Мова1313

Рускамоўная пісьменніца выйшла замуж за беларуса і склала незвычайны слоўнічак ягоных слоў, якіх ніколі раней не чула

Беларусы ў каментарах з зайздроснай упартасцю даказваюць жанчыне, што гэта небеларускія словы. 

Ірэна Кваснеўская. Фота з сацсетак

Ірэна Кваснеўская нарадзілася ў Польшчы, але паспела ў свой час пажыць у Расіі, Беларусі і іншых савецкіх рэспубліках. Ірэна гадуе пяцёра дзяцей, а таксама пачала пісаць кнігі на рускай мове.

Тры гады таму яна выйшла замуж за беларуса, і за гэты час яе слоўнікавы запас, як яна сама прызнаецца, неверагодна ўзбагаціўся. Ірэна апублікавала ў Threads доўгі спіс слоў, якія пачула ўпершыню ад мужа, з уласным тлумачэннем іх значэння. Допіс ужо сабраў больш за пяць соцень каментарыяў — большасць ад беларусаў, якія таксама не чулі ніколі большасць з гэтых слоў.

View on Threads

Для зручнасці мы адаптавалі беларускае напісанне слоў і, калі трэба, суправадзілі дадатковымі каментарамі:

Кáлечны — плохой. Калічны, каліч — словы, якія ўтвораныя ад слова «калека», звычайна імі апісваюць людзей, якія робяць нешта як калекі, ці рэчы, якія маюць істотныя дэфекты. У рускамоўных тэкстах можна адшукаць такое слова, але такога пашырэння як у беларускай (і беларускім варыянце рускай) яно не мае.

Вахлакнехороший человек, недотепа. Беларускія слоўнікі даюць наступнае тлумачэнне: вахла́к — нерастаропны, прастакаваты, а таксама неахайны з выгляду чалавек. Не вахлакі ж тут сядзяць.

Чапушыластранный человек. Небеларускае слова, якое прыйшло з турэмнага жаргону, дзе азначае чалавека нізкага статусу.

Нямоглы«ну тут понятно». Слабы, хваравіты.

Шмурдзякнекачественный алкоголь. Жаргоннае слова з рускай мовы. Нядаўна гэтым словам у Расіі называлі віно беларускага разліву.

Бырла — некачественный алкоголь. Гэтае слова, якое азначае таннае пладова-ягаднае віно, відаць, вядомае паўсюль. 

Этыкетка пладовага напітку «Крыжачок».

Крыжачоксамогон. Крыжачок — марка таннага беларускага пладова-ягаднага віна. 

Плужарасм. вахлак. Відаць, тое ж, што і плугар, чалавек, які стаіць за плугам. Плужарам ці проста плугам называюць фізічна моцнага, але прастакаватага хлопца, пераважна з сяла. Але ў беларускай мове такое слова не зафіксавана. 

Уплужыцьугенатать. Плугаваць ці плужыць — значыць абганяць, акучваць бульбу. Натуральна, што калі перастарацца, то можна яе ўплужыць.

Засаніцьусыпить. Слова вядомае ў цэнтральнай Беларусі і азначае 'закалыхаць'.

Залюляць укачать. Агульнавядомае беларускае слова, якое азначае 'давесці да дрымоты, да сну, люляючы'. 

Мурзатычумазый. Агульнавядомае беларускае слова, якое азначае чалавека з запэцканым, брудным тварам. 

Балэбкапляцек. Блін, аладка, дранік. Відаць, нейкае абласное слоўца, якое незафіксаванае ў слоўніках.

Руп'ёмнастырно. Рап’ём — абласное слова, якое азначае 'неадчэпна, назойліва'. Кінуцца рап'ём — тое ж самае, што і кінуцца стрымгалоў.

Пальчаткі — перчатки. Агульнавядомае беларускае слова.

Закарэлы — прикипевший. Агульнавядомае беларускае слова.

Гаранцаваць — горячиться. Абласное слова з Астравецкага раёна. У слоўніках зафіксавана адзін прыклад яго ўжывання: гаранцаваць як Вінцэсь у танцы.

Рупіць«не знает, как объяснить». Рупіць — гэта форма рупець, якое значыць турбаваць, не даваць спакою.

Пасагприданое. Агульнавядомае беларускае слова.

Шалбабонголова как большой и нефункциональный предмет, типа «бубен», а может быть тупой человек. Гэта абласное слова, якое фіксуецца на паўночным захадзе Беларусі. Шалбабон — гэта дэкаратыўная або проста любая фасоля. 

Худабздзей — худой человек. Менавіта такога слова слоўнікі не фіксуюць, а вось роднаснае слова сухабздзей у значэнні ’хударлявы чалавек’ фіксаваў яшчэ Яўфім Карскі.

Махлатынеопрятный. Махла, махлаты — гэта бяздумны, ветраны чалавек. 

Пятрушыццатрахаться, возиться. Відаць, варыянт слова ператрушваць — патрэсваць пераварочваючы, ператрасаць.

Перакуліццанаклониться, перехилиться. Агульнавядомае беларускае слова.

Саматужнасамостоятельно. Агульнавядомае беларускае слова. Саматужны — гэта той, які вырабляецца ўручную або мае адносіны да вытворчасці дамашнім, ручным, не фабрычным спосабам.

Казычыць чесать, ковырять. Варыянт агульнавядомага слова казытаць — выклікаць лёгкае нервовае раздражненне, датыкаючыся да скуры.

Кнырчувак. Агульнавядомае беларускае слова. Першапачаткова кныр — гэта самец свінні, якога пакінулі для атрымання патомства. Параўнанне з жывёлай — адзін з самых папулярных спосабаў абразіць. У суседніх славянскіх мовах ёсць аналагічнае слова — але ва ўсіх яно гучыць як кнур і толькі ў беларускай мае ўнікальную агаласоўку, якая не мае вытлумачэння.

Чарапан пренебрежительное к младшим, чувак, сопляк. Выглядае як сучаснае слэнгавае слова, якое паходзіць ад чэрапа, які ў малых дзяцей непрапарцыйна вялікі адносна астатняга цела. У дыялектах рускай мовы гэтым словам абазначаюць ганчара. Падобна да слова шкет, які таксама называюць малых хлопцаў. 

Нядойшлынедоделанный. Варыянт агульнавядомага слова нядошлы — кволы, слабы, хваравіты.

Няўдалынеудачный. Агульнавядомае беларускае слова.

Бімбосвсе что угодно, бессмысленный чувак. Варыянт абласнога слова бімбус — здаровы, тоўсты, гультаяваты падлетак.

Пацёганыпотертый, потасканный. Варыянт агульнавядомага слова пацяганы.

Лахацьорать. Нягледзячы на тое, што сёння гэтае слова ўспрымаецца выключна як сінонім да слоў смяцца ці рагатаць, утварылася яно ад слова лаяць, то бок крычаць на каго-небудзь абразлівымі словамі, так што лахаць — гэта таксама 'плявузгаць, брахаць, казаць несусвецце'.

Зявацьорать. Усё так, зяваць — гэта не толькі пазяхаць, але гучна крычаць, лаяцца: «Чаго ты зяваяш на ўсё горла». А зявасты чалавек — крыклівы. У такім значэнні гэтыя словы найчасцей ужываюцца на ўсходзе Беларусі.

Гачкасельскохозяйственное орудие. Агульнавядомае беларускае слова, якое фіксуецца ад Палесся да Віцебшчыны, якое чамусьці не ўнесена ні ў якія слоўнікі, акрамя дыялектных. Гачка — гэта звычайная матыка.

Махляробманщик. Агульнавядомае беларускае слова.

Пуцатыщекастый (пуцкі — детские щёчки). Гэта абласное слова, якое фіксуецца на паўночным захадзе Беларусі. 

Піптучок (піптук) — «неясная хрень, обычно используется в отношении магнитного штекера, ниппеля или другого соединения». Відаць, варыянт слова піпка, якім абазначаецца кончык чагосьці (ці мужчынскі палавы орган).

Растыкакто-то неловкий и бессмысленный. Гэта, відаць, запазычанне з рускай мовы, бо беларускія слоўнікі такога не фіксуюць. 

Акрамя таго, ад мужа Ірэна даведалася пра некаторыя беларускі прымаўкі:

«Памірай, а жыта сей», «працуюць як мокрае гарыць», «што згарыць, тое не згніе», «есць як на плот вешае», «раве як свіння ў плоце», «спіць як пшаніцу прадаўшы», «чалавек добры, але гаўном серыць», «насіліся як камфар у бздзінах», «гультай за работу, мазоль за руку», «як сярпом па кілах», «гэта вам не конікаў з гаўна ляпіць», «не лезь на дах, не псуй гонту», «носа не дастаць і сажнем», «гай шуміць і футра заварочваецца».

«Гэта не беларуская мова!»

Як можна здагадацца па геаграфіі некаторых абласных слоў, муж Ірэны паходзіць з паўночна-заходняй Беларусі, колішняй Віленшчыны. У каментарах яна прызнаецца, што яе муж не з вёскі, а з Астраўца.

Зрэшты, рускамоўныя беларусы ў каментарах упарта спрабуюць пераканаць Ірэну, што такіх слоў у беларускай мове не існуе, бо яны ніколі іх не чулі.

«Як беларус магу сказаць, што больш за палову з гэтага або лютыя вузка рэгіянальныя штукі, або наогул выдумкі вашага мужа», — катэгарычна заяўляецца ў самым лайканым каментары пад допісам.

