Гісторыя поспеху заснавальніка «Контэ Спа» Валянціна Байко: як настаўнік музыкі разбагацеў на калготках
Піша Ягор Марціновіч.
Апошнія дні снежня 2015 года, Гродна, Скідзельскі рынак. Індывідуальныя прадпрымальнікі распрадаюць рэшткі тавару, але цану моцна не скідваюць.
«Гэта ў вас якія панчохі, турэцкія? — удакладняе жанчына. — А чаго яны такія дарагія? Беларускія ж таннейшыя і больш якасныя». — «А што, усім цяпер толькі «Контэ» прадаваць?»— адказвае пытаннем на пытанне прадавачка.
Ад пачатку студзеня турэцкія панчохі на рынку больш не прадаюць. Прадпрымальнікі млява чакаюць ласкі з боку дзяржавы, але чыноўнікі раней ужо давалі ім некалькі адтэрміновак. Цяпер усё сур’ёзна. Гаспадар «Контэ» Валянцін Байко можа святкаваць перамогу над туркамі.

Байко — найбагацейшы гродзенскі прадпрымальнік і адзін з самых уплывовых бізнэсоўцаў краіны. Яго імя спажыўцы могуць і не ведаць, затое прадукцыяй «Контэ Спа» карыстаецца абсалютная большасць жанчын краіны.
Украінскія маркетолагі ацанілі кошт брэнда на $50 мільёнаў! І гэта толькі назва, без прамысловых магутнасцяў. Сярод прыватных кампаній Беларусі «Контэ Спа» займае другое месца па прыбытковасці, наперадзе толькі «Еўраопт».
«Наша Ніва» расказвае, як стваралася бізнэс-імперыя сям’і Байко.
«Калі б у школе нармальна плацілі, не пайшоў бы ў бізнэс»
20-я школа Гродна — адна з нямногіх навучальных устаноў, якія маюць уласны музей. На сценах развешаныя стэнды са здымкамі славутых навучэнцаў. Найчасцей сустракаюцца фота бізнэсоўцаў Валянціна Байко і Андрэя Паўлоўскага — выпускнікоў, якія сталі асноўнымі фундатарамі музея.
Якім вучнем быў будучы мільянер? Выдатнікам не быў, але і на другі год не пакідалі… Настаўнікі, якія выкладалі ў яго, ужо на пенсіі. Таму работнікі школы раяць звярнуцца да паліттэхнолага і літаратуразнаўцы Аляксандра Фядуты, які ў свой час настаўнічаў у 20-й школе.
У кнізе «Маленькі Парыж», напісанай Фядутам пра Гродна, «Валік Байко» некалькі разоў згадваецца як выхавацель у падлеткавым лагеры «Навука» для пераможцаў раённых алімпіяд.
«Валік быў нешматслоўным, засяроджваўся на працы. Карыстаўся кожнай магчымасцю, каб сумленна зарабіць. Ездзіў працаваць у летнікі, іграў на вяселлях», — расказвае Фядута.
«Я па адукацыі настаўнік пачатковых класаў і музыкі. І калі б у школе нармальна плацілі, я б не пайшоў у бізнэс», — узгадваў Байко ў інтэрв’ю «Камсамольскай праўдзе».
Ад бананаў да панчох
У пачатку 1990-х многія жыхары заходняй Беларусі зараблялі прымежным гандлем, і сям’я Байко не была выключэннем. Сям’я — гэта бацька, Валянцін Байко-старэйшы, які надаў бізнэсу першаснае паскарэнне, і яго два сыны.
Валянціна Байко-малодшага называюць агульным кіраўніком справы, а Дзмітрый займаецца будаўнічымі праектамі. На панчохах і калготках спыніліся не адразу. Сямейныя легенды расказваюць нават пра спробы гандлю бананамі. А для старту бізнэсу давялося прадаць аўтамабіль.
Першыя два вязальныя станкі бралі ў немцаў у кошт доўга. На беларускім рынку панчохі не выпускаліся, таму прадпрымальнікам удалося заняць свабодную нішу.
«Контэ Спа» з’явілася ў 1997 годзе, партнёрам сям’і Байко быў гродзенскі бізнэсмен Рычард Шэраль. Ён і цяпер працуе топ- менеджарам у структуры кампаніі.
Панчохі пайшлі на экспарт, што дазволіла атрымаць валюту для далейшага развіцця вытворчасці. Сакрэт поспеху «Контэ» быў у арыентацыі на замежжа. Дагэтуль больш за палову прадукцыі ідзе на суседнія рынкі, перадусім Расіі і Украіны. У гэтых краінах «Контэ» вядзе актыўную рэкламную кампанію. Напрыклад, на майдане Незалежнасці ў Кіеве нават у часе рэвалюцыі вісела гіганцкая расцяжка беларускай кампаніі.
У апошні час «Контэ» зарабляла дзясяткі мільёнаў даляраў штогод (глядзі ўрэзку). Кампанія навучылася аператыўна рэагаваць на запыты спажыўца. Гэта даўно ўжо не толькі панчохі з калготкамі.
Штаны, камбінезоны, шкарпэткі? Лёгка. Майткі, шапкі? Калі ласка. Трыкатажная прадукцыя прадаецца пад брэндам Esli, а мужчынскія тавары назвалі DiWaRi.
У асартыменце з’явіліся і дробныя аксесуары накшталт заколак для валасоў. Іх выпускаюць у Кітаі, а пасля імпартуюць у Беларусь.
Калі «Контэ» толькі з’яўлялася на рынку панчох, канкурэнцыя была невялікай. Але рынак адзення нашмат больш насычаны. Пашыраючы вытворчасць, Байко мусіў лабіраваць інтарэсы сваіх кампаній.

