У Бішкеку знікнуць вуліцы і праспекты Леніна, Талстога, Максіма Горкага
Падчас масавага перайменавання выкідваюць расійскія і савецкія тапонімы.

У сталіцы Кыргызстана Бішкеку зацвердзілі масавае перайменаванне вуліц. Многія ключавыя праспекты і вуліцы атрымаюць уніфікаваныя назвы.
У Бішкеку гістарычна склалася так, што праспект можа быць падзелены на некалькі частак, у кожнай з якіх ёсць назва. Цяпер вырашана пазбавіцца ад блытаніны.
Нешта падобнае адбывалася ў Мінску ў сярэдзіне 2000-х, калі вуліцы Варвашэні, Дразда, Іерусалімская былі аб’яднаныя пад назвай праспект Машэрава. Аналагічна і ўлады Бішкека вырашылі пакідаць толькі адну назву для ўсяго праспекта.
Прарасійскія актывісты ў шаленстве, бо выкідаюцца менавіта расійскія і савецкія тапонімы. Напрыклад, вуліца Максіма Горкага перацякала ў вуліцу Анкары. А цяпер усё гэта будзе вуліца Анкары.
Спалучэнне вуліц Фрунзэ — Дэн Сяапіна — Чуй — Шабдана Баатыра будзе называцца праспект Чуй (Бішкек адміністратыўна знаходзіцца ўнутры Чуйскай вобласці).
Але каб не прапала імя кіргізскага дзеяча 19 стагоддзя Шабдана Баатыра, у яго гонар збіраліся назваць вуліцу, якая раней складалася з вуліц Льва Талстога і безаблічнай Пуцеправоднай.
Праспект Жыбек Жалу, праспект Перамогі, вуліца Леніна — усё гэта аб’ядноўваецца ў праспект Жыбек Жалу (Вялікі шаўковы шлях), выкідаючы Леніна на звалку гісторыі.
Таксама знікаюць з тапанімікі Бішкека праспект Маладой Гвардыі і вуліца Мікалая Гогаля.
Пасля таго, як рэформа будзе рэалізаваная, пачне дзейнічаць 20‑гадовы мараторый на перайменаванне вуліц.
Каментары