Культура1616

Чаму яўрэйскія могілкі па ўсёй краіне стаяць занядбаныя? 

Сёння ў Беларусі захавалася каля 300 яўрэйскіх могілак. Дакладней, не зусім правільна казаць, што яны захаваліся, бо збольшага гэтыя месцы закінутыя, зарослыя, часам толькі па інтэрнэт-картах і можна знайсці да іх дарогу. Напрыклад, могілкі ў Целяханах Брэсцкай вобласці. На іх звярнуў увагу чытач «Нашай Нівы» Павел Кахнюк.

Яўрэйскія могілкі ў Целяханах. Фота Паўла Кахнюка. 

«Я крыху падарожнічаю па Беларусі. Перш за ўсё мяне цікавяць старыя могілкі, пахаванні. Дык вось у Целяханах, што ў Івацэвіцкім раёне, мяне вельмі здзівіў стан менавіта яўрэйскіх могілак, — напісаў у «Нашу Ніву» Кахнюк.

— Каб знайсці на месцы гэтыя могілкі, трэба папрацаваць. Пахаванне закінутае, зарасло травой і кустамі, надмагільныя пліты разбітыя і раскіданыя. Могілкі засмечаныя пластыкавымі бутэлькамі, слядамі вогнішча. Калі параўнаць іх з дагледжанымі каталіцкімі, нямецкімі, агульнымі могілкамі, мяне як турыста ўразіў такі занядбаны стан яўрэйскіх могілак. Незразумела, чаму мясцовыя ўлады не даглядаюць гэтае месца», — абураецца Павел. 

Старшыня сельвыканкама: «Хочаце, каб быў парадак, прыедзьце і прыбярыце»

Павел Кахнюк накіраваў гэтае пытанне ў Целяханскі сельвыканкам. 

Старшыня Целяханскага сельвыканкама Трафім Дзямянчык патлумачыў, што ўчастак, на якім месцяцца могілкі, не пазначаны як могілкі, і не стаіць на балансе ні ў сельвыканкаме, ні ў гарадской ЖКГ. З гэтай прычыны ніхто іх не чысціць і не парадкуе.

Пры гэтым Трафім Трафімавіч патлумачыў, што кожны год за парадкам на могілках сочаць школьнікі мясцовай школы, якія рэгулярна прыбіраюць там бытавое смецце.

«У 2016 годзе Целяханы наведала яўрэйская грамада з Пінска. Мы прапанавалі ім фінансава паўдзельнічаць ў працах па добраўпарадкаванні могілкаў, аднак яны адмовіліся, і ўжо некалькі гадоў ніхто ні з удзельнікаў супольнасці, ні са сваякоў пахаваных там ніякага ўдзелу ў доглядзе за могілкамі не бярэ», — адказвае Трафім Дзямянчык.

«На мой запыт мне адказалі, што, калі я неабыякавы грамадзянін, то магу прыехаць і дапамагчы навесці там парадак», — кажа Павел Кахнюк.

«Могілкі абараніць можна» 

Магілёў, бадай, адзіны горад у Беларусі, дзе намаганнямі актывістаў старажытнай частцы яўрэйскіх могілак нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці. Пра гэта «Нашай Ніве» распавяла актывістка магілёўскай яўрэйскай грамады Іда Шэндэровіч. 

Іда Шэндэровіч.

«Наданне старажытнай частцы магілёўскіх яўрэйскіх могілкак статуса гісторыка-культурнай каштоўнасці заняло ў нас амаль год. Разам з супрацоўнiкамi музеяў горада i Таварыствам аховы помнiкаў гiсторыi і культуры мы падрыхтавалі дакументы для нашага гарвыканкама, у якіх абгрунтавалі культурнае і гістарычнае значэнне могілак», — расказвае Іда Шэндэровіч. 

У Беларусі асаблiвая складанасць з наданнем статуса гістарычнай каштоўнасці могілкам палягае ў тым, каб даказаць, што гэтыя тэрыторыі з'яўляюцца могілкамі. 

«Часта яўрэйскія могілкі лічацца чым хочаце: тэрыторыяй горада, лесам, полем, але толькі не могілкамі. І цяжкасць пачынаецца з таго, каб надаць гэтай тэрыторыі статус могілак. Тут павінен быць зроблены адвод зямлі і іншыя адміністратыўныя працэдуры», — кажа Іда Шэндэровіч. 

Валанцёры працуюць на яўрэйскіх могілках у Магілёве.

«Гэта другія могілкі ў Магілёўскай вобласці са статусам гісторыка-культурнай каштоўнасці. Наданне такога статусу першым ініцыявала магілёўская пракуратура», — дадае спадарыня Іда.

Іда Шэндэровіч тлумачыць, што, хаця догляд могілак патрабуе і часу, і сіл, і грошай, але ўсё вырашальна, калі на месцы ёсць зацікаўленыя ў гэтым людзі. Да таго ж, яўрэйскія могілкі могуць стаць паўнавартасным турыстычным аб'ектам. 

«Галоўнае ўсё ж — жаданне», — падсумавала спадарыня Іда. 

Рэдактар партала «Шалом»: Беларусь — краіна са знішчанай памяццю

Аляксандр Фурс — краязнаўца, галоўны рэдактар партала «Шалом», выказаў «Нашай Ніве» сваё меркаванне адносна таго, чаму яўрэйскія могілкі ў Беларусі аказаліся ў занядбаным стане.

Аляксандр Фурс. 

«Нельга сказаць, што ўсе яўрэйскія могілкі на Беларусі закінутыя. У сельскай мясцовасці, сапраўды, многія могілкі маюць даволі кепскі стан. Яны будуць зарослыя дрэвамі, хмызам, часта знаку няма там. А тыя могілкі, што ў межах гарадоў і мястэчак, могуць быць адносна дагледжаныя. Будзе выкошвацца трава, маецца агароджа. Прыкладам могуць быць Ракаў або Чачэрск», — кажа Фурс. 

Яўрэйская грамада на Беларусі пасля Другой сусветнай вайны, Халакосту і халоднага стаўлення ў савецкі перыяд амаль знікла. Тыя, хто ў вайну выжыў, ужо з 70-х гадоў пачалі з’язджаць у Ізраіль. У многіх мястэчках і гарадах, у тых самых Целяханах, даглядаць могілкі фізічна не засталося каму — там больш не жыве ніводзін нашчадак пахаваных.

«А беларуская дзяржава не ўспрымае яўрэйскую спадчыну, часткай якой з’яўляюцца і яўрэйскія пахаванні, як сваю. У грамадстве няма ўсведамлення таго, што яўрэйская спадчына на Беларусі — гэта частка самой Беларусі, якой нельга адракацца», — перажывае Аляксандр Фурс. 

«На жаль, Беларусь — гэта краіна са знішчанай памяццю, — дадае Аляксандр Фурс. — Кепскі стан пахаванняў тычыцца не толькі выключна яўрэйскіх могілак, але агулам усіх. Людзі не памятаюць сваіх уласных каранёў і зрэдку калі могуць назваць хаця б пяць пакаленняў сваіх продкаў. Не кажучы пра тое, каб ведаць, дзе яны пахаваныя. Няма культуры пераказвання ведаў пра сваю сям’ю наступным пакаленням». 

Аляксандр Фурс расказвае, што, на жаль, выпрацаванага і цэнтралізаванага падыходу, як ратаваць яўрэйскія могілкі, няма нават у саміх яўрэйскіх арганізацыях. 

«Ёсць шэраг праектаў добраўпарадкавання могілак, але яны ахопліваюць толькі некалькі гарадоў. Напрыклад, Габрэйскі студэнцкі культурны цэнтр «Гілель», які сёлета займаецца яўрэскімі могілкамі ў Лідзе, ёсць Beshenkovichi Shtetl Memorial Restoration — валанцёрская супольнасць, якая займаецца могілкамі ў Бешанковічах. Але ініцыятарам выступіла дзяўчына з Пецярбургу, Ганна Клімовіч.

Ёсць выдатная ініцыятыва яўрэйскай грамады Магілёва па ўзнаўленні яўрэйскіх могілак. Гэта адзіны пакуль на Беларусі прыклад таго, як яўрэйскім пахаванням можна надаць статус гісторыка-культурнай каштоўнасці і распаўсюдзіць на іх хаця б нейкае юрыдычнае поле.

Ёсць маскоўскі цэнтр «Сэфэр» — адна з нешматлікіх устаноў, якая прафесійна займаецца вывучэннем яўрэйскіх пахаванняў. Ёсць пэўны нагляд за могілкамі ў тых месцах, дзе ёсць неабыякавае насельніцтва. Але, на жаль, гэтых намаганняў не хапае каб ахапіць нават чвэрць яўрэйскіх могілак Беларусі», — наракае Аляксандр Фурс.

Што ж ён рэкамендуе рабіць?

«Выкошвайце траву, выкарчоўвайце хмызняк і гэтак далей. Калі мясцовыя улады будуць спрыяць — можна дамовіцца, каб яны таксама бралі ўдзел у працах. Наладжвайце кантакт з яўрэйскімі арганізацыямі, яны могуць дапамагчы, — кажа Фурс. — Але, паўтаруся, у Беларусі няма вызначанай грамадскай або яўрэйскай установы, якая б займалася доглядам яўрэйскіх пахаванняў». 

Пакуль могілкі не стаяць ні на чыім балансе, ні ў кога няма і фінансаў для іх догляду і няма з каго пытацца пра іх стан.

Каментары16

Цяпер чытаюць

Беларуска арганізавала адпачынак для дзяцей палітвязняў на Лазурным беразе. Яна расказала, як уцякала з краіны і як яе затрымліваў Інтэрпал4

Беларуска арганізавала адпачынак для дзяцей палітвязняў на Лазурным беразе. Яна расказала, як уцякала з краіны і як яе затрымліваў Інтэрпал

Усе навіны →
Усе навіны

Былы дарадца прэзідэнта ЗША: Трамп на перамовах не прайграў, але Пуцін відавочна перамог2

Тэлефанаванне Трампа Лукашэнку: што гэта было?23

Беларуска зганяла ў Парыж без візы — не знайшла там ні круасанаў, ні слімакоў. У краме «Фантазія» толькі чабурэкі6

Трамп адклаў на два-тры тыдні ўзмацненне санкцый супраць Расіі пасля перамоваў з Пуціным33

Для Украіны застаецца няпэўнасць3

Маладую прадпрымальніцу са Слоніма асудзілі за ўдзел у пратэстах5

Пяць гадоў таму адбылася самая маштабная дэманстрацыя ў гісторыі Беларусі18

Трамп перадаў Пуціну ліст ад Меланіі пра ўкраінскіх дзяцей1

Інтраверт, экстраверт… атраверт? Псіхіятр прапануе новы тып асобы5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Беларуска арганізавала адпачынак для дзяцей палітвязняў на Лазурным беразе. Яна расказала, як уцякала з краіны і як яе затрымліваў Інтэрпал4

Беларуска арганізавала адпачынак для дзяцей палітвязняў на Лазурным беразе. Яна расказала, як уцякала з краіны і як яе затрымліваў Інтэрпал

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць