Свет

Правал хрысціянскіх дэмакратаў у Германіі: як галасаваць беларускай дыяспары?

І чаго чакаць ад Олафа Шольца, імавернага новага канцлера Германіі?

Новым канцлерам Германіі можа стаць сацыял-дэмакрат Олаф Шольц. Фота ДПА

Да выбараў у найбольшай краіне Еўрасаюза застаецца некалькі тыдняў.

Калі нічога не памяняецца, то антырэкордна нізкую колькасць галасоў атрымаюць хрысціянскія дэмакраты. Партыя Меркель выбрала няўдалага кандыдата ў канцлеры і запляміла рэпутацыю шэрагам скандалаў. Кандыдата ад ХДМ зваць Армін Ляшэт. Калі здарыцца такі правал, ён пэўна падасць у адстаўку.

Нейкі час наперад у выбарнай гонцы вырываліся Зялёныя. Але кандыдатка ў канцлеры ад гэтай партыі 40-гадовая Аналена Бербок таксама выглядала непераканаўча як лідар. Цяпер Зялёныя ідуць трэцімі. Яны, тым не менш, збіраюць свой гістарычны рэкорд галасоў.

Цяпер перадвыбарчыя рэйтынгі ўзначальваюць сацыял-дэмакраты — праўда, з далёка не рэкорднай для сябе колькасцю галасоў. 63-гадовы сацдэм Олаф Шольц, цяперашні міністр фінансаў, выглядае патэнцыйным новым канцлерам Германіі.

Рэйтынг палітычных партый у Нямеччыне за тыдзень да выбараў, працэнтаў

  • Сацыял-дэмакраты (левы цэнтр) 25
  • Хрысціянскія дэмакраты (правы цэнтр) 22
  • Зялёныя (левыя лібералы, экалагісты) 17
  • Свабодныя дэмакраты (правыя лібералы) 12
  • Альтэрнатыва для Германіі (правыя нацыяналісты) 11
  • Лявіца (левыя, прарасійскія) 6

Пры такім раскладзе галасоў можа спатрэбіцца кааліцыя трох партый для фарміравання ўрада. Гэта не будзе проста, але гэта не такая ўжо нерэальная задача з улікам нямецкай традыцыі пошуку кампрамісаў.

Што важна ведаць адносна новага раскладу.

Расія не выйграе на гэтых выбарах.

Расія ва ўсіх краінах Еўропы, Германія тут не выключэнне, падтрымлівае адначасова правых і левых радыкалаў, тыя сілы, якія выступаюць за дэзынтэграцыю Еўрасаюза. Гэта такі курс на ўзмацненне ўнутраных супярэчнасцей. Але дзве партыі, якім сімпатызуюць расійскія СМІ — Альтэрнатыва для Германіі і Левыя, — разам набяруць толькі 17-18 працэнтаў галасоў, тады як на выбарах 2017 года ў іх было супольна 22 працэнты.

Самыя прынцыповыя крытыкі Расіі — гэта Зялёныя.

Яны ж самыя паслядоўныя праціўнікі аўтакратый. Але складана пралічыць наступствы тых ці іншых практычных крокаў. Так, гэта Зялёныя былі галоўнымі лабістамі закрыцця нямецкіх атамных электрастанцый, што ў выніку прывяло да ўзмацнення залежнасці краіны ад паставак расійскага газу, што фарміруе «патрэбу ў Расіі».

Ці будзе ўрад на чале з сацыял-дэмакратам больш прарасійскім, чым урад Меркель?

У прынцыпе, гістарычна сацыял-дэмакратычныя ўрады Нямеччыны былі больш схільныя да кампрамісаў з Масквой, а канцлер-сацыял-дэмакрат Шродэр праславіўся тым, што пайшоў працаваць на «Газпрам» пасля сваёй адстаўкі. Але ў цэлым замежнапалітычны курс Германіі стратэгічна стабільны, не варта чакаць вялікіх змен і пасля выбараў.

Олаф Шольц — дасведчаны адміністратар і прадстаўнік цэнтрысцкага крыла сваёй партыі. Як чалавек ён някідкі, а як палітык — прадказальны. Змены ва ўсходняй палітыцы Германіі могуць адбыцца толькі ў выпадку, калі ва ўрад увойдуць Левыя.

Ці можна чакаць зрухаў у лукашэнкаўска-нямецкіх адносінах пасля выбараў? Цяпер яны на ўзроўні дна, антызаходняя, у тым ліку і антынямецкая, рыторыка афіцыйнага Мінска была выразная, і гэта адказ на паслядоўную крытыку Берлінам парушэнняў законнасці і правоў чалавека ў Беларусі.

Канцлерка Меркель у 2020 годзе гатовая была прапанаваць сваё пасярэдніцтва для арганізацыі нацыянальнага дыялогу ў Беларусі, але Аляксандр Лукашэнка адмовіўся нават падняць слухаўку. Замест гэтага ён пазваніў Уладзіміру Пуціну і папрасіў таго стварыць сілавы рэзерв для падаўлення народных пратэстаў у Беларусі, калі ягоныя сілавікі не дадуць рады самі.

У прынцыпе, Аляксандр Лукашэнка можа скарыстацца зменай урада ў Берліне для разрадкі ў беларуска-еўрапейскіх адносінах. Аднак наўрад ці гэта будзе залежаць ад фармату новай урадавай кааліцыі. Самога факта сыходу Ангелы Меркель для беларускай прапаганды будзе дастаткова.

Дарэчы, падзенне папулярнасці Хрысціянска-дэмакратычнага саюза ніяк не адбілася на асабістым аўтарытэце Ангелы Меркель. Яна пакідае пасаду, маючы 62-працэнтны рэйтынг сярод немцаў. Яна таксама мае гіганцкую павагу ў свеце. Да яе пазітыўна ставяцца 80% украінцаў, 75% іспанцаў, 70% французаў. І, тым не менш, Меркель сыходзіць, не трымаецца за ўладу сваімі далёка не пасінелымі пальцамі.

Каментары

Цяпер чытаюць

Гэтай мінчанцы 17 гадоў, а яна ўваходзіць у топ-10 найлепшых хэндлераў Еўропы1

Гэтай мінчанцы 17 гадоў, а яна ўваходзіць у топ-10 найлепшых хэндлераў Еўропы

Усе навіны →
Усе навіны

Вытворца лялек Лабубу абышоў па сваёй капіталізацыі «Газпрам»2

Навошта мужчыны шлюць жанчынам дыкпікі?22

Аб'яднаны пераходны кабінет выказаўся адносна дыкпікаў Стрыжака18

Калумбійскі порнаакцёр спачатку забіў, а пасля расчляніў двух сваіх знаёмых-брытанцаў3

«Бураць, бураць і атрымліваюць ваду». Лукашэнку давялося тлумачыць, чаму знайсці радовішчы нафты не так проста8

Ціханоўскі пасля шуміхі вакол яго слоў пра аўтаномныя «астравы» беларусаў за мяжой патлумачыў сваю пазіцыю24

Наўседа выказаўся наконт ідэі Ціханоўскага пра аўтаномныя «астравы» беларусаў у розных краінах30

У офіс расійскага тэлеграм-канала Baza прыйшлі сілавікі, галоўны рэдактар затрыманы

На плошчы Якуба Коласа ў Мінску прыбралі знакамітую тратуарную плітку з васількамі3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Гэтай мінчанцы 17 гадоў, а яна ўваходзіць у топ-10 найлепшых хэндлераў Еўропы1

Гэтай мінчанцы 17 гадоў, а яна ўваходзіць у топ-10 найлепшых хэндлераў Еўропы

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць