Грамадства3131

«Міс Беларусь» усё больш нагадвае конкурс прыгажосці ў гарэме

Мінімум 9 з 24 прэтэндэнтак на карону так ці інакш удзельнічалі ў розных прапагандысцкіх мерапрыемствах.

Раней часта казалі, што ўдзельніцы конкурсу «Міс Беларусь» пасля яго трапляюць у світу Лукашэнкі — у так званы «кавуновы батальён». Фактычна прыгажуні — адзін са статутных аксэсуараў састарэлага палітыка. Яго фразу «жанчыны — наша самая эфектыўная дыпламатычная зброя» нават надрукавалі на мерчы. У цішотках з такім надпісам на грудзях сёлета з'явіліся некаторыя з удзельніц конкурсу прыгажосці.

Лізавета Лагодзіч на «Міс Беларусь 2025». Фота з інстаграма конкурсу

Маладыя дзяўчыны ствараюць прыгожы фон, калі дыктатар глядзіць нейкі канцэрт ці спрабуе закінуць шайбу ў вароты.

«Наша Ніва» прааналізавала сацыяльныя сеткі прэтэндэнтак на карону ў 2025 годзе, і заўважыла: у некаторых прыгажунь лёс складваецца ў адваротным парадку — спачатку яны пачынаюць свяціцца на праўладных мерапрыемствах, а ўжо потым трапляюць у спіс удзельніц «Міс Беларусь».

Дарэчы, такое адбываецца не ўпершыню. Можна згадаць адну з апошніх фаварытак Лукашэнкі Уладлену Зайцаву. Да таго, як трапіць на «Міс Беларусь», а потым стаць яго публічнай кампаньёнкай, яна перыядычна з'яўлялася сярод тых дзяўчат, якія на афіцыйных мерапрыемствах выносяць чыноўнікам кветкі ці каравай. Цікавы факт: прыгажуням, якія па камандзе пасміхаюцца ды дэфіліруюць на высокіх абцасах, кажуць, што яны не абы-чым займаюцца, а служаць Айчыне.

Дар’я Базылева родам з Гомеля. Дзяўчыну на конкурсе прадстаўлялі як студэнтку, якая вучыцца на псіхолага. Але «выносіць кветачкі» таксама пачала: яе можна пабачыць на фотаздымках, калі чыноўнікі сёлета ў Гомелі ўскладалі кветкі 9 мая. Аб тым, што Дар’я не проста прыгнаная студэнтка, а штатная прыгажуня, сведчыць агульны здымак: яна пазіруе ў кампаніі іншых дзяўчат, якія апрануліся абсалютна аднолькава і зрабілі ідэнтычныя прычоскі і макіяж.

Дар'я Базылева ў звычайным жыцці. Фота з яе інстаграма
Дар'я Базылева (апошняя справа) падчас афіцыйнага мерапрыемства
Дар'я Базылева дапамагае ўрачыста адкрыць мемарыяльную дошку

Пра мінчанку Віталію Жамко распавялі, што яна, з аднаго боку, хоча працаваць у адвакатуры, а з іншага — прадстаўляць Беларусь на міжнародных конкурсах прыгажосці. Сёлета напрыканцы сакавіка Віталія выклала сторыс, як глядзела хакейны матч з удзелам Лукашэнкі.

Віталія Жамко наведвала матч каманды Лукашэнкі супраць каманды Магілёўскай вобласці

Мінчанку Крысціну Бельскую прадстаўлялі як настаўніцу англійскай мовы, якая марыць стаць сцюардэсай. Але ж у сваім інстаграме дзяўчына пазіцыянуе сябе як мадэль. Цалкам лагічна, бо дзяўчына актыўна ўдзельнічае ў конкурсах прыгажосці.

Фактычна Крысціна пакуль ідзе шляхам Уладлены Зайцавай. Як і яна, Крысціна з’яўляецца перад вачыма Лукашэнкі падчас «Славянскага базару» ды на свяце ў Александрыі.

Крысціна Бельская

Мінчанка Кацярына Трыказа сёлета паспела атрымаць карону «Міс Мінск». Допіс, прысвечаны сваёй перамозе, дзяўчына скончыла праўладным лозунгам: «Час абраў нас».

У тэлеграм-канале Трыказа публікавала здымкі з Савета Рэспублікі: сёлета ў чэрвені Беларусь і Азербайджан падпісалі пагадненні аб супрацоўніцтве паміж моладзевымі арганізацыямі. Кацярына была адной з тых прыгажунь, якія падносяць сур’ёзным дзядзькам дакументы на подпіс.

Кацярына Трыказа. Фота з яе тг-канала

Ёсць яшчэ адна ўскосная прыкмета, які можа сведчыць пра тое, што дзяўчына ўваходзіць у спіс штатных прыгажунь — гэта чорны чахол на тэлефон з надпісам «Рэспубліка Беларусь», залатым гербам і чырвона-зялёным сцягам.

З такімі раней ужо засвяціліся актыўныя ўдзельніцы лукашэнкаўскіх мерапрыемстваў Дар’я Ганчарэвіч і Яна Бараноўская (яны таксама ў свой час удзельнічалі ў конкурсе «Міс Беларусь»). Дарэчы, такі самы чахол з дзяржаўнай сімволікай мае і Кацярына Трыказа.