«Гэта не беларускія, гэта дыялектныя словы ў большасці сваёй. Верагодна, муж з вёскі?»

«Як мінчук сарака гадоў скажу, што каля паловы слоў чую ўпершыню».

«Да беларускай мовы амаль усё гэта не мае ніякага дачынення».

«Я з Гродзенскай вобласці, з вёскі, і такой бязглуздзіцы ў жыцці не чула».

«Я з Гродна, але ведаю толькі 30% з гэтых слоў. Думаю, што справа не ў вузкім дыялекце.

Мабыць, у вашага мужа продкі розных нацыянальнасцяў, і ад кожнага набралі патроху, а штосьці наогул у бацькоўскай сям'і выдумалі».

«Сумесь польскага і ўкраінскага дыялекту прасочваецца, але многае — проста жарганізмы».

Чамусьці некаторым з каментатараў не прыйшло нават у галаву, што Ірэна, якая жыве ў Польшчы, здолела б пазнаць польскія запазычанні, калі б яны былі ў яго мове. 

32 з 39 прыведзеных словаў адназначана апазнаюцца як беларускія, няслэнгавыя і нежаргонныя. З іх толькі 6 з'яўляюцца выразна абласнымі, а астатнія шырока распаўсюджаны на тэрыторыі Беларусі. 

Можна зразумець, што словы пададзены ў рускім варыянце, без кантэксту, з прыкладным перакладам, а таму, натуральна, можна не разумець іх значэнне. Але ж апазнаць многія вельмі проста — дзесьці знаёмыя асновы, а дзесьці само гучанне падказвае значэнне: пуцатым можа быць толькі нешта надзьмутае, а абсалютна загадкавымі словамі бімбос і шалбабон, ведаючы логіку беларусаў, маглі назваць толькі нейкіх гультаёў ды небаракаў. 

Куды знікла моўная інтуіцыя беларусаў? Ці веданне беларускай мовы нават у вёсках дайшло да такога фармальнага ўзроўню, што яе багатая лексіка ўжо не распазнаецца вухам як сапраўдная, а гучыць як тарабаршчына?

Слоўнічак невядомага ўраджэнца Астраўца, які аказаўся носьбітам сапраўднага моўнага скарбу, дае нагоду задумацца пра тое, колькі сапраўдных беларускіх слоў мы ўжываем у рускай мове, нават не ведаючы, што яны будуць незразумелымі небеларусам — мурзаты, закарэлы, калічны, — а таксама прыгадаць пра тое, якую ўнікальную моўную спадчыну пакінулі нам нашыя бабулі і дзядулі. Кожны беларус можа скласці свой такі слоўнічак і падзяліцца ім з іншымі.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары13

  • Ё
    22.05.2025
    Ізноў рускамоўная як эталон. А палова словаў нават не беларускія. НН, хопіць жыць у расейскай прасторы.
  • Жэсьць
    22.05.2025
    Пісьменьніцу польскага (!) паходжаньня зьдзіўляюць словы «кныр» (параўн. knur), «пасаг» (wyposażyć, wyposażenie – у тым ліку ў значэньні wyposażyć żonę), «нядойшлы» (niedoszły)?! Ня маю словаў...
  • Dzianis
    22.05.2025
    Лахаць паходзіць ад нямецкага lachen што значыць смяяцца.

Цяпер чытаюць

Трамп паведаміў еўрапейцам, што Пуцін не гатовы спыніць вайну10

Трамп паведаміў еўрапейцам, што Пуцін не гатовы спыніць вайну

Усе навіны →
Усе навіны

Працягваецца збор грошай на вакацыі для дзяцей палітвязняў. Але сабрана толькі палова сумы3

Беларуска стамілася чакаць вяртання грошай за тур і пайшла ў суд. Турфірма: Усё навалілася, як снежны ком

Лукашэнка абавязаў наймальнікаў цалкам кантраляваць жыццё работнікаў-замежнікаў — аж да таго, ці парадак у кватэры7

Беларускія і расійскія ютуб-каналы цэнтралізавана баняць няўгодных каментатараў8

Цяжарную мінчанку асудзілі за працу вэбкам-мадэллю. Яна вінная дзяржаве 378 тысяч даляраў28

У Мадрыдзе расстралялі былога дарадцу Януковіча15

У небе над Мінскам заўважылі дырыжабль4

Скандал з серыялам «Акрэсціна» — стваральнікі адстойваюць правы на праект6

«Ніякіх «Тата, купі!». Стартапер распавядае, чаму ён эканоміць, нават калі ёсць грошы, і закупляецца ў сэкандах23

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Трамп паведаміў еўрапейцам, што Пуцін не гатовы спыніць вайну10

Трамп паведаміў еўрапейцам, што Пуцін не гатовы спыніць вайну

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць