Улада99

«Тры гады ён замест мяне на кароўнік адхадзіў, дзіцятка ты маё»: пра новага міністра сельскай гаспадаркі расказвае яго мама

Аляксандр Лукашэнка 2 красавіка прызначыў міністрам сельскай гаспадаркі 44-гадовага Анатоля Хацько. Цікава, што новы міністр скончыў тую самую вясковую школу, што і ягоны папярэднік Леанід Заяц. Вучыліся яны ў Гацуку Слуцкага раёна. Толькі Хацько на 15 гадоў маладзейшы за свайго папярэдніка.

У вёсцы Буда-Грэская, што ў шасці кіламетрах ад Гацука, працягваюць жыць бацькі міністра. Ала Іванаўна Хацько расказала нам пра свайго сына і ягонае дзяцінства.

Анатоль Хацько. Фота са старонкі ў ok.ru.

«Я працавала на кароўніку даяркай. А Толік вучыўся ў школе. Дык я ад ягонага восьмага класа вечарам ужо не хадзіла на кароўнік, я ж з палкай. Ён прыйдзе са школы, сумку пакладзе цераз парог, паесць, яшчэ падлогу мне памые, дроваў наносіць — і на кароўнік. Прыйдзе з кароўніка, сядае за ўрокі. Такія тры гады ў яго былі: восьмы, дзявяты, дзясяты класы.

Потым ён паступіў у Сельскагаспадарчую акадэмію, у Горкі туды. А з Горак ён ужо пайшоў заатэхнікам рабіць у Капыльскі раён. Адтуль пад Мінск — у Крупіцы. Потым у Барысаўскім райвыканкаме быў адказным за жывёлагадоўлю. Адтуль пайшоў у Мінск генеральным дырэктарам па камбікармах. А з апошняй работы ён і пайшоў у міністры.

У нас тут вёска невялікая. Ён першыя класы мо тры хадзіў у пачатковую школу ў Будзе, а пасля едзіў аўтобусам у Гацук. Цяпер ужо дзяцей, напэўна, і няма, хаця я на сяло не хаджу. Вёска памірае, маладыя едуць жыць у гарады.

У нас трое дзяцей. Дачка працуе на комплексе ў Вежах, на цялятах. Таксама разумніца яна, на дошцы гонару вісіць там. А старэйшы сын усё жыццё ў Салігорску шафёрам працуе, як з арміі прыйшоў, так і працуе шафёрам.

У яго ніякіх заняткаў не было, маё ты дзіцятка, толькі праца і нічога апроч працы. У яго не выходзіла ніякіх заняткаў завесці. То гарод капаць дома, то парнік, то на ферму. І ўсё, на большае часу не было.

Гаспадар мой яшчэ жывы. Ён то кароваў пасвіў, то падвозчыкам працаваў, а я — даяркай. Анатоль Мікалаевіч усё жыццё па жывёлагадоўлі. Калі б ён і не быў міністрам, каго не спытай у нашай вёсцы, ці з кім вучыўся, усе толькі добрае пра яго скажуць.

Прыязджае дамоў, а як жа ж. Я ж інвалід першай групы. І бацьку дзве аперацыі на нагах зрабілі. Мне 74 гады, а бацьку — 79. 55 гадоў разам жывём. Рабілі нам дзеці залатое вяселле, а ў гэтую восень абяцаюць зноў зрабіць.

У мяне ў суботу быў дзень нараджэння, ён прыязджаў. Думаю, што ён знаў ужо, што прызначаць. Яго нешта мучала сказаць, але так і не сказаў.

Не знаю, ці падсобіў яго Заяц. Знаю Зайца, канечне. Добры працаўнік, вельмі нават. Бачыла ўчора па тэлевізары, што яго прызначылі ў Магілёўскую вобласць. Ён працаваў у нас брыгадзірам, аграномам, старшынёй калгаса. Заяц па ступеньках ішоў, ён да людзей добра ставіўся. Калі працаваў дырэктарам птушкафабрыкі «Дзяржынскай», то адкрыў у Гацуку магазін. Усе людзі ездзяць туды па свежую кураціну.

Унукі ёсць. Унучка замужам у Мінску, адвучылася на архітэктара ў інстытуце. Дзесяць гадоў вучылася: чатыры ў каледжы, шэсць — ва ўніверсітэце. Гэта даччына. У Анатоля адна дачка — 13 гадоў ёй. Кватэра ў іх ёсць у Мінску».

***

Анатоль Хацько нарадзіўся ў 1974 г. ў в. Буда-Грэская Слуцкага раёна. У 1996 годзе скончыў Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію, у 2006-м — Акадэмію кіравання.

У 2005—2006 гадах з'яўляўся галоўным заатэхнікам «Белплемжыўаб'яднанне». У 2006-2007 гадах працаваў на пасадзе намесніка генеральнага дырэктара ААТ «Мінскаблхлебпрадукт», а ў 2007—2015 гадах — гендырэктарам гэтага ААТ. З 2015 па 2016 год быў намеснікам гендырэктара Беларускага дзяржаб'яднання па племянной жывёлагадоўлі «Белплемжыўаб'яднанне», а з 2016 года — генеральным дырэктарам.

Каментары9

Цяпер чытаюць

Расійская армія прарвала пад Дабраполлем апошнюю капітальную лінію абароны Данбаса3

Расійская армія прарвала пад Дабраполлем апошнюю капітальную лінію абароны Данбаса

Усе навіны →
Усе навіны

«Такое — паўсюдна». Відэа з каровамі ў гразі ў Добрушскім раёне стала вірусным у сацсетках6

Ціханоўская напярэдадні сустрэчы Трампа і Пуціна: Мы не павінны дазволіць Маскве ствараць сферы ўплыву10

Мужчына і дзяўчына з Мінска на яхце з 17-гадовым стырнавым перакуліліся на возеры ў Браславе — выратавалі ўсіх траіх

Загінуў 24-гадовы z-блогер Святоша, які хваліўся забойствамі палонных10

На прыпынку «Ламаносава» ў сталіцы адрамантавалі асфальт. Вынік уражвае2

У паўднёвай Еўропе стаіць чырвоная спёка4

Маці чатырох дзяцей, якую схапілі на выхадзе з анкадыспансера, адпусцілі да суда дадому2

«Расіяне зайздросцяць узроўню беларускага адзінства»42

На МАЗе выбралі маскота і далі яму імя14

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Расійская армія прарвала пад Дабраполлем апошнюю капітальную лінію абароны Данбаса3

Расійская армія прарвала пад Дабраполлем апошнюю капітальную лінію абароны Данбаса

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць