Грамадства1010

Карэйская сярэдняя адукацыя — найлепшая ў свеце. У чым сакрэт поспеху? Гутарка з другім сакратаром пасольства Карэі ў Мінску

Карэя — Паўднёвая, а не Паўночная, вядома — адзін з лідараў у сусветных рэйтынгах па сярэдняй адукацыі. У Еўропе найлепшыя школы — у Фінляндыі. А ў Азіі — у Карэі. Мы пагутарылі з другім сакратаром пасольства Карэі ў Мінску спадаром Ку Бон Ілем аб сакрэце поспеху карэйскай адукацыі.

«Наша Ніва»: Якія рэформы і калі праводзіліся ў карэйскай сістэме адукацыі?

Ку Бон Іль: З адкрыццём карэйскіх партоў у канцы ХІХ ст. пачалася палітыка «адчыненых дзвярэй», гэта адбілася і на сістэме адукацыі. Складаючы з іншымі краінамі свету дамовы аб гандлі, карэйскі ўрад судакранаўся з развітой цывілізацыяй Захаду, што дало кіраўнікам краіны і першапраходцам імпульс да пачатку руху па ўкараненні сучаснай адукацыі.

Да 1910 года агульная колькасць прыватных навучальных устаноў па ўсёй краіне, у тым ліку 796 хрысціянскіх школ, дасягнула амаль 3-х тысяч.

Пасля вызвалення ад японскага каланіяльнага панавання 15 жніўня 1945 намаганні карэйскага інстытута адукацыі ішлі на тое, каб знайсці такі курс у нацыянальным навучанні, які б не проста слепа пераймаў ідэі з Захаду, а служыў фарміраванню новага грамадскага парадку шляхам перабудовы існуючай сістэмы з улікам наватарскіх заходніх канцэпцый.

З пачаткам Пятай Рэспублікі шляхам рэалізацыі рэформы ў сістэме адукацыі 30 ліпеня 1980 быў прыняты шэраг важных мер, такіх, як скасаванне індывідуальных заняткаў з рэпетытарамі, змена сістэмы адзнак у вышэйшай школе, укараненне сістэмы паступлення ва ўніверсітэты на аснове вынікаў дзяржаўных экзаменаў, увядзенне сістэмы 4-гадовага навучання ў педагагічных навучальных установах.

З моманту атрымання незалежнасці і да цяперашняга часу сферай, на якую ўрад зрабіў найбольшы акцэнт, з'яўляецца пачатковая адукацыя: была ўведзеная праграма абавязковага шасцігадовага навучання, такім чынам за пачатковай адукацыяй замацаваўся прынцып абавязковасці і бясплатнасці.

«Асноўны закон аб адукацыі» 1998 года абвяшчае: «Кожны грамадзянін мае права на атрыманне абавязковай адукацыі, якое ўяўляе сабой 6 гадоў навучання ў пачатковай школе і 3 гады — у сярэдняй. У залежнасці ад фінансавай сітуацыі ў краіне абавязковае 3-гадовае навучанне ў сярэдняй школе ажыццяўляецца ў адпаведнасці з указам Прэзідэнта».

«НН»: Якая сістэма паступлення ў карэйскія ўніверсітэты?

КБІ: Цяпер у Карэі навучанне ў пачатковай школе доўжыцца 6 гадоў, у сярэдняй — 3 гады, у вышэйшай —3, ва ўніверсітэце —4, то бок па сістэме 6-3-3-4.

У Беларусі да паступлення ва ўніверсітэт працэс навучання праходзіць у адным месцы, у Карэі ж пачатковая, сярэдняя і вышэйшая школы функцыянуюць асобна, са сваімі ўступнымі і выпускнымі экзаменамі.

Сучасная карэйская сістэма паступлення ва ўніверсітэт прадугледжвае, што навучэнец вышэйшай школы для паступлення ва ўніверсітэт у першую чаргу здае экзамен на здольнасць да навучання ў вышэйшай навучальнай установе (складаецца найперш з заданняў па карэйскай і англійскай мове, матэматыцы, а таксама прадметах на выбар абітурыента, здаваць можна раз на год). Да гэтага экзамена вучні рыхтуюцца цэлы год.

Таксама пад увагу бяруцца і такія важныя фактары, як высокія адзнакі ў рэгістры школьнага жыцця.

