Па рахунках Charlie Hebdo у мусульманскім Нігеры плацяць хрысціяне
Як мінімум 10 чалавек загінула і 45 цэркваў былі спаленыя падчас масавых беспарадкаў у Нігеры, якія былі выкліканыя карыкатурамі ў французскім ультралевым часопісе Charlie Hebdo, піша bbc.com са спасылкай на мясцовую паліцыю.
Яшчэ больш за 170 чалавек атрымалі раненні. Урад абвясціў трохдзённую жалобу па загінулых.

Ісламісты забілі 12 чалавек падчас нападу на рэдакцыю французскага часопіса ў пачатку студзеня за размешчаныя імі карыкатуры ці то на прарока Мухамеда, ці то на кіраўніка так званай «Ісламскай дзяржавы Ірака і Леванта».
Міністэрства унутраных спраў Нігера заявіла, што некаторыя з удзельнікаў хваляванняў трымалі сцягі ў падтрымку ісламісцкай групоўкі «Бока Харам» з суседняй Нігерыі.
«Бока Харам» (літаральна — «Заходняя адукацыя забароненая») — арганізацыя, якую лічыць тэрарыстычнай Рада Бяспекі ААН. Асноўная яе база — Нігерыя. З ліпеня 2009 па чэрвень 2014 года баевікі «Бока Харам» забілі і закатавалі больш за 5000 чалавек. Больш за мільён чалавек сталі бежанцамі, каб не жыць пад пагрозай расправы з боку ісламістаў.
У красавіку 2014 году яны ўзялі ў палон 276 дзяўчынак-школьніц, якія атрымлівалі «забароненую адукацыю». 50 з іх змаглі ўцячы, астатнія, згодна з заявамі ісламістаў, былі «аддадзеныя замуж». Іх прымушалі прыняць іслам, а тых, хто адмовіўся, зрабілі нявольніцамі, сказаў сам лідар «Бока Харам» Абубакар Шэкау. У кастрычніку з палону збеглі яшчэ 4 дзяўчыны, якія распавялі, што іх трымалі ў вязніцы і кожны дзень гвалтавалі.
Вядомыя і многія іншыя выпадкі, калі баевікі гэтай арганізацыі бралі ў палон мясцовых хрысціян і хрысціянак, каб катаваць іх, прымушаючы прыняць іслам, пераўтвараць у нявольнікаў ці забіваць для запалохвання насельніцтва.
Урад высвятляе, ці сапраўды «Бока Харам», якая дзейнічае таксама ў суседніх Камеруне і Чадзе, прыклала руку да хвалі беспарадкаў.
***
Чытайце таксама: Крывавая разня ў Нігерыі: вынішчэнне вёсак, выкраданне людзей і расстрэлы салдат
Каментары