У Брэсце зноў прайшла традыцыйная акцыя пратэсту супраць акумулятарнага завода
Днём 14 чэрвеня на плошчы Леніна ў Брэсце зноў прайшла традыцыйная акцыя пратэсту супраць акумулятарнага завода, які пабудаваны за некалькі кіламетраў ад горада, паведамляе Брэсцкая газета.

Адной з тэм абмеркавання пратэстуючых стаў збор подпісаў пад іх заявай у Брэсцкія аблвыканкам, гарвыканкам, райвыканкам, а таксама ў Савет Міністраў Беларусі і ТАА «Акумулятарны альянс».
Сёлета ў маі стала вядома, што скандальнае прадпрыемства пад Брэстам выкупілі новыя ўладальнікі, якія змянілі назву таварыства з ТАА «АйПаўэр» на ТАА «Акумулятарны Альянс».
«Мы лічым, што іх заява аб дыялогу была папулісцкай і зроблена з адзінай мэтай — прыбраць людзей з плошчы. Але паколькі ўладальнікі людзі адказныя, мы зараз збіраем подпісы пад зваротам да старшыні аблвыканкама аб садзейнічанні ў правядзенні грамадскіх абмеркаванняў менавіта новага праекта», — сказаў 14 чэрвеня на плошчы адзін з лідараў пратэстнага руху Дзмітрый Бекалюк.
Па агульным меркаванні праціўнікаў завода, правядзенне паўнавартасных грамадскіх абмеркаванняў праекта акумулятарнага завода «Акумулятарны Альянс» і справаздачы аб уздзеянні яго на навакольнае асяроддзе — аптымальны варыянт вырашыць канфлікт паміж мясцовымі жыхарамі і ўладальнікамі акумулятарнага завода.
Абмеркавалі на плошчы ў гэту нядзелю і маючы адбыцца прыезд у Брэст Лукашэнкі. Паводле папярэдняй інфармацыі, яго візіт чакаецца ў панядзелак 22 чэрвеня. У сувязі з гэтым актывісты не збіраюцца адмаўляцца ад традыцыйнай акцыі на плошчы, якая мае адбыцца напярэдадні, 21 чэрвеня.
Пасля акцыі пратэсту ўдзельнікі пайшлі па цэнтральных вуліцах Брэста да кінатэатра «Беларусь».

Каментары