У інтэрнэце з’явілася папера з 17 подпісамі настаўнікаў бабруйскай школы №27. Педагогі абвясцілі бестэрміновую забастоўку, пакуль не выканаюць іх патрабаванні: адстаўка Лукашэнкі і ўрада, прызнанне выбараў несапраўднымі, вызваленне палітзняволеных.
«Наша Ніва» звязалася з дырэктаркай школы Наталляй Вінакур. Тая пацвердзіла — дакумент не фэйк, настаўнікі сапраўды абвяшчалі забастоўку. Але…
«У нас вялікі калектыў, 130 чалавек. Педагогаў — 80. А пад гэтай паперай падпісалася толькі 17. Падбіла ўсіх настаўніца рускай мовы. Яна ў панядзелак паведаміла мне пра забастоўку, прапанавала падпісацца таксама. Я не стала, бо маю іншую грамадзянскую пазіцыю», — распавяла дырэктарка.
Грамадзянская пазіцыя Наталлі Вінакур лёгка гугліцца. Жанчына неаднаразова была старшынёй выбарчых камісій. Яна член «Белай Русі», дэпутат гарсавета.
«Па Працоўным кодэксе, гэтая забастоўка незаконная, бо агучаны палітычныя патрабаванні. Я сказала пра гэта работнікам. І на наступны дзень усе яны былі на працы. Працягваюць працаваць і сёння, ніхто не звольніўся, і мы нікога не звальнялі. Настаўнікі паабяцалі, што працягнуць працу, а ліст перапішуць, гэта будзе не абвяшчэнне страйку, а зварот, які яны будуць рассылаць па інстанцыях», — распавяла Вінакур.
Каментары