Дзяржсакратар ЗША Джон Кэры запэўніў саюзнікаў па НАТА ва Усходняй Еўропе: Злучаныя Штаты, як і раней, «цалкам аддадзеныя» абароне сваіх партнёраў. Так кіраўнік знешнепалітычнага ведамства адрэагаваў на выказванні Дональда Трампа па альянсе, перадае «Радыё Свабода».

«Я хачу, каб нашы партнёры па НАТА выразна разумелі нашу пазіцыю. Гэтая адміністрацыя, як і кожная адміністрацыя з 1949 года, рэспубліканская або дэмакратычная, застаецца цалкам адданай НАТА і нашым абавязацельствам па бяспецы», — адзначыў Кэры ў Вашынгтоне 21 ліпеня.
Ён таксама нагадаў пра артыкул 5 Паўночнаатлантычнай дамовы, у якім гаворыцца, што напад на любую дзяржаву-члена лічыцца нападам на ўсіх чальцоў НАТА.
Раней на гэтым тыдні кандыдат у прэзідэнты ЗША ад Рэспубліканскай партыі, мільярдэр Дональд Трамп заявіў, што ў выпадку яго абрання Злучаныя Штаты не змогуць гарантаваць бяспеку ўсім членам НАТА.
У інтэрв'ю The New York Times ён адзначыў, што дапамога, у прыватнасці ў выпадку нападу Расеі, будзе аказана толькі тым краінам, якія «выконваюць свае абавязацельствы» перад ЗША.
Трамп адзначыў, што гэта ўмова тычыцца і краін Балтыі, дзе ваенная прысутнасць Паўночнаатлантычнага альянсу ўзмацнілася пасля расійскай анексіі Крыма ў 2014 годзе і ролі Масквы ў канфлікце на ўсходзе Украіны.
Кандыдат у прэзідэнты таксама выказаў жаданне скараціць ваенныя выдаткі на дапамогу саюзнікам, якія ЗША неслі на працягу апошніх гадоў.
Трамп запэўніў, што ў выпадку яго абрання ЗША не будуць спрабаваць уплываць на іншыя дзяржавы і звернуць больш увагі на рашэнне ўнутраных праблем.
Выбары прэзідэнта ЗША адбудуцца 8 лістапада 2016. Дональд Трамп быў зацверджаны кандыдатам ад рэспубліканцаў на агульнанацыянальным з'ездзе партыі ў Кліўлендзе (штат Агаё).
Галоўным супернікам Трампа, як чакаецца, стане былы дзяржсакратар Хілары Клінтан, кандыдатуру якой павінны зацвердзіць на сваім з'ездзе дэмакраты.
Каментары