Рэгістр школьнага жыцця, ці, як яго яшчэ называюць, вучнёўская ведамасць, справаздача аб паспяховасці, уяўляе сабой журнал, у якім фіксуецца разнастайная інфармацыя пра школьнае жыццё вучня. Справаздача аб паспяховасці дзеліцца на «дысцыплінарную» і «недысцыплінарную». «Дысцыплінарная справаздача» складаецца на падставе рэйтынгавай сістэмы ацэнкі ведаў, а ў аснове «недысцыплінарнай справаздачы » ляжыць інфармацыя аб грамадскім жыцці, атэстат, сертыфікацыі валодання англійскай мовай, узнагароды і дасягненні.

Планавы набор у ВНУ ажыццяўляецца пасля абвяшчэння вынікаў «экзамену на здольнасць да навучання ў ВНУ». Планавы набор прадугледжвае класіфікацыю навучальных устаноў па групах (ка-гун, на-гун, та-гун), такім чынам, агулам можна здаваць уступныя экзамены ў тры ВНУ. Кожны ўніверсітэт адбірае студэнтаў на падставе сумарных вынікаў «экзамена на здольнасць да навучання ў ВНУ», дадзеных з «рэгістра школьнага жыцця», а таксама ўласных уступных экзаменаў.

«НН»: Ці вялікія заробкі ў настаўнікаў і выкладчыкаў універсітэтаў?

КБІ: Настаўнікі пачатковай, сярэдняй і старэйшай школы ў Карэі атрымліваюць заробак, які адпавядае заробку карэйскага чыноўніка, у залежнасці ад стажу працы ён можа павялічвацца. Так, па неафіцыйных дадзеных, гадавы аклад мужчыны, які выкладае карэйскую мову, англійскую мову або матэматыку са стажам працы 5—6 гадоў з улікам розных надбавак складае каля 40 тысяч даляраў у год.

Гадавы аклад прафесара ўніверсітэта ў залежнасці ад узроўню яго дасягненняў і асабістых здольнасцяў, а таксама зыходзячы з таго, прыватны ці дзяржаўны ўніверсітэт з'яўляецца месцам яго працы, што істотна ўплывае на памер акладу, складае каля 70 тысяч даляраў.

«НН»: Якія прадметы вывучаюцца ў школах?

КБІ: У пачатковай школе вывучаецца карэйская мова, англійская мова, этыка, грамадазнаўства, матэматыка, прыродазнаўства, фізкультура, мастацтва.

У сярэдняй школе — карэйская мова, англійская мова, этыка, грамадазнаўства, матэматыка, прыродазнаўства, працоўнае навучанне, фізкультура, музыка, выяўленчае мастацтва.

У старэйшай школе да прадметаў дадаецца вывучэнне гісторыі.

Акрамя вышэйзгаданых абавязковых дысцыплін ёсць і факультатыўныя: кітайская іерогліфіка, інфарматыка, ахова навакольнага асяроддзя, медыцына, другая замежная мова, а таксама рознага роду практычныя заняткі і грамадская дзейнасць.

«НН»: Ці шмат увагі надаецца вывучэнню англійскай мовы?

КБІ: У нашай краіне англійская мова ў пачатковай школе ў асноўным пачынае выкладацца з 3 класа. У год агульная колькасць абавязковых гадзін англійскай мовы для 3—4 класаў пачатковай школы складае 45 гадзін за год, для 5—6 класаў — 68 гадзін, для сярэдняй школы — 85 гадзін.

Акрамя таго, з-за павальнага жадання бацькоў у Карэі навучаюць дзіця англійскай мове з самага дзяцінства, актыўна ўводзіцца практыка выкладання такіх прадметаў, як грамадазнаўства і прыродазнаўства, на англійскай мове ў дадатак да рэгулярных заняткаў.

Агульная колькасць гадзін для заняткаў англійскай мовай у 40 прыватных пачатковых школах Сеула ў 2013 годзе склала 1341 гадзін, а ў дзяржаўных пачатковых школах —340 гадзін, і сведчыць аб існаванні значных адрозненняў паміж дзяржаўнымі і прыватнымі школамі. Гэтыя адрозненні, зразумела, прыводзяць да празмернага распаўсюджвання прыватнага рэпетытарства ў дадатак да рэгулярных і факультатыўных заняткаў, што вя-дзе да росту сацыяльных праблем.

У якасці другой замежнай мовы ў сярэдняй і старэйшай школе найбольшай папулярнасцю карыстаюцца нямецкая, французская, іспанская, японская, руская і арабская мовы.

