Марына Ментусава расказала, што бюджэт яе сям'і складае 6000 даляраў на месяц і што яе партнёр быў удзельнікам групавога згвалтавання
Феміністка і вядучая «Обычного утра» Марына Ментусава згадала, як у дзяцінстве варыла суп з бульбянога лушпіння, дала сваю ацэнку абвінавачванням Карпушонак, а таксама расказала жудасныя моманты свайго мінулага.

«Я была ў вельмі беднай сітуацыі ў сваім дзяцінстве. Гэта была вельмі бедная сям'я», — прызнаецца Марына Ментусава ў новым выпуску ток-шоу «Жыццё-маліна»
Па словах жанчыны, фінансавая сітуацыя была настолькі цяжкай, што даводзілася праяўляць вынаходлівасць, каб проста пракарміцца. Яна згадвае:
«Калі рэальна не было чаго есці, можна было наогул весяліцца, што можна зрабіць з бульбы, толькі з бульбы. Можна зрабіць суп з гэтымі лушпайкамі. Я спрабавала як мінімум. Не памятаю, ці гэта было сур'ёзна, ці мы жартавалі так. (…) У пэўны момант нельга было ні на што арыентавацца, акрамя агароду. Усё».
Ментусава адзначае, што яе гісторыя не была ўнікальнай — для Беларусі, беднай краіны з невялікім адсоткам прывілеяванага насельніцтва, гэта была даволі распаўсюджаная сітуацыя.
Першы досвед багацця
«Таму, калі я пачала зарабляць, вядома, я пачала сябе моцна песціць», — прызнаецца Марына. Гэты перыяд звязаны з яе трэцім мужам.
На пытанне, ці ўдарыла ёй у галаву багацце, жанчына адказвала, што для яе гэта было не пра раскошу — не пра Lamborghini ці брэндавыя рэчы. Галоўным адкрыццём стала пачуцце фундаментальнай бяспекі.
«А я гэта ўсё сабе не купляла, гэта ўсё мне дарыў былы муж. Таму мне падабалася, мне было вельмі прыгожа, я адчула сябе ўпершыню ў бяспецы. Я зразумела, што я ніколі не імкнулася да грошай, я думала, што гэта ўсё ад злога, яны мне не патрэбныя, мне патрэбен быў мінімум.
А калі ў мяне з'явіўся фінансавы спакой, я зразумела, што гэта такое. Калі ты ўвогуле не баішся захварэць у незнаёмай краіне. Наогул не баішся. Ты спакойна лётаеш, не разлічваючы, ці хопіць табе на арэнду кватэры за месяц. Ты не лічыш, (…) можаш купляць сабе вельмі якасныя прадукты ці найлепшыя лекі, выбіраць найлепшыя прыватныя медыцынскія цэнтры.
То-бок, гэта вельмі высокі ўзровень спакою, бяспекі. Гэта не пра камфорт, я не ведаю, пра Lamborghini, яшчэ нешта. Наяўнасць магчымасці хадзіць да вельмі добрых дактароў была для мяне больш каштоўнай, чым Мальдывы».
Гэты досвед цалкам змяніў яе ўспрыманне грошай. Яна зразумела, што фінансавая стабільнасць — гэта інструмент, які забяспечвае спакой і абароненасць.
«Я зразумела, што я хачу зарабляць для таго, каб у мяне і майго дзіцяці заўсёды была магчымасць адчуваць сябе ў бяспецы, у камфорце і ў гэтай абароненасці хаця б фізічнай. Я разумею, што маё цела абароненае нават у чужой краіне. Планка пастаўленая такая цяпер».

