Грамадства

Мінчука асудзілі за бел-чырвона-белы сцяг на балконе. Суддзя: Гэта быў адзіночны пікет 

Жыхара Новай Баравой судзілі за сцяг на лоджыі. Бел-чырвона-белае палатно, па яго словах, вісіць не звонку памяшкання, а за шклом, з боку кватэры. У судзе палічылі сітуацыю адзіночным пікетам. Ужо пасля публікацыі аказалася, што такі выпадак у Мінскім раёне не адзін, піша TUT.BY. 

Нядаўна жыхарам Новай Баравой (квартал знаходзіцца ў вёсцы Копішча Мінскага раёна) кідалі позвы ў паштовыя скрыні.

Людзей выклікалі ў міліцыю: пагражалі адміністрацыйнай адказнасцю па арт. 21.13 КаАП РБ (Парушэнне архітэктурнага рашэння фасада будынка або збудавання) і арт. 21.14 КаАП (Парушэнне правілаў добраўпарадкавання). Усё гэта звязвалі са сцягамі, якія вісяць на балконах і вокнах у многіх кватэрах.

Цікава, што некаторыя позвы былі безыменнымі — адвакат тлумачыў TUT.BY, што на паперы без адрасата можна не рэагаваць.

У жыхара дома на Авіяцыйнай, 3, Арцёма з Новай Баравой ёсць гісторыя яшчэ цікавейшая. Днямі яго асудзілі за сцяг унутры лоджыі.

22 лістапада жыхару квартала патэлефанавалі з міліцыі, папрасілі праверыць паштовую скрыню. Там аказалася позва — запрашалі на адміністрацыйны працэс паводле арт 23.34. На гэты раз былі пазначаны прозвішча, імя і імя па бацьку адрасата.

На наступны дзень мінчук прыйшоў у міліцыю, там на яго склалі пратакол.

Фота: чытач TUT.BY

У пратаколе пазначана, што мужчына 21 лістапада ў 15:20 вывесіў «для публічнай дэманстрацыі на ўсеагульны агляд не зарэгістраваны ў адпаведнасці з палажэннямі Закона Рэспублікі Беларусь ад 26.05.2012 «Аб афіцыйных геральдычных сімвалах» бел-чырвона-белы сцяг, у цэнтры якога размешчаны герб «Пагоня».

У міліцыі палічылі гэта «наўмысным правядзеннем адзіночнага пікету без дазволу Мінскага райвыканкама», а таксама «публічным выражэннем сваіх грамадска-палітычных настрояў».

На думку інспектара, Арцём парушыў арт. 10 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб масавых мерапрыемствах».

— Суд быў 26 лістапада. Я быў з адвакатам, яна адзначала, што лоджыя — гэта не публічнае месца, што пікет прадугледжвае прысутнасць хаця б аднаго чалавека. На балконе вісеў толькі сцяг — гэта бачна і на фота міліцыі, — распавёў Арцём. — А ў той час, які пазначаны ў пратаколе, я наогул ляжаў на канапе і глядзеў тэлевізар. Я не стаяў на балконе і не крычаў адтуль лозунгі. У мяне дома ёсць відэакамера, файлы з яе мы спрабавалі даць суду — там выразна відаць, дзе я знаходжуся. Але суддзя не стала нават глядзець гэта відэа.

Арцём кажа, што яму прысудзілі штраф — 20 базавых велічынь (540 рублёў) па артыкуле 23.34 КаАП (Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў). Пастанову суда паабяцалі даслаць па пошце.

— Вядома, мы будзем абскарджваць. Я не згодны з такім рашэннем, лічу, што ў сябе дома магу выказваць свае палітычныя погляды як хачу. Лоджыя — гэта мая тэрыторыя.

Яшчэ адзін жыхар Мінскага раёна паведаміў пра суд за сцяг на балконе. Яго судзілі 26 лістапада, таксама па ч. 1.арт. 23.34 КаАП.

Дзяніс расказвае, што БЧБ-сцяг вісеў унутры балкона, за шклом. Гэта палічылі «адзіночным пікетам без дазволу Мінрайвыканкама». Штраф — таксама 20 базавых (540 рублёў).

— Сцяг на балконе вісеў з дня выбараў, ніякіх прэтэнзій раней да яго міліцыя мне не прад'яўляла, — жыхар Бараўлян распавядае, што папярэднічала суду. — А 20 лістапада міліцыянты прыйшлі дадому каля 8 раніцы. Запатрабавалі зняць сцяг, потым я разам з імі паехаў ва УУС. Пратрымалі там каля дзвюх гадзін.

А вось пастанова суда аб адміністрацыйным правапарушэнні. Фота: чытач TUT.BY

Акрамя таго, па інфармацыі TUT.BY, у раёнах сталіцы са старшынямі таварыстваў уласнікаў вядуць «тлумачальную працу» на тую ж тэму.

— У сераду выклікалі старшыняў таварыстваў уласнікаў у Адміністрацыю Маскоўскага раёна — як я зразумеў, з тых дамоў на праспекце Дзяржынскага, якія лічаць праблемнымі, — распавёў адзін з удзельнікаў сустрэчы. — З намі сустракаліся кіраўнік адміністрацыі, начальнік аддзела гарадской гаспадаркі, прадстаўнік МУС і нехта ў цывільным.

Сказалі, што трэба праінфармаваць людзей, у вокнах якіх вісяць бел-чырвона-белыя сцягі, сэрцайкі, лісты паперы, што ўсё гэта будзе прыраўноўвацца да парушэння Закона «Аб масавых мерапрыемствах» і арт. 23.34 КаАП.

Але з нас у Маскоўскім раёне пакуль ніхто, як у Цэнтральным, не патрабуе, каб мы здавалі кантакты жыхароў.

Каментары

Цяпер чытаюць

«Калі ўжо сюды прыляціць украінская ракета!» Вызвалены журналіст Яўген Меркіс расказаў пра шклоўскую калонію4

«Калі ўжо сюды прыляціць украінская ракета!» Вызвалены журналіст Яўген Меркіс расказаў пра шклоўскую калонію

Усе навіны →
Усе навіны

«Кадэбіст выйшаў з пакоя і пакінуў святару пісталет». Што адбываецца з ксяндзом Акалатовічам, якога абвінавацілі ў шпіянажы16

Кім Чэн Ын правёў маштабны ваенны парад і пахваліўся новай ракетай ФОТА4

У ДТЗ у Светлагорскім раёне, у якім загінулі шэсць чалавек, кіроўца маршруткі спачатку сутыкнуўся з трактарам3

Трамп заявіў пра ўвядзенне дадатковых пошлін 100% на тавары з Кітая2

Чаму аўтапрам зноў робіць стаўку на бензінавы рухавік, а не на электрамабілі16

Памерла 32‑гадовая дызайнерка Вольга Шаўцова — амаль палову свайго жыцця яна змагалася з анкалогіяй5

Новы канфлікт вакол «Пагоні». Літоўцы вінавацяць беларускі футбольны клуб у крадзяжы іх сімволікі72

У Ваўкавыскім раёне жыхарку вёскі аштрафавалі за вялікую колькасць катоў. Але юрыстка дапамагла адбіцца3

Пасля жудаснай аварыі ў Светлагорскім раёне шпіталізавалі восем чалавек

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Калі ўжо сюды прыляціць украінская ракета!» Вызвалены журналіст Яўген Меркіс расказаў пра шклоўскую калонію4

«Калі ўжо сюды прыляціць украінская ракета!» Вызвалены журналіст Яўген Меркіс расказаў пра шклоўскую калонію

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць