Усё ж Рыгор Кастусёў: інтрыгі і цікавосткі з'езду БНФ
Абраны новы кіраўнік Партыі БНФ.
З’езд БНФ гэтым разам прытуліў у сябе Палац мастацтваў. Эфект малой залы сыграў сваю ролю. Было ўражанне, што людзей шмат. Большасць — гэта мужчыны за пяцьдзесят. Дваццацігадовая моладзь дружна пасела ў апошніх шэрагах.

На першы шэраг затое сеў Ілля Дабратвор — самы малады кандыдат на пасаду старшыні Партыі. Дабратвор адзеў вышыванку, а не гальштук. За ім сядзеў Алесь Таўстыка — вядомы прадпрымальнік і аматар пашумець, разам з ім дысідэнт Вячаслаў Сіўчык.

Вольга Дамаскіна села бліжэй да сярэдзіны залы, у сіняй сукенцы, на абцасах. Адзін з дэлегатаў з’езду расказваў, што хоча галасаваць менавіта за Дамаскіну. Маўляў, яе тры месяцы ўгаворвалі ўзначаліць БНФ, а ў апошні момант кіраўніцтва вырашыла вылучыць усё ж Кастусёва. Увогуле пра Дамаскіну можна было пачуць толькі станоўчыя водгукі.

Рыгор Кастусёў і Ігар Лялькоў, як намеснікі старшыні, занялі месца ў прэзідыуме. Кулуарна шапталіся, што Лялькоў рыхтуе скандал. Маўляў, ягоная крытыка Фронту будзе знішчальнай.
Самыя гарачыя спрэчкі ў пачатку разгарнуліся вакол пытання: галасаваць па намесніках адзіным спісам, ці за кожнага асобна. Афарызмам разрадзіўся Рыгор Кастусёў: «Я за дэмакратыю ў прыняцці рашэнняў, але за аўтарытарызм — у выкананні».

Кастусёў, як і Янукевіч, былі за «адзіны спіс». Дабратвор хацеў, каб па кожным галасавалі асобна. Яго падтрымліваў юрыст з ЗША Юрась Зяньковіч (якасны касцюм, гадзіннік, гальштук). «Называйце мяне Юрась, а не Юрый», — папрасіў ён Янукевіча.
У выніку перамагла прапанова «адзінага спісу». «Калі будзе інакш, то намеснікі будуць думаць не пра поспехі партыі, а пра тое, як перамагчы на наступным з’ездзе, а гэта будзе катастрофа!» — сказаў Янукевіч.

Аляксей Янукевіч не мае права больш балатавацца ў старшыні згодна са статутам. «Вы ўсе — героі», — сказаў Янукевіч, калі звяртаўся да залы. Прамова былога старшыні была дастаткова шчырай і рэзкай. Ён прызнаў сваю памылку ў тым, што Партыя БНФ падтрымала Таццяну Караткевіч на выбарах-2015. «Апартуністы без каштоўнасцяў», — акрэсліў ён «Гавары праўду», у выніку чаго сарваў апладысменты. Расказаў пра ціск «брусэльскіх бюракратаў», каб партыя далучылася да правай кааліцыі з АГП, БХД і Рухам «За Свабоду». «Гэта гонар быць старшынёй Партыі БНФ», — скончыў свой выступ Янукевіч.
Канцэптуальнай выйшла спрэчка паміж Вячаславам Сіўчыкам і намеснікам старшыні Партыі БНФ Алесем Стральцовым-Карвацкім. «Чаму ва ўлётцы Стральцова заклікаецца не запісвацца пры перапісе беларусамі?» — крычаў Сіўчык. «Я лічу сваёй радзімай Літву, таму заклікаю запісвацца ліцвінамі», — казаў Стральцоў. Сіўчык настойваў на тым, што ліцвінскі рух павінен быць забаронены. «Не час гуляцца ў гістарычныя рэканструкцыі. Хлусня, што беларусамі нас назвалі ворагі», — адказваў Сіўчык.

Дэлегат з’езда з Светлагорска Вадзім Болбас быў вельмі рэалістычным у сваіх ацэнках. «Не трэба казаць, што наш народ галодны, абяздолены. Хутка выйдзе на пратэсты. Народ накормлены. Чакаць на пратэсты не выпадае», — казаў Болбас. Ён паставіў задачу перад новым кіраўніцтвам аб’яднацца з КХП-БНФ.
У выніку на пасаду старшыні было вылучана шэсць кандыдатаў. Чатыры чаканых (Кастусёў, Дамаскіна, Дабратвор і Таўстыка) і двое нечаканых — бізнэсовец Васіль Астроўскі і марскі афіцэр з Магілёва Аляксандр Страх. Варта адзначыць, што каманды мелі толькі трое — Кастусёў, Дамаскіна і Дабратвор. Астатнія балатаваліся хутчэй для эпатажу і піяру сваёй асобы.
А вось Ігар Лялькоў узяў самаадвод. Ніякага скандалу ён так і не ўчыніў. Кастусёў прапанаваў у свае намеснікі Аляксея Янукевіча, Алеся Стральцова, доктара Змітра Салошкіна, гарадзенскага актывіста Вадзіма Саранчукова і лідара «Моладзі БНФ» Юрася Лукашэвіча.

Вольга Дамаскіна назвала сярод сваіх намеснікаў Ігара Лялькова, Вадзіма Саранчукова, салігорца Паўла Батуева і Змітра Каспяровіча. Дабратвор — Вадзіма Саранчукова (ён быў адразу ў траіх кандыдатаў), слуцкага актывіста Віталя Амяльковіча і Кацярыну Шуст.
Вольга Дамаскіна адкрыта казала, што кіраўніцтва БНФ прапаноўвала ёй вылучацца, аднак у апошні момант перадумалі і паставілі на іншага кандадата. «Мне было нечакана і непрыемна вылучэнне Рыгора Кастусёва», — сказала Дамаскіна. Увогуле выступ Дамаскінай быў вельмі вывераны, дакладны і ўпэўнены. А вось у адказах на пытанні з залы Дамаскіна крыху паплыла. Яна чалавек малавядомы, таму пытанняў было шмат, у Кастусёва не пытаўся ніхто нічога.
«Чаму вы згубілі падтрымку кіраўніцтва партыі?» — спытаў у Дамаскінай Юрась Зяньковіч. «Магчыма, таму, што Аляксей Янукевіч не мог вызначыцца, кім я буду: «старшынёй» ці «старшынькай», — адрэагавала Дамаскіна.
Дабратвор казаў, што БНФ прапануе шмат непапулярных мераў. Напрыклад, уступленне ў НАТА.
З крытыкай на цяперашняе кіраўніцтва абрынуўся Васіль Астроўскі. Цікава, што ён заклікаў падтрымліваць Вольгу Дамаскіну. «Пры ёй закулісся і інтрыг будзе меней», — сказаў Астроўскі. Ён заклікаў вярнуць у партыю Вінцука Вячорку, Лявона Баршчэўскага, Алеся Міхалевіча.

Алесь Таўстыка зладзіў перформанс, раскідаўшы на падлозе аркушы паперы. «Гэта маё змаганне за абарону правоў людзей». Таксама Таўстыка змясціў каля сябе традыцыйныя бел-чырвона-белы сцяг, сцягі Еўрасаюза і ЗША.
На гэтым пачалося галасаванне.
***
Зміцер Дрыгайла агучыў афіцыйныя лічбы галасавання. Усяго прагаласавала 163, адзін бюлетэнь быў прызнаны несапраўдным.
Кастусёў — 107 галасоў
Дамаскіна — 32
Дабратвор — 12
Астроўскі — 7
Страх — 2
Таўстыка — 2
Такім чынам, Рыгор Кастусёў абраны старшынёй Партыі БНФ.
Намеснікамі Кастусёва стануць: Аляксей Янукевіч, Алесь Стральцоў, Зміцер Салошкін, Вадзім Саранчукоў, Юрась Лукашэвіч.
Цяпер чытаюць
«У выніку ён сказаў мне: «Хопіць мяне шантажаваць, я хачу палюбавацца гэтымі дрэвамі». Аксана Колб расказала, пра што размаўляла са Статкевічам на мяжы

Каментары