяне таксама свае. Я ўдзячная сваім бацькам і дзядзьку Яру, што яны гэта змаглі зрабіць. Па-другое, сапраўды, гэтая беларускасьць, якая прыйшла зь імі. Я яе адчувала паміж мамай і братам ейным. Ня бачачы гэтага, я хіба не змагла б так успрыняць гэтую беларускасьць, каторая праходзіла праз гады ў іх сям’і. Гэта таксама ня словы, гэта тое жыцьцё, якое я бачыла і якое не магло ня мець уплыву на мяне. Ужо ў Алесю, маім сыну, гэта працягваецца. Ён нарадзіўся ў Літве, але ён размаўляе па-беларуску. Гэта ўжо наша трэцяе пакаленьне, якое жыве ў Літве і застаецца беларускім. І я вельмі ўдзячная маме і дзядзьку Яру, што яны гэта маглі зрабіць».

Яраслава Станкевіча пахаваюць 31 ліпеня ў Вільні на могілках Карвелішкі. У яго засталіся сыны Алік і Слава, унук Уладзік і праўнук Эрык.

Каментары1

Цяпер чытаюць

«Я першамайскае быдла і ліміта, базару нуль. Але блізкі да цэнтра прыняцця рашэнняў». Што Тур піша пад псеўданімам у «экстрэмісцкім» чаце19

«Я першамайскае быдла і ліміта, базару нуль. Але блізкі да цэнтра прыняцця рашэнняў». Што Тур піша пад псеўданімам у «экстрэмісцкім» чаце

Усе навіны →
Усе навіны

«Узровень правоў, свабод і ўмоў працы — горш, чым у школьнага настаўніка». Як справы ў выкладчыкаў-практыкаў у БДУІР і тэхнічных ВНУ ў 2025 годзе2

Маці расіяніна, які загінуў на вайне з Украінай, памерла на яго магіле8

«Мне нават цяжка вымаўляць, што там рускія, беларусы». Лукашэнка зноў заявіў пра «адзін народ»20

У Мінску завяршылі рэканструкцыю школы 1936 года ВІДЭА3

З'явіўся новы штодзённы аўтобусны рэйс у Вільню1

Ужо 23 чалавекі выслалі з Польшчы праз канцэрт Макса Каржа8

На фронце загінуў 27-гадовы хлопец з Вілейкі, які змагаўся на баку Расіі51

Засмучаны трэнер мазырскай «Славіі» пасля няўдалага матча так паразмаўляў з журналістам, што стварыў мем2

Кіроўцаў будуць караць за язду без уключаных фар удзень. Колькі штраф?1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Я першамайскае быдла і ліміта, базару нуль. Але блізкі да цэнтра прыняцця рашэнняў». Што Тур піша пад псеўданімам у «экстрэмісцкім» чаце19

«Я першамайскае быдла і ліміта, базару нуль. Але блізкі да цэнтра прыняцця рашэнняў». Што Тур піша пад псеўданімам у «экстрэмісцкім» чаце

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць