«Я шчыры і сумленны» — Алесь Лагвінец хоча ачоліць рух «За свабоду»
Намесьнік старшыні руху «За свабоду» Алесь Лагвінец мае намер вылучацца на пасаду старшыні руху на справаздачна-выбарчай канфэрэнцыі, якая заплянаваная на кастрычнік.
Намер узначаліць арганізацыю палітык абвясьціў на прэсавай канфэрэнцыі 13 верасьня пра вынікі выбараў у Беларусі.
«Мой удзел у выбарах паказаў, што я здольны пашыраць зону свабоды ў Беларусі», — сказаў пра сябе палітык.
Да сваіх арганізацыйных і палітычных вартасьцяў ён дадаў веданьне замежных моваў, нараджэньне сыноў і тое, што як выкладчык падрыхтаваў сотні студэнтаў.
Свой намер палітык пацьвердзіў у адкрытым лісьце, апублікаваўшы яго ў Фэйсбуку.
«Я добра адчуваю настроі людзей, я раблю тое, у што веру, я шчыры і сумленны чалавек і здольны актыўна і адкрыта весьці грамадзка-палітычную дзейнасьць бяз штучнасьці і камбінаваньня, я маю адпаведную адукацыю, прафэсійныя дасягненьні і ведаю эўрапейскія мовы, я ганаруся тым, што сотні маіх студэнтаў удзячныя мне за атрыманыя ад мяне веды і навыкі, таму я буду вылучаць сваю кандыдатуру на пасаду Старшыні Руху «За Свабоду» і гатовы быць яго лідэрам і кандыдатам нумар 1 ва ўсіх бліжэйшых выбарчых кампаніях.
Мне будзе за гонар адстойваць каштоўнасьці, на якіх пабудаваны наш рух — свабода, нацыянальнае адраджэньне і эўрапейскасьць».
Алесь Лагвінец просіць падтрымаць пост тых, хто лічыць, што ён варты быць старшынём руху «За свабоду».
Алесь Лагвінец спрабаваў балятавацца ў дэпутаты ў Сухараўскай выбарчай акрузе Менску, але ня быў зарэгістраваны за распаўсюд друкаванай прадукцыі падчас збору подпісаў, што выбарчы закон забараняе. Лагвінец прызнае, што раздаваў выбарцам свае візытоўкі, запрашэньні на канцэрт музыкі Лявона Вольскага і газэту «Народная Воля», але ня лічыць гэтую прадукцыю зьвязанай з выбарамі. Падчас выбараў Алесь Лагвінец быў назіральнікам на выбарчым участку № 347 і сьцьвярджае, што ў дзень асноўнага галасаваньня там бралі ўдзел у выбарах толькі 355 чалавек, хоць камісія адрапартавала пра яўку 506 грамадзянаў.
«Адбыўся чарговы зьдзек зь людзей і падман», — сказаў пра мінулыя выбары Алесь Лагвінец.
Каментары