Сям'я са Слуцка расказала, на што патраціць 5 мільярдаў, выйграных у латарэю
Муж і жонка са Слуцка Васіль і Алена Пятрэнкі пайшлі на рынак перад 23 лютага, каб выбраць падарунак мужу. Нічога не знайшлі, і Васіль вырашыў узяць латарэйны білет — фактычна ўпотай ад жонкі. Квіткоў на найбліжэйшы тыраж не было, і прыйшлося ўзяць на святочны розыгрыш, прысвечаны 8 Сакавіка. У выніку Міжнародны жаночы дзень прынёс сям'і 5 мільярдаў рублёў.

«Сказаў жонцы, што наш білет выйграў, а яна не паверыла»
Гэта ўжо другі ў гэтым годзе буйны выйгрыш у латарэю «Суперлато». Два месяцы таму сям'я мінчан таксама атрымала 5 мільярдаў рублёў (каля 260 тысяч даляраў). Тады пераможцы купілі шчаслівы квіток перад Новым годам.
«Квіток купіў сам, — распавядае Васіль Пятрэнка. — Жонка была супраць. Я спачатку нават не паглядзеў, што квіткі святочныя. Купіў — ды і ўсё».
Ні муж, ні жонка не былі заўзятымі гульцамі ў латарэю, але зрэдку ўсё ж такі куплялі квіток-другі. Вось толькі Васіль заўсёды верыў у поспех, а Алена лічыла, што звычайныя людзі ніколі не выйграюць, што «ўсе пераможцы падстаўныя».
Таму калі муж, які сядзеў увесь эфір розыгрышу перад экранам тэлевізара і закрэсліваў лічбы ў білеце, паведаміў жонцы радасную навіну, жонка яму не паверыла.
«У нас двухпавярховы дом, і я пасля таго, як даведаўся, што мы выйгралі, патэлефанаваў жонцы з тэлефона на другі паверх. Але яна мне не паверыла і нават не спусцілася», — успамінае момант поспеху Васіль.
Алена стала ўспрымаць словы мужа ўсур'ёз, толькі калі па званку бацькі прыехалі дзеці з сем'ямі, а адзін з зяцёў яшчэ раз праверыў вынікі.
«Грошы плануем выдаткаваць на дзяцей і ўнукаў»
Муж і жонка прывыклі ўсяго дабівацца сваёй працай. Васіль працуе кіроўцам у сістэме ЖКГ, Алена — з 16 гадоў маляр на будоўлі. Таму такую нечаканую ўдачу яны ўспрынялі вельмі эмацыйна.
«Гэта проста шчасце! Мы вельмі задаволеныя, бо ў нас вялікая сям'я», — кажа Алена.
А сям'я і напраўду немаленькая. Васіль Пятрэнка прыйшоў у Міністэрства спорту і турызму на ўручэнне сертыфіката не толькі з жонкай, але і дзвюма дочкамі і пяццю ўнучкамі. Але ўсяго ў мужа і жонкі тры дачкі, сем унучак і двое ўнукаў. Унукам — ад 2 да 14 гадоў.
Пакуль што шчасліўчыкі не прыдумалі, як канкрэтна распарадзяцца выйгрышам. «Плануем выдаткаваць на дзяцей і ўнукаў, — расплывіста кажа Алена. — Мы ўжо хутка пойдзем на пенсію, трэба ім дапамагаць».
«Трэба, каб дом свой у кожнага быў, — разважае пераможца. — А то мы раней жылі ўсе ў адным доме. Сабе, можа, машыну куплю іншую, навейшую».
Алена таксама прызналася, што ім з мужам ніколі не ўдавалася з'ездзіць куды-небудзь адпачыць. «Адразу былі маленькія дзеці, потым будавалі дом. Вельмі хацелася б паехаць на адпачынак, але яшчэ не вырашылі куды. Можа быць, наогул усёй сям'ёй паедзем», — усміхаецца жанчына.
«Частка грошай, напэўна, на вучобу ўнукаў пойдзе, — дадае Васіль. — А наогул мы пакуль толькі прызвычайваемся да самой думкі, што столькі выйгралі. Будзем яшчэ думаць».
Сертыфікат на 5 мільярдаў рублёў Васілю і Алене ўручыў намеснік міністра спорту і турызму Аляксандр Дубкоўскі. Грошы ўжо залічылі сям'і на рахунак у банку. Падаткаў з выйгрышу плаціць не трэба.
Дарэчы, частку грошай пераможца латарэі адразу аддаў на дабрачыннасць. 15 мільёнаў рублёў сям'я перадала на лячэнне трохгадовага хлопчыка Мікіты Плытніка. Яшчэ 15 мільёнаў Васіль ахвяраваў «Рэспубліканскаму навукова-практычнаму цэнтру дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі».
Нагадаем, што раней самы вялікі выйгрыш у гісторыі беларускіх латарэй склаў 3 мільярды рублёў. Шчасліўчыкам аказаўся майстар цэха Барысаўскага завода аўтатрактарнага электраабсталявання. Выйгравалі і па 2 мільярды. Пераможцам тады стаў лесаруб з Віцебскай вобласці.
Каментары