Кацярына Трыказа. Фота з яе тг-канала

Ганна Бычко вучыцца ў медыцынскім ВНУ, плануе стаць дзіцячым хірургам. Сёлета 9 мая яна ўдзельнічала ў лукашэнкаўскім парадзе і, мяркуючы па яе сторыс, сядзела на адной з віп-трыбун.

Ганна Бычко

Стэфанію Казловіч прэзентавалі як пракурорку. На АНТ казалі, што яна хоча змагацца за «абарону правоў і свабод грамадзян, захаванне законнасці». Прыгажуня з'яўляецца актывісткай БРСМ. У яе акаўнце шмат фота і відэа з афіцыйных мерапрыемстваў.

Стэфанія Казловіч. Фота з яе інстаграма

Стэфанія ганарыцца тым, што ёй даручаюць выносіць кветачкі і дыпломы. Сёлета пасля лукашэнкаўскай інаўгурацыі яна здымала відэа, як палітыку прысягаюць на вернасць вайскоўцы на плошчы герба і сцяга.

Фота з інстаграма Стэфаніі Казловіч

На парадзе 9 мая Стэфанія таксама была недзе недалёка ад Лукашэнкі.

Яна сфатаграфавалася ў кампаніі іншых прыгажунь, якіх апранулі аднолькава: чорныя касцюмы, белыя блузкі ды бэжавыя трэнчы. Прычоскі таксама аднолькавыя — традыцыйныя гулькі. Такія самыя можна пабачыць і ў дзяўчат, якія ў палацы Незалежнасці прыносяць каву ды гарбату дарагім гасцям Лукашэнкі.

Фота з інстаграма Стэфаніі Казловіч. Фота зроблена на парадзе 9 мая 

Пра Лізавету Лукшу падчас конкурсу распавялі, што днём яна можа быць на практыцы ў пракуратуры, а ўвечары ўжо заўзець на хакейным матчы. Дзяўчыну таксама перыядычна задзейнічаюць для «падай-прынясі» на розных мерапрыемствах, а яшчэ пераапранаюць у нацыянальныя строі, каб сустракаць розныя дэлегацыі.

Лізавета Лукша. Фота з яе інстаграма

Аляксандра Шапурава раней засвяцілася на «Славянскім базары», дзе выносіла на сцэну кветкі і дыпломы. На так званы Дзень народнага адзінства летась яе таксама паклікалі.

Аляксандра Шапурава. Фота з яе інстаграма

Алія Кароткая ўжо не ўпершыню ўдзельнічала ў «Міс Беларусь» — мінулы раз яна прэтэндавала на карону галоўнай прыгажуні ў 2023 годзе. Цяпер у яе інстаграме можна пабачыць фота і відэа з хакейных матчаў Лукашэнкі.

Алія Кароткая. Тут і далей фота з яе інстаграма

Дзяўчына пахвалілася, што сёлета яе запрасілі глядзець парад з трыбуны А — дарэчы, там сядзела і імаверная дачка Лукашэнкі Крысціна Моцная разам з маці.

Таксама Алія распавяла ў інстаграме, што сёлета разам з палітыкам саджала дрэвы ў будучым парку Народнага адзінства.

Каментары31

  • ваван
    13.09.2025
    {cenzored//}
  • Железный Дровосек
    13.09.2025
    Хоть кто-нибудь из этих девок взглянул бы в сторону калхозенфюрера,если б он был не у власти? Думаю—сплюнули б в сторону этого уродливого разжиревшего колхозника-извращенца.
    Беларусь очень долго после того,как он сдохнет,детоксироваться от всего этого мерзкого слизкого яда всех его грязных развлечений.
    Ничего ж скрыть нельзя будет —вылезет все.
  • Клаус
    13.09.2025
    Усе ведаюць што гэта конкуос наложніц

Цяпер чытаюць

Іллю Дубскага ў калоніі прымусілі самому сабе лязом зрэзаць татуіроўку з Пагоняй12

Іллю Дубскага ў калоніі прымусілі самому сабе лязом зрэзаць татуіроўку з Пагоняй

Усе навіны →
Усе навіны

У Непале прэм'ер-міністрам упершыню прызначылі жанчыну1

Павел Вінаградаў за час адседкі схуднеў на 40 кг ФОТАФАКТ14

«Жывём тут як у танку». Беларусы з памежжа расказалі, як перажываюць закрытую мяжу і вучэнні4

У ААН прагаласавалі за стварэнне палесцінскай дзяржавы17

У Беларусі расце запазычанасць насельніцтва па банкаўскіх крэдытах

У Расіі рэзка вырас попыт на беларускія пеністыя віны1

У Гомелі на Дзень горада тысяча чалавек станчылі пад песню «Касіў Ясь канюшыну» ВІДЭА4

Не ўпаіцельны ў Нароўлі вечары. Водгук на кнігу Андрэя Горвата12

У тыктоку завірусіўся «кідок кобры» ў Беларусі ВІДЭА

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Іллю Дубскага ў калоніі прымусілі самому сабе лязом зрэзаць татуіроўку з Пагоняй12

Іллю Дубскага ў калоніі прымусілі самому сабе лязом зрэзаць татуіроўку з Пагоняй

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць