Сёння а 7 раніцы сілавікі прыйшлі дадому да педагога Аляксандры Шастаковай. Як паведаміў яе сын Павел, у панядзелак дома ў мінчанкі прайшоў ператрус — канфіскавалі мабільны тэлефон і ноўтбук, а сёння яе затрымалі, піша Tut.by.

Калі канфіскоўвалі тэхніку, сказалі, што яна праходзіць як сведка ў справе аб абразе службовай асобы. А сёння яе перавялі ў разрад падазраваных. Справа ў тым, што пад адным з пастоў у фэйсбуку яна напісала слова «т****».
Безасабова, без указання, у чый бок гэта адрасавана. І сёння яе затрымалі і вязуць у Магілёў. Я за ёй цяпер еду па трасе, пакуль больш нічога не ведаю — паведамляе Павел Шастакоў.
Павел удакладніў, што яго мама ўжо на пенсіі, але працягвае весці тэатральны гурток у цэнтры «Ранак» Маскоўскага раёна.
Пасля жнівеньскіх падзей яна была ўдзельніцай звароту настаўнікаў супраць гвалту. Была асуджаная па артыкуле 23.34 за ўдзел у Маршы пенсіянераў і пакараная штрафам у 30 базавых велічынь.
Цяпер Аляксандра Шастакова можа стаць фігурантам справы аб абразе службовай асобы.
Каментары