Пралабіраваная рэформа
Філасофія бізнэсоўца супала з эканамічным светапоглядам Аляксандра Лукашэнкі. Чым выпуск шкарпэтак і купальнікаў не імпартазамяшчэнне?
«Беллегпрам» і раней вёў млявую барацьбу супраць замежных тавараў, але «Світанак» з «Купалінкай» знаходзіліся пад малаэфектыўным дзяржаўным кіраўніцтвам і не дэманстравалі поспехаў.
Валянцін Байко пастаянна даводзіў, што індывідуальныя прадпрымальнікі маюць неабгрунтаваныя льготы. Адстойваў ён сваю пазіцыю і на нарадах ва ўрадзе.
«Многія гады было ўзаконена, што людзі, якія гандлююць на базарах, не мелі дакументаў, якія пацвярджаюць набыццё тавару. Такая пастаноўка пытання з’яўляецца дзіўнай і нелагічнай у цывілізаваным свеце. У кожнага чалавека, які мае дом, машыну, адзенне, ёсць дакументы. А тут цэлая армія прадпрымальнікаў у нейкіх ільготных умовах. Гэта фактычна ўзаконены канал збыту нелегальных тавараў з Кітая і Кыргызстана!» — летась даводзіў сваю пазіцыю Байко ў эфіры «Беларусь-1».
Увядзенне сертыфікацыі перадзеліць рынак. Іпэшнікі будуць з яго вымытыя, і найбольшую выгаду атрымаюць беларускія вытворцы.
«Нішы будуць занятыя суб’ектамі гаспадарання, не толькі вытворцамі, але і імпарцёрамі, якія ў стане прывозіць прадукт з нармальнымі дакументамі», — спрагназаваў Байко. Ягоны «Контэ» трапляе ў абедзве катэгорыі.
Сам бізнэсовец запэўнівае, што дбае пра роўныя ўмовы працы: «Калі прадпрымальнік на рынку не мае дакументаў, той, хто закупіць легальны тавар і сплаціць з гэтага большы падатак, стане не- канкурэнтаздольным. Цяпер, калі ўсе будуць у роўных умовах, усе будуць абавязаныя перастроіцца. Ці ісці на завод працаваць, ці стаць мастакамі і музыкантамі, ці прадпрымальнікамі».
Дзяржава з насцярогай ставіцца да поспехаў прыватнікаў. Другое і трэцяе месцы рэйтынгу гродзенскіх бізнэсоўцаў — згаданы вышэй сенатар Андрэй Паўлоўскі (сельскагаспадарчая кампанія «Біяком») і сям’я Зухавіцкіх (мэбля «ЗОВ»), — пад следствам.
А «Контэ Спа» тым часам увайшло ў склад «Беллегпрама». Летам 2015 года старшыня канцэрна заявіў, што паспяховае прадпрыемства само папрасілася пад дзяржаўнае крыло.
Гандлёвыя цэнтры, крамы, клубы
Малодшы з братоў, Дзмітрый, курыруе будаўнічы бізнэс. Сям’я Байко ўшчыльную занялася гандлёвымі цэнтрамі.
Увосень 2015 года на вуліцы Дубко ў Гродне адкрыўся цэнтр Old City («Стары горад») з гіпермаркетам «Гіпа». На першым паверсе будынка ўзвялі імправізаваны замак са старой цэглы, сабранай у польскіх вёсках.

Пры дапамозе палякаў сям’я Байко збіраецца будаваць у Гродне яшчэ адзін гандлёвы цэнтр, на рагу праспектаў Кляцкова і Янкі Купалы. Кошт «Трыніці» («Тройца») ацэньваецца на 66 мільёнаў еўра. Праект прадугледжвае больш за 60 тысяч м2 гандлёвых плошчаў і можа стаць найбуйнейшым гандлёвым цэнтрам у краіне.

Таксама Байко валодае клубамі і рэстаранамі ў Гродне, а таксама сеткай крамаў касметыкі і бытавой хіміі «Оптыма».
Рэзідэнцыі сям’і Байко
Гродна — горад з каралеўскім мінулым і рэкардсмен краіны па прыросце насельніцтва. На ўскрайку горада разбудоўваюцца панэльныя спальныя раёны, і тым даражэйшай становіцца зямля ў гістарычным цэнтры і каля вады.
Уздоўж кручастых берагоў Нёмана, які разразае Гродна надвое, знаходзяцца некалькі паркаў. Будаўніцтва тут фактычна не вядзецца. Аднак пару гадоў таму ў парку Ласосна паўстаў комплекс з некалькіх катэджаў. Некалькі драўляных вясковых хатак тут стаялі і раней. Але цяпер яны сталі хлявамі побач з сучаснымі дамамі. У Ласосне ўзвяла свае катэджы бізнэс-эліта Гродна.
«Рух забаронены» — такі знак сустракае няпрошаных гасцей. Першым за шлагбаумам стаіць дом Станіслава Сямашкі, уласніка будаўнічых кампаній і гатэля, названага ў гонар сябе. Гэта той дзеяч польскага руху, які падтрымаў Аляксандра Лукашэнку і ў канцы 2000-х узначаліў «афіцыйны» Саюз палякаў Беларусі.
Побач з домам Сямашкі — сціплы катэдж сям’і Байко. Калі быць дакладным, Валянціна Байко-старэйшага.

А вось сам гаспадар бізнэсу, кажуць, атабарыўся ў Калбасіне. Калісьці гэта была вёска ў прыгарадзе Гродна, аднак з цягам часу Калбасіна ўвайшло ў склад абласнога цэнтра.
Рэзідэнцыя Байко раскінулася амаль на 30 сотках зямлі. За каменным плотам, выстаўленым елачкай, два будынкі. У двары стаіць мікрааўтобус з дыпламатычнымі нумарамі. Нездарма ж Валянцін Байко-малодшы — ганаровы консул Украіны ў Гродне.

Мільянер-вегетарыянец
Разбагацеўшы, многія бізнэсоўцы змяняюць лад жыцця. Валянцін Байко не стаў выключэннем. Ён захапіўся экалогіяй.
«Мяса я не ем. Рыбу апошні раз еў паўгода таму, вырашыў, што больш не буду і ўжо не хачу, — расказваў ён «Камсамольскай праўдзе». — Я ішоў да здаровага ладу жыцця паступова. Я ніколі раней не думаў, што фрукты і ягады — гэта не дэсерт, а паўнавартасная ежа. Няма нічога смачнейшага на сняданак. Сёння гэта былі апельсіны, груша, банан, трошкі арэшкаў, ківі. А беларускія грушы, яблыкі і слівы са свайго саду ў жніўні — самыя смачныя ў свеце!»
Некалькі гадоў таму на «Контэ Спа» хацелі «павесіць» стратны калгас. Ідэя так і не была рэалізаваная, аднак інтарэс да сельскай гаспадаркі Байко займеў і нават зарэгістраваў уласную фермерскую гаспадарку.
«Я ўбачыў магчымасць жыць на прыродзе. Людзі з вёсак з’язджаюць у гарады, а я хачу жыць у вёсцы. Машына новая, кашуля чыстая — патрэбныя, але наогул шмат грошай для жыцця не трэба. Трэба, каб блізкія былі здаровыя, каб у хаце добрая атмасфера, энергетыка была».
У сям’і Валянціна Байко трое дзяцей — старэйшая дачка-студэнтка і двое сыноў-школьнікаў.
* * *
Прыбытковасць «Контэ Спа»*
2015 — $13 мільёнаў (звесткі 3-га квартала)
2014 — $42 мільёны (звесткі 1—3 кварталаў)
2013 — $22 мільёны
2012 — $56 мільёнаў
2011 — $85 мільёнаў
2010 — $53 мільёны
Агулам — больш за $270 мільёнаў
*дадзеныя Міністэрства фінансаў
* * *
Самыя паспяховыя і ўплывовыя бізнэсоўцы рэгіёнаў*
Брэстчына — Аляксандр Машэнскі («Савушкаў», «Санта Брэмар»; №5**)
Магілёўшчына — Яўген Баскін («Сервалюкс», №6)
Гродзеншчына — Валянцін Байко («Контэ Спа», №10)
Віцебшчына — Мікалай Мартынаў («Марка», №15)
Міншчына — Анатоль Капскі (БАТЭ, №32)
Гомельшчына — Дзмітрый Пахомаў («Алкапак», №55)
*па версіі «Ежедневніка» **месца ў агульнабеларускім рэйтынгу
Каментары