Беларусы ставяць адну зорку дзіцячаму цэнтру, які трапіў у скандал з беларускай мовай
Дырэктарка дзіцячага цэнтра «Сокровища нации» цяпер просіць бацькоў дапамагчы падняць рэйтынг у «Яндэксе».

Драма вакол цэнтра дзіцячага развіцця «Сокровища нации» не сціхае. У сторыс афіцыйнага акаўнта з’явіўся скрыншот водгукаў на «Яндэкс. Картах»: два чалавекі напісалі негатыўныя каментарыі наконт моўнай дыскрымінацыі. Іншыя проста ацанілі паставілі адзнаку цэнтру, і яго рэйтынг цяпер — роўна 1,0.
Таму кіраўніцтва просіць бацькоў дапамагчы выправіць сітуацыю і пакінуць станоўчы водгук. Пакуль наведвальнікі ратаваць рэпутацыю «Сокровища нации» не спяшаюцца.

Нагадаем: на мінулым тыдні беларускамоўная выкладчыца паскардзілася ў сацсетках, што яе не ўзялі на працу ў «Сокровища нации» праз тое, што ў цэнтры ўсе размаўляюць выключна на рускай мове.
Дырэктарка Людміла Жук потым некалькі разоў спрабавала растлумачыць сітуацыю. То яна казала, што ўжо думала нават стварыць беларускамоўны гурток, але пасля пачатку скандалу ў сацыяльных сетках раздумала. То казала, што дазволіла б выкладчыцы вітацца і развітвацца з бацькамі на беларускай, але ўвесь час размаўляць — гэта, па яе меркаванні, перабор.

Чыноўнікі паспрабавалі хутка адрэагаваць на скандал. Намесніца кіраўніка адміністрацыі Цэнтральнага раёна сталіцы Людміла Барысенка расказала журналісту «Мінск-Навінаў», быццам у цэнтр прыйшла праверка і знайшла парушэнні:
— Маніторынг цэнтра з боку Дэпартамента якасці адукацыі Міністэрства адукацыі выявіў парушэнні заканадаўства, звязаныя з арганізацыяй адукацыйнага працэсу і бяспекай. Прадпрыемства не ўзгадніла ва ўстаноўленым парадку праграмы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Выпраўленне парушэнняў знаходзіцца на кантролі ўпраўлення па адукацыі адміністрацыі Цэнтральнага раёна Мінска.

Але ж сама дырэктарка «Сокровищ нации» абвінаваціла і дзяржаўнага журналіста, і чыноўніцу ў хлусні. Яна распавяла ў сторыс, што ніякіх праверак пасля інцыдэнту не было.
Людміла Жук таксама заявіла, што напісала заяву ў міліцыю на беларускамоўную выкладчыцу, якая паскардзілася на яе цэнтр у сацсетках.
«У нас усе размаўляюць на рускай мове». Дзіцячы цэнтр не ўзяў на працу жанчыну, бо яна размаўляе па-беларуску
Дзіцячы цэнтр, які адмовіў дзяўчыне ў працаўладкаванні за беларускую мову, улады праверылі і знайшлі парушэнні
Дырэктарка дзіцячага цэнтра, дзе размаўляюць выключна на рускай, абвінавачвае чыноўнікаў і дзяржаўных журналістаў у хлусні
Каментары
І вось уявіце, як бы гэты цэнтр працаваў з беларускамоўнай выкладчыцай. Колькі было б пытанняў ад тых жа дзяцей кшталту "а чьто тьотья сказала?" Колькі б нязручнасцяў гэта стварыла. Бацькі маглі б яшчэ больш-менш лагодна паставіцца, але пэўна б знайшліся некалькі, якія б заявілі: "Мы не за это вам дьеньгі плацім, чьтобы мой рьебьенок нічьего не понімал".
Дырэктарка гэта разумела і не ўзяла на працу педагога. Дырэктарка -- прадукт сваёй эпохі. Такой яе зрабілі 30 гадоў пячорнага лукашызму. Манкурт не вінаваты ў тым, што яму ў свой час накінулі на галаву кусок скуры вярблюда.
Увогуле гэты выпадак -- сімптом, а не прыватны абуральны выпадак. Сімптом той катастрофы, да якой прывёў грамадства лукашэнка.
І звярніце ўвагу на паводзіны так званай улады. Што яна робіць у гэтай сітуацыі? Ну, канечне, насылае ва ўстанову праверку. Кашмарыць у любой незразумелай сітуацыі -- фірмовы почырк рэжыму.
Гэта тая самая ўлада, якая цалкам адказная за вынішчэнне мовы і такія вось сітуацыі. Якая робіць з людзей манкуртаў. Цяпер гэтая ўлада пакарае дырэктарку за свае ж уласныя грахі. І беларусікі ў сацсетках паставяць за гэта падабайкі.