Па словах Рауля Кастра, будучым лідарам Камуністычнай партыі павінен стаць чалавек не старэйшы за 70 гадоў. Ён заўважыў, што час даць дарогу маладым, а старым трэба пацясніцца, каб саступіць месца сваім унукам.

Аднак ветэраны асцерагаюцца, што кампартыя не зможа працягнуць сваё існаванне пасля таго, як яны сыдуць.
Цяперашнія кубінскія лідары, якія ўдзельнічалі ў рэвалюцыі 1959 года, даўно перасягнулі парог 70-годдзя, а некаторыя і 80-годдзя. Самому Раулю Кастра 84 гады.
Словы Кастра, прамоўленыя на з'ездзе партыі, не сустрэлі ўхвалення ў зале і суправаджаліся маўчаннем.
«Не думайце, што калі вы не зможаце кіраваць краінай, вы не падыходзіце больш ні для чаго іншага», — сказаў Кастра, рэагуючы на маўчанне залы. І прапанаваў ветэранам партыі праводзіць больш часу са сваімі ўнукамі.
Словы цяперашняга кіраўніка Кубы выкліканыя незадаволенасцю маладых членаў партыі, якія настойваюць на паскарэнні правядзення рэформаў у краіне, пачатых пяць гадоў таму.
Кастра прапануе абмежаваць узрост тых, хто ўступае ў ЦК партыі, 60 гадамі, а для абрання на пасаду лідара партыі прызначыць максімальны ўзрост у 70 гадоў.
Новыя змены ў статут партыі павінны быць прынятыя або адпрэчаныя на цяперашнім з'ездзе партыі. На думку Кастра, гэтыя змены павінны быць замацаваныя ў Канстытуцыі і пацверджаныя правядзеннем рэферэндуму.
У панядзелак на з'ездзе будзе абраны лідар кампартыі, і чакаецца, што ім зноў стане Рауль Кастра. Новыя правілы не будуць прымяняцца ні да самога Кастра, ні да Хасэ Рамона Мачада Вентуры, якому ўжо 85 і які з'яўляецца другім чалавекам у партыі пасля Рауля Кастра.
Каментары