Мне не хапае пачуцця «расслабіць плечы»
Па словах Марыны, яе цяперашняе жыццё ў эміграцыі — новы этап, які зноў патрабуе ад яе мабілізацыі ўсіх рэсурсаў. Яна апісвае свой стан як «вельмі напружаны». Пачуццё спакою і магчымасць «расслабіць плечы», якія былі ў яе ў Маскве, зніклі. Цяпер яна жыве ў рэжыме пастаяннага планавання і падлікаў:
«Мне не хапае пачуцця «расслабіць плечы». Я тут у эміграцыі, я вельмі напружаная заўжды. Бо мне трэба так: «А дзе яшчэ як зарабіць? Ага, а вось тут, а вось тут».
Я кожны тыдзень лічу каштарыс. У мяне пастаянна табліца Excel адкрытая ў фонавым рэжыме. Я ў фонавым рэжыме думаю фінансава: як тут, як так, каб лепшы садок забяспечыць дзіцяці. Страхоўка, школа, нейкія нюансы. Гэта ўсё патрабуе грошай, гэта ўсё патрабуе высокага ўзроўню адказнасці, сабранасці».
Жанчына праводзіць цікавую паралель: калі ў Маскве з-за шалёнага тэмпу жыцця было «сорамна ляжаць», то ў эміграцыі «страшна ляжаць» з-за фінансавай няўпэўненасці.
Нягледзячы на цяжкасці, Марына Ментусава мае выразную мэту. Яна імкнецца аднавіць свой фінансавы дабрабыт да ўзроўню 30-40% ад таго, што быў у яе ў Маскве, і сфармаваць «падушку бяспекі» — рэзерв, які дазволіць ёй і яе сям'і пражыць паўгода без даходу. Гэта неабходна на выпадак, калі яна «зламаецца» ці выгарыць.
Калі гаварыць пра памер «падушкі бяспекі», то гэта, па словах Ментусавай «мінімум-мінімум тое, чаго хопіць на арэнду кватэры і на прадукты — 10 тысяч долараў». Аднак, цяпер, як прызнаецца жанчына, яе сям'я, якая ўключае тры пакаленні жанчын, мужчыну і двух катоў, за месяц траціць 6000 долараў.

Цікава, што мянушкі ў катоў, які жывуць у сям'і Ментусавых, — Марыён (кошкі) і Катыяр (ката), што асацыюецца з імем і прозвішчам вядомай французскай акцёркі.
Па словах Марыны, у гэтым «ёсць любоў да Марыён Катыяр. Проста гэта смешна. У нас гасцяваў мой харошы знаёмы і ён прапанаваў».
«Абвінавачванні Карпушонак вельмі падобныя да ІПСА»
Каментуючы абвінавачванні Вольгі Карпушонак у дамаганнях з боку Паўла Латушкі, Марына Ментусава адзначае, што прапаноўвала жанчыне выступіць у іх праграме, аднак яна не адказала. І гэта наводзіць на думку, што абвінавачанні — аперацыя па дыскрэдытацыі Паўла Латушкі:
«У нас пакуль няма ніякіх доказаў. Больш за тое, яна абяцала паказаць доказы СМІ. Яна нам нічога не паказала. Мы ёй напісалі, папрасілі нават прыйсці да нас у эфір, таму што для мяне было важна даць пляцоўку ўсім бакам.
Ну, як бы ёсць Латушка, ён гаворыць, абараняе сябе. Вось, дарагая Вольга, у вас ёсць канал, дзе будзе мінімум адна жанчына, якая не дасць вас заткнуць. Вось, калі ласка, ёсць месца, гаварыце.
Але мяркуючы па тым, што ў нас няма адказу, няма доказаў, якія былі абяцаныя, гэта вельмі падобна да таго, што называецца ІПСА — на аперацыю, скіраваную на дыскрэдытацыю. Гэта значыць, на такую інфармацыйна-прапагандысцкую працу супраць нейкіх дзеячаў дэмакратычных сіл».
Асабліва непраўдападобным Ментусава лічыць сцвярджэнне Карпушонак пра тое, што ёй небяспечна знаходзіцца на тэрыторыі ЕС.
«І калі чалавек, знаходзячыся на тэрыторыі ЕС, кажа, што ёй тут небяспечна, вось гэта мяне палохае, таму што, ну, гэта не падобна да праўды», — даводзіць Марына.
Пра адносіны, з якіх выйшла з сінякамі
Марына Ментусава прызнаецца, што працуе ў «неспрыяльным фонавым асяроддзі»:
«Кожны дзень, падчас кожнага жывога эфіру нехта піша мне нейкія непрыемныя рэчы. Нешта звязана з маім выглядам, нешта звязана з тым, якая я там дурная, тупая, не разумею нічога, наогул лявацкае дзярмо, усё з-за мяне, я вінаватая ў гвалце».

Хоць за пяць гадоў працы яе псіхіка навучылася даваць рады гэтаму ціску, і яна лічыць сябе «таўстаскурым» чалавекам, Марына прызнае, што такі пастаянны хейт непазбежна ўплывае на яе.
Аднак у жыцці Марыны ў Мінску быў перыяд, калі яна адчувала сапраўдны фізічны гвалт:
«Я выходзіла з адносін. Я даведалася пра тое, што мой партнёр быў удзельнікам групавога згвалтавання, і хацела напісаць заяву ў міліцыю, знайсці гэтую дзяўчыну. І ён мне вырашыў паказаць, што будзе, калі я гэта зраблю».
Каментары