Здарэнні2424

Што вядома пра хлопца, які сцвярджае, што напаў на дэпартамент аховы у Верхнядзвінску

Свабода паразмаўляла з класнай кіраўніцай і аднакласнікамі хлопца, які размясціў на Youtube зварот і ўзяў на сябе адказнасць за напад на міліцыянтаў у Верхнядзвінску.

Афіцыйнай інфармацыі пра асобу нападніка і падрабязнасцяў пра здарэнне няма.

Аўтару відэа Г. 18 гадоў. Ён са Смаргоні і летась скончыў школу.

Алена Яўгенаўна, былая класная кіраўніца Г., вельмі засмучаная навінамі пра хлопца.

«Я шчыра шкадую, што яго ніхто не спыніў. Ён з нармальнай сям’і. Маці працуе. На жаль, бацькі развяліся, але цяпер такіх сем’яў шмат, і гэта не падстава казаць, што яму нечага не хапала».

Як даведалася Свабода, бацька Г. — прадпрымальнік Юрый. Ён уладальнік некалькіх крамаў у Смаргоні.

Алена Яўгенаўна кажа, што Г. не мог наладжваць адносіны з аднакласнікамі, не меў сяброў. Ён памяняў некалькі школ і ў класе Алены Яўгенаўны вучыўся апошнія два гады.

«Гэта быў ваенна-патрыятычны кляс. Мы спадзяваліся, што яму будзе цікава. Г. заўжды захапляўся гісторыяй. У яго трэцяе месца на абласной алімпіядзе па гісторыі ў 11-й клясе. Мы вельмі ганарыліся ім. Але з іншымі дзецьмі ў яго аніякіх кантактаў не было. Абсалютна. Ён сам па сабе, такі воўк-адзіночка».

Знаёмыя ў размове са Свабодай характарызуюць Г. як агрэсіўнага чалавека.

«Гэты хлопец быў вельмі закрыты! Таму мы не кантактавалі, і я яго не ведаў! Але ў школе ён часта пагражаў нам. Мы лічылі, што гэта ўсё жарт», — распавядае былы аднакласнік Г.

Алена Яўгенаўна кажа, што з ім было цяжка працаваць, у яго ўвесь час былі канфлікты з аднакласнікамі і настаўнікамі. «Непакладзісты, неадаптаваны да жыцця ў грамадстве», — кажа пра былога вучня настаўніца.

«Вельмі інтэлектуальна развіты, прамы, зусім не ўмее хітраваць. У мяне такое пачуццё, што ён не гэтага часу дзіця. Калі б ён жыў у XVII стагоддзі, біўся б на дуэлях, можа, у больш дэмакратычным грамадстве сябе неяк праяўляў… Але ў гэтым грамадстве яму было вельмі некамфортна».

Паводле словаў іншага аднакласьніка, Г. гуляў у камп'ютарную гульню Counter-Strike, хадзіў у музычную школу і граў на гітары.

«Ён сам вельмі разумны. Перамагаў на алімпіядах. Але па адзнаках, што было дзіўна, у яго не вельмі добра ўсё было. Ён ведаў, як што рабіць, але не рабіў. Ён тупа сядзеў і не пісаў. Заўсёды ў школу спазняўся хвілін на 20, кожны дзень, рэдка калі своечасова прыходзіў. Яго мама казала, што гэта з прычыны таго, што яму не падабалася, калі на яго ўсе глядзяць. Маўляў, раніцай шмат людзей у школе», — кажа знаёмы Г.

Ён дадае, што сяброў у Г. не было.

«Былі ўмоўныя. Аднакласнікі зь іншай школы, з якімі ён пару словамі перакінуўся і ўсё».

Алена Яўгенаўна мяркуе, што ў Г. былі не такія простыя адносіны з маці. У сям’і таксама ёсць дарослы старэйшы брат. Аднак Г. заўжды быў дагледжаным дзіцём, маці актыўна цікавілася яго жыццём. Бацьку Г. класная кіраўніца ніколі не бачыла і не ведае, ці падтрымлівае ён адносіны з хлопцам. Паводле яе зьвестак, бацькі Г. развяліся, калі той вучыўся ў 5-й класе. Пакуль Свабодзе не ўдалося звязацца зь імі.

Вучыўся Г. добра. Пасьля школы нібыта паступіў у Полацкі ўніверсітэт (гэта пацвердзіць не ўдалося — РС). Дзе ён мог пазнаёміцца з ідэямі, якія падштурхнулі яго да гэтага ўчынку, настаўніца нават не ўяўляе.

«Адзіночка», — кажа пра Г. былая настаўніца. — Нейкая нервовасць у ім была, сум у вачах. Магчыма, нават нешта на ўзроўні псіхікі. Гэта было праблемнае дзіця».

Алена Яўгенаўна вельмі шкадуе пра тое, што здарылася з былым вучнем.

«Ён мог бы стаць вучоным, зрабіць кар’еру. А цяпер гэта паламаны лёс на самым узлёце — ці турма, ці псіхушка».

Міліцыя настаўніцу яшчэ не апытвала.

Раніцай 1 студзеня з'явілася інфармацыя, што 18-гадовы хлопец пры затрыманні раніў двух супрацоўнікаў Дэпартамента аховы. Пазней знайшоўся відэазварот Г. на Youtube, а таксама канал у Telegram. Паводле непацверджанай інфармацыі, перад затрыманнем хлопец кінуў у будынак Верхнядзвінскага дэпартамента аховы бутэльку з падпальнай вадкасцю.

Каментары24

Цяпер чытаюць

Тэгеран гарыць. Ізраільскія знішчальнікі працягваюць удары, пакуль СПА Ірана бяссільная16

Тэгеран гарыць. Ізраільскія знішчальнікі працягваюць удары, пакуль СПА Ірана бяссільная

Усе навіны →
Усе навіны

Крутога айцішніка, які вярнуўся з Польшчы, кінулі за краты за фінансаванне «экстрэмізму»28

У Беларусь з Расіі завозяць авіябомбы і ракеты12

Нетаньяху: «Неўзабаве вы ўбачыце ізраільскія самалёты ў небе над Тэгеранам»1

Збанкрутавала вядомая сетка фастфуду Döner King2

Трамп вымушана спыняе рэйды супраць імігрантаў у сельскай гаспадарцы і гатэльным бізнэсе3

Навукоўцы знайшлі просты спосаб паспрыяць росту раслін — музыка, але не кожная20

Ryanair будзе штрафаваць пасажыраў, якія парушаюць парадак1

У Гомелі 7 гадоў таму пабудавалі прыбіральню ледзь не за мільён даляраў. Як у ёй цяпер?4

У Дубаі загарэўся 67-павярховы хмарачос3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Тэгеран гарыць. Ізраільскія знішчальнікі працягваюць удары, пакуль СПА Ірана бяссільная16

Тэгеран гарыць. Ізраільскія знішчальнікі працягваюць удары, пакуль СПА Ірана бяссільная

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць