Культура44

Пісьменнікі зладзілі «рыбны дзень» у суботу

Пра прэзентацыю новага нумара «Тэкстаў» на naviny.by піша Адэля Дубавец.

Беларускія пісьменнікі і перфарматары — магутная сіла, якая знаходзіцца ў бясконцай выпрацоўцы новых паглядаў на старыя з’явы. Нядаўна на вочы пісьменнікам трапілася старая мінская крама «Рыба», размешчаная на вуліцы Карла Маркса.
Пісьменнікі прыгледзеліся — з‑за кута пагрозліва вызірае новы рыбны шоп з добрымі лядоўнямі і заморскімі гатункамі прадуктаў. Прыслухаліся — па горадзе ходзяць чуткі пра запланаванае пераўтварэнне «Рыбы» ў італійскую піцэрыю. У магчымай перспектыве знікнення таннай рыбнай крамы беларускія літаратары ўгледзелі магчымасць страціць традыцыйнае дэмакратычнае месца для сяброўскіх тусовак, таннай выпіўкі і плённых размоў.

Для абароны гэтага самабытнага дызайнерскага памяшкання, сцены якога аздоблены пасляваеннымі фрэскамі з выявамі рознага марскога хараства, было прыдумана правесці адмысловы «рыбны дзень», поўны флэш‑мобаў, перфомансаў, імправізацый, музыкі — усё гэта канцэптуальна мусіла суадносіцца з тэмай вады, акіяну, мора і вадзяных насельнікаў. Таксама адмыслова для абароны ўлюбёнага месца гарадскіх дзівакоў і невыпадковых мінакоў быў выдадзены новы, дванаццаты, нумар часопіса «Тэксты», з лагатыпам культавай крамы на вокладцы, прысвечанага і рыбе, і «Рыбе».

Што праўда, насуперак традыцыі савецкіх сталовак, якія знаходзяцца ў адным гістарычна‑эстэтычным шэрагу з крамай «Рыба», «рыбны дзень» літаратары правялі не ў чацвер, а ў суботу.

Непасрэдна пра «Рыбу» ў «Тэкстах» — вокладка, прадмова, экспрэсія Змітра Вішнёва «Мая крама «Рыба», вершы Ярылы Пшанічнага, аповед «таравываН» Анатоля Івашчанкі, настальгічны аўтабіяграфічны аповед «Акіян». «Рыба». Маладосць…» Аляксея Шыдлоўскага і «Не пакінем РЫБЫ нашай, каб не ўмёрлі» Змітра Юркевіча. Трапляюцца таксама спробы разабрацца ў комплексе беларускага «бязмор’я». Напрыклад, Серж Мінскевіч у сваім эсэ «Беларускі акіян», аздобленым вершамі і песнямі, прыходзіць да высновы, што «ў беларусаў смага — хранічная нацыянальная хвароба. Смага да вады, да мора‑акіяну. Да свабоды. Усё атрымліваем па кропельцы… І хранічна спадзяемся, што нарэшце ператворыцца тая смага ў прагу». Таксама ў новых «Тэкстах», ніяк не звязаныя з «Рыбай», але каштоўныя самі па сабе — урыўкі з новых раманаў Аляксея Талстова і Іллі Сіна.

Звяртаючыся да чытачоў у прадмове, аўтары спачатку параўноўваюць «Рыбу» з контркультурнай кавярняй «Сайгон» у Санкт‑Пецярбургу, дзе збіралася ўся мясцовая багема і тусаваліся ўдзельнікі праектаў «Аквариум», «Кино», легендарных «Міцькоў». «Тут сустракаюцца студэнты, прадстаўнікі андэграўнду, тэатралы, працоўныя. Дзякуючы танным коштам і добрай працы супрацоўнікаў крамы створана дзіўная атмасфера камунікацыі, якая ў сваю чаргу гальванізуе працэс творчасці», — гэтак стваральнікі часопіса тлумачаць падабенства, праўда, тут жа прызнаючыся, што «Рыба» «не цягне» на кавярню, пры гэтым з’яўляючыся закансерваваным у часе скрыжаваннем маршрутаў мінчука. Пісьменнікі, музыкі і перфарматары ў сваім звароце заклікаюць усіх творчых людзей аб’ядноўвацца — маляваць, пісаць, спяваць у гонар «Рыбы».

Калі гэты праект і сапраўды выкліча зацікаўленасць з боку розных мастацкіх суполак і творцаў‑»адзіночак», магчыма, «рыбныя дні» не скончацца тым адзіным, першым, які адбыўся 25 красавіка ў Палацы мастацтваў. «Уліванне» новых ідэй у звыклы фармат чытання ўласных вершаў па чарзе — сціплым паэтычным ланцужком — і перфомансаў у поліэтыленавых строях не зашкодзіла б ні прысутным на вечарыне знаёмым выступоўцам, ні гледачам.

