Нарвегія плануе рэзка падвысіць бюджэт сваёй Краёвай Абароны праз пагрозу з боку РФ
Нарвежская Краёвая Абарона — узброеныя фармаванні з мясцовых жыхароў колькасцю да 100 чалавек, якія ў выпадку вайны бяруцца за зброю, аказваюць супраціў акупантам, дапамагаюць сваёй арміі ці пераходзяць да партызанскай дзейнасці.

Цяпер Краёвую Абарону плануюць пераўзброіць найноўшымі супрацьтанкавымі і пераноснымі зенітна-ракетными комплексамі, для чаго спатрэбяцца дадаткова дзясяткі мільёнаў даляраў. Дадатковыя сродкі будуць прызначаныя на падрыхтоўку асабовага складу.
Пра гэта паведаміў партал defence24.pl.
У часы Халоднай вайны гэтая даволі танная для бюджэту краіны (усяго некалькі адсоткаў ад усяго абароннага бюджэту) галіна Узброеных сіл Нарвегіі карысталася вялікай павагай з боку саюзнікаў па НАТА, але яна была значна скарочаная ў 1990-я гады, калі пагроза з Усходу, як лічылася, стала нязначнай.
Аднак сітуацыя змянілася пасля расійскай агрэсіі супраць Украіны — акупацыі Крыма і гібрыднай вайны на Данбасе.
Цяпер доля бюджэту Краёвай Абароны ў агульным ваенным бюджэце Нарвегіі складае усяго 3,4% (каля $150 млн) — асноўная частка байцоў мае цывільную працу, атрымлівае мінімальны заробак, захоўвае ўніформу і зброю ў хаце і толькі збіраецца на вучэнні адзін ці два разы на год.
Каментары