Меркаванні22

Беларускія нябёсы Алеся Ліпая

Піша Валянцін Жданко, «Радыё Свабода».

Ах, якія нябёсы на апошніх фатаздымках, зробленых Алесем! Якія аблокі і хмары, вясёлкі і навальніцы, зоры і захады сонца… Зямля — недзе там, унізе, на краёчку аб’ектыва. І адразу разумееш, куды скіраваны позірк чалавека, які трымаў у руках камэру.

Алесь Ліпай на «Сьвяце незалежнасьці» ў Менску, 25 сакавіка 2018 году.

Цяпер думаю пра тое, што падсьвядома ён ужо даўно болей глядзеў угару, увысь, чым на грэшную зямлю, на якой апошнія гады яму давялося перажыць столькі болю і стратаў, здрады і адзіноты.

Гартаю апошнюю кнігу паэзіі Алеся — «Абдымкі». І толькі цяпер зьвяртаю ўвагу, як шмат у ёй гэтых скіраваных у неба позіркаў:

«Стаю ў чыстым полі, натхненьня й самоты поўны.

Гляджу ў неба начное, гляджуся ў люстэрка поўні…»

«Цені мар маіх, аблачынкі,

Выпраўляю вас па жыцьцё…»

«Крыгі аблокаў плывуць па рацэ.

Мара / натхненьне / насланьне / пакора…»

«Лятаю паміж зарніц,

Шукаю цябе адтуль,

Ня боячыся навальніц

І паляўнічых куль…»

Цяпер, калі Алеся ня стала, гэтыя мэтафары і параўнаньні набываюць асаблівы сэнс.

Ён так радаваўся гэтай кнізе! Ён быў такім шчасьлівым і ўзьнёслым на той прэзэнтацыі летась 13 кастрычніка ў Купалаўскім тэатры… Хоць ужо тады было вядома пра ягоную цяжкую хваробу. Але на ўсе асьцярожныя пытаньні звычайна адказваў бадзёра і аптымістычна. І скіроўваў размову на іншае. Напэўна, не хацеў абцяжарваць сваімі праблемамі. Не любіў плакацца і скардзіцца на жыцьцё.

Усіх сваіх блізкіх сяброў і калегаў ён сабраў за сьвяточным сталом не на юбілей, а за год да яго, на 49-годзьдзе. А на 50-годзьдзе, прыехаўшы да яго дадому павіншаваць, я нечакана аказаўся адзіным госьцем. У той красавіцкі вечар два гады таму мы доўга стаялі ля вялікага вакна ягонай кватэры на апошнім паверсе 20-павярховага будынка, зь якога Менск — як на далоні. Можна было разгледзець і наш колішні студэнцкі інтэрнат, і ўнівэрсытэт, дзе вучыліся, і сьцежкі юнацтва, і, здавалася, нават дарагую ягонаму сэрцу Капыльшчыну. Доўга размаўлялі, успаміналі, жартавалі.

Але найбольш на такой вышыні ўражвала неба ва ўсіх сваіх зьменлівых праявах, фарбах і адценьнях.

— На жаль, вечар сёньня пахмурны, адсюль, відаць, захад сонца ўражвае, — пашкадаваў я.

— А ты заходзь, калі вечар сонечны, пабачыш…

Потым мы амаль кожны раз пры сустрэчы згадвалі тую размову. Ён усё запрашаў, я ўсё зьбіраўся… Зрэшты, агністы захад сонца на паўнеба я ня раз потым бачыў вачыма Алеся на ягонай старонцы ў Фэйсбуку…

Фатаздымкі Алесевы ўражваюць. Як і вершы. Як і ягоныя здольнасьці арганізатара, рэдактара, кіраўніка. Як і ўменьне сябраваць — шчыра, бескарысьліва, аддана.

Калі на пачатку чэрвеня я даведаўся пра новую бяду, якая абрынулася на Алеся (праверка ДФР з пэрспэктываю крымінальнай справы і магчымага арышту), то раптам вельмі захацеў пабачыць і падтрымаць яго. Уявілася: як перажыць усё, што так гвалтоўна навалілася на яго аднаго — страшная хвароба, асабістая сямейная драма, а цяпер вось яшчэ гэта…

Алесь ахвотна адклікнуўся на прапанову сустрэцца. Доўга размаўлялі. Так хацелася дапамагчы яму — хоць уласнай прысутнасьцю… Можа, тыя мае словы падтрымкі прагучалі занадта патасна і высакамоўна, але цяпер пра іх не шкадую.

Мы часта саромеемся казаць цёплыя шчырыя словы блізкім людзям… А потым бывае позна. Алесь моўчкі выслухаў мяне, а затым, расчулены, абняў. Аказалася, гэта было разьвітаньне…

На вокладцы ягонай апошняй кнігі — фатаздымак бусла, які пакідае роднае гняздо. Узьнятыя для ўзьлёту крылы — нібы чалавечыя рукі, якія абдымаюць неба. Для яго гэта быў вельмі дарагі здымак.

Каментары2

Цяпер чытаюць

У адказ на закрыццё Варшавай мяжы беларускія ўлады ўзялі ў закладнікі 1453 польскія фуры22

У адказ на закрыццё Варшавай мяжы беларускія ўлады ўзялі ў закладнікі 1453 польскія фуры

Усе навіны →
Усе навіны

Метро, новыя дарогі і жыллё: зацвердзілі новы план развіцця мінскіх Шабаноў3

Цэны на кватэры ў цэнтры Гродна растуць шалёнымі тэмпамі. І вось чаму3

На Нямізе заўважылі вялікую чаргу1

34 гады таму бел-чырвона-белы сцяг і герб «Пагоня» сталі афіцыйнымі дзяржаўнымі сімваламі10

«Адзін шпрыц на ўсіх». У расійскай арміі эпідэмія ВІЧ і гепатыту6

Патрыярх Кірыл назваў праваслаўныя храмы «духоўнымі бензакалонкамі»9

Ігар Марзалюк на ідэалагічным мерапрыемстве ўпадаў у экстаз ад абласных караваяў ВІДЭА10

Трамп блізкі да таго, каб абвясціць пра спыненне яшчэ адной вайны2

Пуцін дазволіў Герасімаву ваяваць яшчэ пяць гадоў4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У адказ на закрыццё Варшавай мяжы беларускія ўлады ўзялі ў закладнікі 1453 польскія фуры22

У адказ на закрыццё Варшавай мяжы беларускія ўлады ўзялі ў закладнікі 1453 польскія фуры

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць