НАТА заклікае Расію спыніць падтрымку рэжыму Башара Асада і засяродзіцца на барацьбе з «Ісламскай дзяржавай», заявіў генеральны сакратар Паўночнаатлантычнага альянсу Енс Столтэнберг.

Заява прагучала напярэдадні сустрэчы міністраў абароны альянсу ў Брусэлі, дзе галоўным пытаннем стане абвастрэнне сітуацыі на Блізкім Усходзе пасля пачатку расійскіх бамбардзіровак сірыйскай тэрыторыі.
Генеральны сакратар адзначыў, што расійскія авіяўдары і абстрэлы тэрыторыі Сірыі карабельнымі ракетамі з'яўляюцца «прычынамі для клопату», але асаблівую трывогу выклікае пагроза бяспекі членаў альянсу.
З пачатку расійскай ваеннай аперацыі расійскія самалёты як мінімум двойчы ўрываліся ў паветраную прастору Турцыі.
«НАТА гатова і ў стане абараніць усіх сваіх саюзнікаў, у тым ліку Турцыю, супраць любых пагроз», — заявіў Столтэнберг. Паводле яго слоў, альянс гатовы разгарнуць у рэгіёне, у тым ліку на поўдні Турцыі, дадатковыя ваенныя сілы.
Дзеянні Расіі вядуць да таго, што небяспечная сітуацыя робіцца значна больш небяспечнай, падтрымаў Столтэнберга брытанскі міністр абароны Майкл Фэлан.
На яго думку, самае карыснае, што маглі б зрабіць расійскія ўлады, гэта «выкарыстоўваць свой уплыў на Башара Асада, каб прымусіць яго спыніць бамбёжкі мірнага насельніцтва».
Каментары