Сродкі, затрачаныя на антураж, відавочна, патрабавалі і больш цікавага зместу, нейкага руху і дзеяння. Пісьменнікі і паэты былі апрануты ў чорныя «майкі хакейнай каманды» — з надпісам «РыбаSOS» і ўласнымі імёнамі на спінах. Добрая вынаходка, калі арыентавацца на цэлую зграю «пачаткоўцаў», якія прыйшлі, каб упершыню ў сваім жыцці адрозніць Сіна ад Пляна. Прынамсі, мук і пытанняў менш — літаратары падпісаныя, да іх можна падыходзіць і называць адразу па імені. Гледачоў, дарэчы, сапраўды было нямала — з самага пачатку падтрымаць «Рыбу» і паўдзельнічаць у «рыбным» свяце сабралася амаль поўная зала людзей. Пра прысутнасць маладых і «новенькіх» сведчыў традыцыйны рэактыўны смяшок на кожнае другое слова ў вершах Віктара Жыбуля.

Апошні выходзіў на сцэну некалькі разоў — у самоце, разам з дзіцём (сын Жыбуля, як апынулася, ужо складае цудоўныя вершы пра кветачкі ў пяску) і ўсёй сям’ёй, з сынам і Джэці. Выводзіць «паэтычных» дзяцей даводзілася не для радасці і шчасця, а для запаўнення раптоўных паўз. «Мне перадалі, што Ярыла Пшанічны бухае! Замест яго будзе выступаць Юрась Барысевіч, — радасна паведамляе абчэплены сушанай скумбрыяй Вішнёў. — Ой, даруйце, Юрась Барысевіч таксама бухае!»

Юрась Барысевіч, калі і «бухаў», то рабіў гэта нядоўга і хутка з’явіўся на публіцы ў поліэтылене, з сінім пакетам на галаве. Крыху пагайдаўшыся ўзад‑уперад, ён нанізаў мікрафон на леску і пачаў лавіць на яго рыбу з сіняга вядра з вадой. Пасля гэтага ў мікрафоне цэлы вечар нешта булькала, што, аднак, не перашкаджала літаратарам чытаць, крычаць, спяваць і шаптаць у яго.

Паэт і літаратуразнаўца Арцём Кавалеўскі па‑свойму растлумачыў, чаму ратаваць «Рыбу» — справа кожнага нармальнага мінчука: «Рыба — добрая істота і карысная ежа. А ў краме «Рыба» мы можам знайсці і тое, і іншае». Паэты спрабавалі ўзгадаць як мага больш вершаў з уласных зборнікаў, прысвечаных рыбе і вадзе, некаторыя адразу пісалі новыя «рыбныя» творы (паэтка Джэці перад выступам нешта пісала ў нататніку, а потым чытала з яго ж, магчыма, зусім нованароджаны твор). Праўда, пасля ўсё пайшло неяк не так. Гледачы пачалі падымацца і хутка знікаць, распускацца ў нефармальнасці, смеху і весялосці, пакінуўшы залу амаль сам‑насам з чорным пахавальным эмбіентам і сцэнкамі з бруднымі мёртвымі нявестамі на дыяфільмавым палатне.

Ахвотных стаць на абарону крамы «Рыба», удзельнічаць у флэшмобах, набываць і чытаць «Тэксты» аказалася зусім нямала, а выседзець у зале Палаца мастацтваў да канца змаглі сапраўды непахісныя, самыя смелыя і вынослівыя. Справа тут, безумоўна, у доўгай, невыносна зацягнутай праграме, без развіцця, імправізацый — усяго таго, што можна назваць творчым актам, на хісткіх крэслах, каля акна, у якое праразаецца вясновае сонца. Можа быць, дастаткова было б проста памяняць памяшканне, памяняць звычкі. Пісьменнікі кажуць, што «Рыба» «не дацягвае» да кавярні. Аддайце ім «Рыбу», хай дапамогуць ёй «дацягнуцца».

Каментары4

Цяпер чытаюць

Пісьменніца Таццяна Заміроўская расказала пра новую кнігу, сны пра Лукашэнку, кошт жыцця ў Нью-Ёрку і тое, чаму злуецца на некаторых беларусаў3

Пісьменніца Таццяна Заміроўская расказала пра новую кнігу, сны пра Лукашэнку, кошт жыцця ў Нью-Ёрку і тое, чаму злуецца на некаторых беларусаў

Усе навіны →
Усе навіны

У Саудаўскай Аравіі памёр «спячы прынц», які правёў у коме 20 гадоў5

Украіна прапанавала Расіі сустрэцца дэлегацыямі на наступным тыдні2

Гэтыя простыя прадукты — альтэрнатыва бульбе. Раней беларусы елі менавіта іх7

Эксперт патлумачыў, калі варта пачынаць рабіць шэнгенскую візу, каб трапіць на адпачынак у Еўропу1

У Малдове адмовіліся рэгістраваць выбарчы блок, які правёў свой з'езд у Маскве7

Украіна трэці дзень запар атакуе Маскву дронамі3

У В'етнаме перакуліўся катар з турыстамі, больш за 30 чалавек загінулі

Ва Украіне хочуць пісаць «Берасце», а не «Брэст»61

У акупаваным Данецку ваду ўключаюць па вечарах раз на тры дні13

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Пісьменніца Таццяна Заміроўская расказала пра новую кнігу, сны пра Лукашэнку, кошт жыцця ў Нью-Ёрку і тое, чаму злуецца на некаторых беларусаў3

Пісьменніца Таццяна Заміроўская расказала пра новую кнігу, сны пра Лукашэнку, кошт жыцця ў Нью-Ёрку і тое, чаму злуецца на некаторых беларусаў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць