Гісторыя

«Дзень народнага адзінства». Як аб’ядналася Беларусь і якое свята плануе адзначаць улада

Летам гэтага года ў Беларусі з’явілася новае свята — Дзень народнага адзінства, які будуць адзначаць 17 верасня. Тлумачым, якія падзеі адбыліся ў гэты дзень і якія былі яго наступствы.

Якой была тэрыторыя Беларусі ў 1939 годзе?

82 гады таму мяжа праходзіла недалёка ад Мінска. 

Яшчэ ў 1921-м бальшавікі і палякі заключылі ганебную Рыжскую дамову. Згодна з ёй Заходняя Беларусь (як і Заходняя Украіна) адышлі да Польшчы. Мяжа прайшла па рацэ Заходняя Дзвіна, праз возера Мядзел, па рацэ Вілія, у раёне Радашковіч і Ракава, па рацэ Случ да яе ўпадзення ў Прыпяць, а затым амаль па вертыкалі да сучаснай беларуска-ўкраінскай мяжы.

Бальшавікі спадзяваліся, што мір будзе часовы, хутка адбудзецца сусветная рэвалюцыя і Беларусь аб’яднаецца. Аднак гэтай падзеі давялося чакаць амаль два дзесяцігоддзі.

Як стала магчымым аб’яднанне?

У 1939 годзе свет стаяў на мяжы Другой сусветнай вайны. Краіны Захаду і СССР спрабавалі аб'яднацца перад нацысцкай пагрозай. Але перамовы праваліліся.

Тады Сталін вырашыў пайсці на саюз з Гітлерам, які таксама дэманстраваў жаданне дамовіцца.

23 жніўня была заключана Дамова аб ненападзе паміж Германіяй і Савецкім Саюзам (вядомая па імёнах міністраў замежных спраў гэтых краін як пакт Молатава — Рыбентропа). 

Молатаў і Рыбентроп паціскаюць рукі адзін аднаму. Фота: Цэнтральны дзяржаўны архіў кіна- і фотадакументаў Расіі

Да дамовы меўся дадатковы пратакол. Ён быў сакрэтным, і ў СССР дзесяцігоддзямі адмаўлялі яго існаванне. У дакуменце ішла гаворка пра сферы ўплыву дзвюх краін ва Усходняй Еўропе «ў выпадку тэрытарыяльна-палітычнай перабудовы». Калі перакласці з дыпламатычнай мовы на побытавую, гаворка ішла пра падзел тэрыторый.

У сферу ўплыву СССР трапілі Латвія, Эстонія, Фінляндыя і Бесарабія (вобласць на тэрыторыі сучасных Малдовы і Украіны), Германіі дасталася Літва. Польшчу саюзнікі падзялілі па лініі рэк Нараў, Вісла і Сан. Пазней дамову скарэктавалі. Літву аддалі Савецкаму Саюзу, частка польскіх земляў перайшла да Гітлера.

Большасць краін была захоплена ў наступным, 1940-м годзе — СССР заняў тры краіны Балтыі і Бесарабію. А вось Фінляндыя аказалася не па зубах, хоць і страціла частку тэрыторыі. Пытанне з Польшчай саюзнікі вырашылі хутка.

Як аб’яднанне адбывалася на практыцы?

1 верасня 1939 года Германія напала на Польшчу. Сталін пачакаў, каб грамадскасць успрымала вінаватым менавіта Гітлера, пасля чаго аддаў свой загад.

17 верасня мяжу перайшлі і савецкія войскі. Іх было каля 200 тысяч, ім супрацьстаялі 45 тысяч палякаў. Сілы былі няроўныя, таму жаўнерам Другой Рэчы Паспалітай загадалі супраціўляцца толькі ў тых выпадках, калі Саветы будуць нападаць на вайсковыя часткі і спрабаваць іх раззброіць.

Але Чырвоная армія ў асноўным рухалася па магістралях. Таму гісторыкі налічылі толькі каля 40 выпадкаў супраціўлення.

Польскія салдаты вяртаюцца дадому. Фота: архіў

Чырвоная армія хутка заняла тэрыторыю Беларусі і аб’явіла выбары ў Народны сход. Вылучаць туды дэлегатаў маглі толькі прадстаўнікі ўлады і іх прыхільнікі. Да таго ж удзел у выбарах быў дадатковым тэстам на лаяльнасць новай уладзе. Не дзіўна, што галасаваць прыйшлі амаль усе, хто меў права голасу (калі быць дакладным, то 96,71% выбарцаў). Больш за 90% прагаласавалі за прапанаваных кандыдатаў.

Напрыканцы кастрычніка ў Беластоку (польскім горад стане толькі пасля Другой сусветнай) адкрыўся Народны сход. 29 кастрычніка дэлегаты прынялі дэкларацыю аб уваходжанні Заходняй Беларусі ў склад БССР.

У гэтым дакуменце мелася просьба: прыняць рэгіён у склад Савецкага Саюза. У пачатку лістапада беларускі і саюзны парламенты адзінагалосна прагаласавалі «за», пасля чаго аб’яднанне краіны завяршылася.

Што адбывалася ў Заходняй Беларусі пасля аб’яднання?

Далучэнне Заходняй Беларусі да СССР адразу спыніла польскі гнёт і паланізацыю. У трыццатыя гады жыхары гэтага рэгіёну наогул не былі прадстаўлены ў польскім парламенце, іх вельмі рэдка ўключалі ў мясцовыя органы ўлады.

У 1939-м у рэгіёне налічвалася толькі пяць беларускамоўных школ. Адукацыя стала масавай. Беларусы змаглі пайсці ва ўладу — праўда, рашэнні за іх прымалі іншыя людзі.

Савецкія салдаты і заходнія беларусы

Заходняя Беларусь успрымалася палякамі як сыравінны прыдатак іх дзяржавы. У рэгіёне амаль не развівалася прамысловасць: 2/3 прадпрыемстваў і рабочых прадстаўлялі дрэваапрацоўчую і харчовую галіны. Пасля 1939 года пачалося будаўніцтва новых прадпрыемстваў, а таксама шляхоў зносінаў.

Але беларусы трапілі з аўтарытарнай у таталітарную краіну, і ўсе мінусы СССР сталі часткай іх жыцця. 

Новая краіна адразу закрыла межы. Калі раней беларусы з’язджалі на заробкі на Захад, то цяпер — прымусова — паехалі на Усход, у лагеры.

Такія плакаты былі распаўсюджаныя да 1939 года ў Заходняй Беларусі

Наогул з верасня 1939-га да пачатку Вялікай Айчыннай у рэгіёне арыштавалі каля 150 тысяч чалавек. Сярод іх былі памешчыкі, асаднікі (перасяленцы з Польшчы, што атрымлівалі зямлю ў Беларусі), святары, прадстаўнікі нацыянальнай інтэлігенцыі, а таксама тыя, хто выказваўся супраць новай улады. 

Пачалі гвалтам утварацца калгасы — хоць агулам працэс раскулачвання завяршыўся ўжо пасля Другой сусветнай вайны. Рэзка ўпаў узровень жыцця насельніцтва. Рэальнасцю стаў дэфіцыт.

17 верасня — сапраўды «дзень народнага адзінства»?

Фармальна — так. У 1939 годзе Беларусь нарэшце аб’ядналася ў адной дзяржаве. З таго часу, калі не лічыць ваеннага ліхалецця і гадоў нацысцкай акупацыі, наша краіна заўжды заставалася адзінай. 

Але каб падзея лічылася «днём народнага адзінства», трэба, як мінімум, выкананне яшчэ некалькіх умоў. Каб беларусы ўспрымалі гэтую падзею адназначна станоўча. І каб яе рэалізацыя была іх рашэннем.

Напрыклад, расіяне адзначаюць дзень народнага адзінства 4 лістапада. У гэты дзень апалчэнне на чале з Мініным і Пажарскім выбіла з Крамля гарнізон Рэчы Паспалітай (федэратыўнай польска-літоўска-беларускай дзяржавы). Расіяне не надта любяць гэтае свята, але ў ім прынамсі ёсць свая логіка.

Фота БелТА

Але падчас падзей 1939 года беларусы аказаліся пешкамі ў гульні паміж Сталіным і Гітлерам. Хай сабе вынікам і стала аб’яднанне рэспублікі.

Сярод сучасных беларусаў таксама няма адзінства ва ўспрыманні тых падзей. Штогод у сацыяльных сетках успыхваюць дыскусіі пра падзеі 1939 года. Для кагосьці спыненне польскага гнёту і паланізацыі, развіццё прамысловасці, адкрыццё ВНУ і развіццё беларускамоўнай адукацыі — станоўчыя падзеі.

Але для некаторых беларусаў — пераважна «заходнікаў» — 1939 год стаў сапраўднай трагедыяй, якая падзяліла іх жыццё на дзве часткі і стала пачаткам калектывізацыі, рэпрэсій, гвалту. Наступствамі аб’яднання сталі смерць тысяч людзей. 

Калі падсумаваць, аб’яднанне беларускіх земляў у адну дзяржаву — адна з ключавых падзей айчыннай гісторыі. Але з-за метадаў, праз якія яно здзяйснялася, казаць пра нацыянальнае адзінства не выпадае.

Каментары

Цяпер чытаюць

Арыштаваныя дырэктары страхавых кампаній ТАСК і «Прамтрансінвест»

Арыштаваныя дырэктары страхавых кампаній ТАСК і «Прамтрансінвест»

Усе навіны →
Усе навіны

З'явіліся першыя спадарожнікавыя здымкі ядзернага аб’екта ў Фардо пасля атакі ЗША

Украіна ўвяла санкцыі супраць завода ў Беларусі, які вырабляе дэталі снарадаў для расійскіх «Градаў»3

Ціханоўскі: Я абсалютна падтрымліваю Украіну. Зяленскі — герой9

Міністр абароны ЗША: Ядзерныя амбіцыі Ірана цалкам знішчаныя

Ратвейлер напаў на шасцігадовага хлопчыка ў Астравецкім раёне — дзіця ў цяжкім стане3

Ціханоўскі расказаў падрабязнасці пра сустрэчу ў СІЗА КДБ у 2020 годзе7

«Я знаходзіўся на рэжыме, які называецца «жэстачайшым». Ціханоўскі праз слёзы расказаў пра ўмовы ўтрымання палітвязняў9

«Напішы, што ты не супраць, каб цябе адправілі за мяжу». Ціханоўскі распавёў, як да яго прыязджаў Пратасевіч9

Памёр Радзім Гарэцкі4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Арыштаваныя дырэктары страхавых кампаній ТАСК і «Прамтрансінвест»

Арыштаваныя дырэктары страхавых кампаній ТАСК і «Прамтрансінвест»

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць