Улады Уганды ўводзяць падатак на карыстанне сацыяльнымі сеткамі
Улады Уганды маюць намер увесці падатак на карыстанне сацсеткамі з ліпеня 2018 года. Сабраныя сродкі плануецца выдаткоўваць на нацыянальную бяспеку. Пра гэта піша афрыканскае выданне iAfrikan.

Падатак павінен будзе распаўсюджвацца на ўсіх абанентаў сотавай сувязі, якія выкарыстоўваюць такія сэрвісы, як Facebook, Twitter або WhatsApp.
Кожны грамадзянін будзе абавязаны выплачваць па 200 угандыйскіх шылінгаў на дзень (каля 0,05 даляра ЗША). Такім чынам, у месяц за выкарыстанне сацсетак прыйдзецца заплаціць 1,5 даляра.
Міністр фінансаў Уганды Матыя Касаія распавяла, што ўлады шукаюць новыя крыніцы для папаўнення бюджэту краіны, якія будуць накіраваныя на падтрыманне бяспекі і пашырэнне электрасеткі. А гэта, у сваю чаргу, дазволіць яшчэ большай частцы грамадзянаў атрымаць доступ да сацыяльных сетак.
Пакуль не зразумела, як будзе адсочвацца выкарыстанне пэўных рэсурсаў. Магчыма, мабільны трафік будзе правяраць мабільны аператар.
Па стане на 2016 год, у краіне пражывае больш за 43 мільёны чалавек, з якіх каля 23 мільёнаў з'яўляюцца абанентамі мабільнае сувязі. Калі хаця б палова з іх карыстаецца тымі ці іншымі сацсеткамі, то
штогод бюджэт Уганды будзе папаўняцца дадатковымі 200 мільёнамі даляраў.
Раней улады блакавалі доступ да сацсетак на час выбараў.
Каментары