«НН»: Колькі гадзін у дзень займаюцца карэйскія школьнікі?

КБІ: У Карэі колькасць афіцыйных навучальных дзён у годзе складае 190 дзён, што, выключаючы некалькі краін-удзельніц Арганізацыі эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця з меншай колькасцю дзён (ЗША — 180, Японія — 175, Францыя — 175-180, Беларусь — 175), з'яўляецца сярэднім паказчыкам сярод большасці краін.

1) Пачатковая школа — 1, 2 класы: 560 гадзін за год;

3—4 класы: 657 гадзін;

5—6 класы: 725 гадзін.

2) Сярэдняя школа: 841 гадзін.

3) Старэйшая школа: 963 гадзіны.

«НН»: Ці шмат адлічваюць людзей з універсітэтаў?

КБІ: У карэйскіх універсітэтах уведзена сістэма папярэджанняў. У Сеульскім нацыянальным універсітэце ў выпадку атрымання студэнтам менш чым 1,7 крэдыта (адзнака 4) ці наяўнасці больш чым па трох дысцыплінах адзнакі F (найніжэйшая), ён атрымлівае папярэджанне. Калі назапашваецца 4 такія папярэджанні, студэнт выключаецца з навучальнай установы і паўторна паступіць ва ўніверсітэт мае права толькі праз год. Пасля паўторнага паступлення ва ўніверсітэт і атрымання яшчэ 2 папярэджанняў, паступіць зноў студэнт ужо не можа. У дадатак да дрэннай паспяховасці ёсць і іншыя прычыны, па якіх студэнт можа пакінуць навучальную ўстанову. Ёсць выпадкі, калі студэнт, пачаўшы ў перыяд навучання працаваць, вырашае, што вучоба яму не патрэбна і кідае яе. У 2012 годзе ў Сеульскім нацыянальным універсітэце колькасць студэнтаў, якія пакінулі ўніверсітэт па прычыне адлічэння або па ўласным жаданні, дасягнула лічбы 141 чалавек. Улічваючы той факт, што ў 2012 годзе колькасць людзей, якія паступілі ва ўніверсітэт, склала 3596 чалавек, працэнт тых, хто пакінуў вучобу, склаў 3,59 %.

* * *

Навучальны год

дзеліцца на два семестры. Першы — ад сакавіка да сярэдзіны ліпеня. Другі — з канца жніўня да сярэдзіны лютага.

Плата за навучанне

Пачатковая і сярэдняя школы бясплатныя, а вось вышэйшая — платная. Тым не менш, у яе ідзе вучыцца больш за 90% школьнікаў. Навучанне ва ўніверсітэтах таксама вядзецца толькі за грошы. Але ёсць сістэма грантаў для паспяховых вучняў.

Каментары10

Цяпер чытаюць

Пасля паездкі за межы ЕС таямніча знік Анатоль Котаў, былая правая рука Паўла Латушкі3

Пасля паездкі за межы ЕС таямніча знік Анатоль Котаў, былая правая рука Паўла Латушкі

Усе навіны →
Усе навіны

Ад атак дронаў загарэўся тэрмінал порта Усць-Луга пад Пецярбургам2

Вольга Лойка: Лукашэнка вельмі моцна баіцца Пуціна27

«Вы бароніце не толькі сваю зямлю — вы бароніце права ўсіх людзей жыць у свабодзе». Ціханоўская — да Дня Незалежнасці Украіны12

У Gazeta Wyborcza з'явіўся зварот палякаў да Туска, у якім рэзка асуджаюцца дэпартацыі пасля канцэрта Каржа52

Мінскія ўлады расказалі, дзе абсталююць пляцоўкі для пляжнага валейбола і футбола2

Лукашэнка павіншаваў народ Украіны з Днём Незалежнасці, пажадаў «па-сапраўднаму незалежнага развіцця»14

«Абутак для сапраўдных патрыётаў»: беларуская фабрыка робіць для школьнікаў боты з чырвона-зялёнымі шнуркамі30

Якім будзе надвор'е ў апошні тыдзень лета

«Шэдэўры Малевіча» з-пад матраца пенсіянеркі. Кур'ёз у свеце мастацтва2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Пасля паездкі за межы ЕС таямніча знік Анатоль Котаў, былая правая рука Паўла Латушкі3

Пасля паездкі за межы ЕС таямніча знік Анатоль Котаў, былая правая рука Паўла Латушкі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць