Літаратура2121

«Паўночны вецер для спелых пладоў»: сэкс-тупік Юрыя Станкевіча 

Піша Валеры Гапееў. 

Юрыя Станкевіча называлі ненавіснікам жанчын, гамафобам, расістам і ультраправым. Але нават яго заўзятыя крытыкі прызнаюць талент гэтага пісьменніка і сілу створаных ім вобразаў. Новая яго кніга «Паўночны вецер для спелых пладоў» падкіне паленцаў у касцёр спрэчак.

Хоць анансавалася кніга як творы пра каханне, але трэба б было вельмі сумнявацца ў Станкевічу, каб спадзявацца на тое, што сваё стаўленне да сучасных сацыяльных і маральных праблем ён не выкажа. Пра што ні піша Юры Станкевіч, тэлегоніі ён не абміне. І гэта яшчэ самы малы яго «грэх».

У новай кнізе Станкевіча герой у яго не проста Ігнат, не проста Мазур, а абавязкова і толькі «студэнт Ігнат Мазур». І так — паўсюдна, ад першай да апошняй старонкі. А ў другім творы не проста Мартын, а рэпарцёр Мартын Кайра. Ну, на тое ён і Станкевіч: вось такі вуглаваты, прамалінейны, цвердалобы нават…

Юры Станкевіч наўрад ці выкліча сімпатыю ў лібералаў. Ён, напрыклад, не хавае свайго стаўлення да аднаполага кахання. Не хавае пісьменнік і свайго стаўлення да міграцыі на еўрапейскія землі з усходу.

Як па мне, дык Станкевіч тыча нас тварам у простую ісціну: чым бліжэй нормы маралі чалавека да жывёльнага інстынкту выжывання, тым больш у яго шанцаў выжыць, і не проста выжыць, а стаць дамінуючым у грамадстве. Станкевіч упарта даводзіць сваё: усё, што стварае чалавек, яго матэрыяльная і духоўная культура ў тым ліку, павінна станавіцца памочнікам у найгалоўнейшай справе — прадаўжэнні жыцця.

Калі нехта запярэчыць: дык а дзеля чаго ўсё сёння ствараецца ў той жа цывілізаванай Еўропе, Станкевіч адказвае проста: сённяшняе ствараецца найперш дзеля неабмежаваных ужо нічым запатрабаванняў чалавека. Новаствораны культ асабістага дабрабыту і задавальнення ўсіх магчымых патрэб пад шыльдай правоў чалавека — вось супраць чаго выступае Станкевіч.

Ад постапакаліптычных «Эрэній», «П’яўкі» раман «Паўночны вецер для спелых пладоў», як і аповесць «Песня пра Леніна» розняцца вельмі. Але, вось што нечакана: прадчуванне разбурэння, апакаліпсісу існуе ў гэтых, рэалістычных цалкам творах. Непазбежнасць краху таго жыцця, той сістэмы, у якой жывуць героі Станкевіча, адчуваюцца амаль фізічна. Невыносная змрочнасць, задуха і прадчуванне смерці праз руйнаванне грамадствам самога сябе.

Калі раней Станкевіч яўна указваў на адну прычыну духоўнага вынішчэння грамадства — дыктат асобы над грамадствам, то цяпер ён вінаваціць дыктат над асобай нават не грамадствам, а купкай уладных асоб. Іншымі словамі, таталітарызм — такі самы разбуральны для грамадства, як і тая «абсалютная» дэмакратыя, якую Станкевіч разумее як усёдазволенасць.

Юры Станкевіч — культавы аўтар беларускіх ультраправых.

Аўтар прапануе нам свае «лекі». Першая пігулка — гэта нацыянальны складнік. Калі ў ранейшых творах гэта тэма гучала больш праз нелюбоў да іншых, дык цяпер нацыяналізм займеў станоўчыя фарбы, калі героям Станкевіча даводзіцца ўсведамляць сябе як арганічнай часткай супольнасці, без якой іх духоўная смерць непазбежная. Тут пэўная дыялектыка, пераход колькасці ў якасць: чым болей ты любіш сваё, тым меней ненавідзіш чужое. Зразумела чаму: любоў да свайго раскрываецца праз веды, праз інтэлектуальнасць. У многім «Паўночны вецер для спелых пладоў» у гэтым сэнсе пераклікаецца з «Любіць ноч — права пацукоў»: і там, і тут пад пагрозай знаходзіцца найперш нацыянальнае. У апошнім рамане гэта паказана калі не больш выпукла, дык меней завуалявана, тут няма здагадак: не-беларусы ў рамане — носьбіты толькі адмоўных, імперскіх, таталітарных якасцей.

Другая пігулка ад Станкевіча — гэта сэкс, каханне.

І вось тут мне здаецца, Станкевіч перайграў самога сябе, трапіў у тую пастку, якую ставіў для іншых.

Не, я не пра тэлегонію, якую зноў прапаведуе Станкевіч у сваім творы. Калі ён так перакананы — хай сабе будзе, хоць навука даўно гэтую тэорыю абвергла.

Я пра тое, што Станкевіч разам са сваім героем здрадзіў сваёй тэорыі.

Зірнём уважлівей на героя Станкевіча — студэнта Ігната. Мы бачым яго ў час, калі ён, бедны, не ведае, да якой цыцкі прысмактацца. Так, хлопцу, фактычна, трэба цыцка. Мамка. У вялікай меры герой Станкевіча — інфантыльны. Яго ўчынкі часам дзівацкія, часам проста дурнотныя.

Дык вось, рухаючы свайго героя па сваім абраным шляху здаровай жывёльнай эстэтыкі, то бок: ніякай там распусты і адначасова ніякіх штучных шлагбаўмаў, Станкевіч найскладанейшы працэс нараджэння кахання тлумачыць нечым супастаўным з тэлегоніяй: Ігнат, сустрэўшы чарговую, трэцюю дзяўчыну, адчуўшы да яе выбуховую жарсць, спрабуе адшукаць прычыну гэтай жарсці (жарсці, не кахання). Чаго яго так пацягнула да яе? Мабыць, вірусы ў іх галовах аднолькавыя — такая «арыгінальная» тэорыя.

Не буду заводзіць тут дыскусію. Калі мяне не падводзіць памяць, дык з літаратараў нябожчык Яфрэмаў, здаецца, ў «Лязо брытвы» вельмі добра патлумачыў гэты механізм падсвядомага, закладзенага прыродай выбару, які аграніла цывілізацыя.

Але герой Станкевіча кіруецца чыста прыродным, скажам больш — жывёльным інстынктам. У яго пачуццях да дзяўчыны, як і ў яе да яго, не існуе ніякіх прадумоў, акрамя элементарнай жарсці. Станкевіч хоча пераканаць нас, што толькі так і правільна?

Што ж, калі ад пачатку аўтар адпрэчвае ў сваіх твораў «распусту» як прыроднае вычварэнне, як тое, што скіравана супраць прадаўжэння жыцця, значыць, яго героям застаецца ісці за сваім прыродным пакліканнем, каб быць на меркаваным правільным шляху.

Але, але, але. Тры разы «але».

Бо тры дзяўчыны. З адной у студэнта адчувальная духоўная еднасць. З другой — сапраўднае шчырае сяброўства. І вось з трэцяй — жарсць. Згадаем мо цяпер ужо і банальную ісціну старажытных індусаў: каханне заўсёды ёсць спалучэнне духоўнай еднасці, сяброўства і жарсці. Гэта менавіта тое самае чалавечае каханне, каханне канструктыўнае, якое не руйнуе чалавечую душу, а дапамагае ёй расці, узбагачае, ўзнімае над светам.

Пакуты героя Станкевіча без дзяўчыны — гэта ломка наркамана без дозы, гэта смага плоці. І тое, як ён пакутуе, як губляе сам сябе, сведчыць пра адсутнасць сапраўднага кахання, якое з’яўляецца якраз паратункам для таго, хто кахае ў самых нечалавечых умовах.

Той хэпі-энд, якім завяршыў свой раман Юры Станкевіч, асабіста для мяне насамрэч ніякі не шчаслівы канец. Герой не стаў іншым цягам часу, пакуль сустракаўся са сваёй абранніцай-жарсцю. Яго гэтак жа «носіць», ён гэтак жа ўпадае ў «спячку», як сам Станкевіч прызнаецца: у яго «нервовы збой». І мне тут хочацца заўважыць: ці не зарана нервовы збой для маладога чалавека? Што ён такога перанёс? Што яго так змучыла? Гэта з-за «кахання»? Сам служыў, ведаю: як тры гадзіны страявой выб’юць з галавы сэкс, а вось светлыя думкі пра дзяўчыну дапамагалі тыя тры гадзіны перанесці і спакойна пасля пераматаць скрываўленыя анучы.

І вось атрымліваецца: тая прыродай указаная дарога, за якую так прапагандуе Станкевіч, заводзіць героя ў тупік. Апошнія сказы прачытаны, а ты упэўнены: не будзе ім шчасця. Не будзе ім абаім месца ў гэтым грамадстве. Не-не, не таму, што яны такія непрымірымыя барацьбіты. А таму, што яны нічому не навучыліся. Па сутнасці, герой Станкевіча пайшоў не прыродным шляхам, які прадугледжвае эвалюцыю пачуццяў, а самым што ні на ёсць жывёльным. Вось тут і паляцеў потарч улюбёны слуп маральнасці Станкевіча — тэлегонія. Прымае герой дзяўчыну, не зважаючы, што ён у яе зусім не першы, і больш за тое, была яна ў дзяцінстве згвалтаваная айчымам.

Наступная аповесць, няхай сабе з іншымі героямі, іншым часам ёсць лагічным працягам рамана. Бо яе герой — той самы студэнт Ігнат, ён угадваецца без цяжкасцей. Тое ж самае грамадства вакол, зрэшты, не грамадства, а яго бутафорыя, пранізанае здрадай, таемнымі даносамі, ілжывасцю пачуццяў. Жарсць галоўнага героя знікла (а жарсць заўсёды знікае, то не каханне). Ён адзінокі і разнявераны. Ён ніхто і нідзе. І сустракаецца цяпер ужо з жанчынай, абы спатоліць свае жаданні. Жэніцца «па залёце». І пры першым выпадку кідае і жонку, і дзіця. Каб збегчы куды? А ў той самы заходні свет, які так асуджае Станкевіч.

І што маем урэшце? Лібералізм і неабмежаваная асабістая свабода — дрэнна. Несвабоднае грамадства і абмежаванні — дрэнна. А што добра? Ісці за сваёй жарсцю, апраўдваючы сваю бездапаможнасць нейкімі там вірусамі ў мазгах?

Станкевіч змоўчвае. Адказ пішацца?

Каментары21

Цяпер чытаюць

Турэцкі лаўрэат прэміі Чэчкі быў у захапленні ад Беларусі і рэжыму ў ёй. А пасля трапіў на Акрэсціна9

Турэцкі лаўрэат прэміі Чэчкі быў у захапленні ад Беларусі і рэжыму ў ёй. А пасля трапіў на Акрэсціна

Усе навіны →
Усе навіны

Ігар Тур з жонкай пасяліўся ў лукашэнкаўскім эксперыментальным пасёлку. Каб метр яму абышоўся танней, усе камунікацыі аплацілі з бюджэту31

Назвалі папярэднюю прычыну смерці 14‑гадовага Максіма Зяньковіча, якога шукалі некалькі дзён5

Чатыром былым журналістам баранавіцкага «Інтэкс-Прэса» далі хатнюю хімію1

«Мы ўбачым літаральна ўсё»: Мэт Дэйман — пра «Адысею» Крыстафера Нолана5

Беларускія ўдзельнікі Форуму Астрожскіх у Кіеве правялі ноч у бамбасховішчах з-за масіраванага абстрэлу14

Эканамістку з Жлобіна, якая працавала ў «Беларускай цэментнай кампаніі», асудзілі за Гаюн13

Сям'я былога дырэктара ФСБ Патрушава скупіла нерухомасці на $175 мільёнаў8

Беларуску з рэдкай групай крыві, што трапіла ў ДТЗ у Тайландзе, выратавала жыхарка Крыма18

Што вядома пра расійскі след у гучнай карупцыйнай справе ўкраінскага «Энергаатама»14

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Турэцкі лаўрэат прэміі Чэчкі быў у захапленні ад Беларусі і рэжыму ў ёй. А пасля трапіў на Акрэсціна9

Турэцкі лаўрэат прэміі Чэчкі быў у захапленні ад Беларусі і рэжыму ў ёй. А пасля трапіў на Акрэсціна

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць