Гісторыя

Гісторыя з мінулага: у дзень сустрэчы Лукашэнкі і Беразоўскага недалёка ад сцежкі, дзе яны павінны былі ісці, знайшлі міну

Некалі гісторыю пра тое, як Барыс Беразоўскі з Аляксандрам Лукашэнкам ледзь не падарваліся на міне, калі сустракаліся каля базы адпачынку «Краснасельскае», што недалёка ад Мінска, «Нашай Ніве» расказваў адзін суразмоўца. У яго трактоўцы гэта выглядала так: «Ляснік «Краснасельскага», робячы абыход, па малой патрэбе збочыў на метр у бок з дарогі і ўбачыў, як нешта бліснула — прыглядзеўся, а там правады, якія злучаюць міны».

Тэрыторыя «Краснасельскага». Фота: krasnoselskoe.by.

«Пасля гэтага на разбор палётаў прыехалі не толькі супрацоўнікі Службы бяспекі прэзідэнта разам з сапёрамі, але і брытанскія спецслужбы, пад чыёй аховай тады знаходзіўся Барыс Беразоўскі, — расказваў наш суразмоўца. — Брытанцы зрабілі ўласныя экспертызы і прыйшлі да высновы, што міны былі рэальнымі. Па іх версіі, гэта работа рук расійскіх спецслужб, а не беларускіх. Пасля гэтага брытанцы забаранілі Беразоўскаму ездзіць у Беларусь».

«У выніку выбуху дзвюх мін здэтанавала і трэцяя, якая не была знойдзеная»

Нейкі час усё гэта выглядала як мастацкая выдумка. Аднак у старых міліцэйскіх зводках «Нашай Ніве» удалося адшукаць гісторыю, якая вельмі падобная да расказу нашага суразмоўцы.

У зводцы за 2 чэрвеня 2011 года значыцца вось якая інфармацыя:

«1 чэрвеня ў 12:44 у аператыўна-дзяжурную службу Мінскага РУУС паступіла паведамленне ад выконваючага абавязкі дырэктара Краснасельскага лясніцтва «Мінскага лясгаса» Андрэя Станіслававіча, 1976 года нараджэння, што яго падначаленым, Сяргеем Пятровічам, 1971 года нараджэння, які працуе лесніком Краснасельскага лясніцтва, пры абыходзе ляснога масіву на адлегласці 15 метраў ад прасялковай дарогі і 1800 метраў ад возера Сярэдняе ды возера Пральня, каля дрэва выяўлены прадмет, падобны да бомбы».

«Сапёрнай групай устаноўлена, што ва ўказаным месцы ляснога масіву на дрэве, на вышыні не больш як 20 сантыметраў ад пачатку дрэва, на адлегласці 50 сантыментарў адзін ад аднаго выяўленыя дзве супрацьпехотныя міны тыпу «МОП-50», якія асобна прымацаваныя да дрэва металічнымі пласцінамі з дапамогай самарэзаў, злучаных між сабой шурупамі, — гаворыцца ў дакуменце. — У запальныя гнёзды устаўленыя дэтанатары, злучаныя з датчыкамі ў пластыкавай каробцы. Пасля такога паведамлення на месца здарэння выбылі следча-аператыўная група Мінскага РУУС і сапёрна-піратэхнічная група з часці № 5448.

Тэрыторыя лясніцтва. Фота: krasnoselskoe.by

На адлегласці ў 50 сантыметраў ад указаных мін выяўленая каробка памерамі 226×66×156мм, меркавана — блок кіравання да ўказаных выбуховых прыладаў».

«Сапёрамі прымаліся захады па аддзяленні блока ўпраўлення ад выбуховых прылад з дапамогай пнеўмаўдару. У выніку дзве прылады выбухнулі. Пры аглядзе ўстаноўлена, што ў выніку выбуху дзвюх мін, дэтанавала і трэцяя міна, размешчаная ля падножжа суседняга дрэва, на адлегласці 9 метраў ад першых мін, якая раней не была знойдзеная.

Падчас агляду, на адлегласці 30 метраў ад месца выбуху, знойдзеная пашкоджаная каробка памерамі 10×15 см., снараджаная выбуховай прыладай. З месца здарэння каробка не забіралася, а перасунутая на бяспечную адлегласць, ацэпленая і ахоўваецца супрацоўнікамі Мінскага РУУС да прыбыцця «Алмаза». Пашкоджаныя галіны і кара дрэваў», — паведамлялі сілавікі.

У выніку па гэтым факце завялі крымінальную справу па ч. 2 арт. 295 Крымінальнага кодэкса — «Незаконныя дзеянні ў дачыненні да зброі». З месца забралі фрагменты мацаванняў, дэтанатара, правадоў і гэтак далей.

Пра гэты выпадак ніякіх не згадвалася ў прэс-рэлізах МУС і дзяржаўных СМІ. «Наша Ніва» звязалася з лесніком, які фігурыраваў у зводцы, але ад каментарыяў ён адмовіўся.

Што рабіў Барыс Беразоўскі тады ў Беларусі?

Як сцвярджаецца ў расследаванні «Медузы», Беразоўскі яшчэ ў 2008 годзе «загарэўся ідэяй адарваць Лукашэнку ад Пуціна».

«Калі вы памятаеце, у гэтыя часы ў Бацькі з Пуціным былі напружанныя адносіны. Пра яго рабілі фільм «Хросны бацька», пуцінскія СМІ яго ўсяляк «мачылі», крыўдзілі і гаварылі пра яго ўсялякія гадасці, — казаў у гутарцы з журналістамі «Медузы» паплечнік Беразоўскага Аляксандр Гольдфарб. — Бацька ў гэты час, са словаў Барыса Абрамавіча, моцна абураўся: я, кажа, нічым не адрозніваюся ад Саакашвілі, ён робіць тое самае, што і я, толькі Саакашвілі чамусьці сябра Захаду і праваднік дэмакратыі, а я апошні дыктатар Еўропы».

Барыс Беразоўскі. Фота: rbc.ru

Па словах Гольдфарба, для Беразоўскага гэта быў у першую чаргу палітычны праект па стварэнні своеасаблівага альянсу краін-транспарціроўшчыкаў расійскай нафты, каб мець магчымасць дыктаваць свае ўмовы па тарыфах. Беразоўскі, як лічыў Гольдфарб, такім чынам мог нашкодзіць Пуціну. Ну, і ў дадатак ён разлічваў зарабіць на прыватызацыю некаторых беларускіх прадпрыемстваў.

Менавіта Беразоўскі звёў Лукашэнку з піяр-кампаніяй Цімаці Бэла — Bell Pottinger. Яна павінна была змяніць імідж Лукашэнкі перад Захадам. Расходы гэтай фірмы, па інфармацыі крыніц «Медузы», таксама аплочваў Беразоўскі.

Лукашэнка план адобрыў і «выдзеліў Беразоўскаму асабняк з узмоцненай аховай пад Мінскам», дзе і была часовая штаб-кватэра Bell Pottinger па ўпраўленні праектам. Дзе канкрэтна знаходзілася гэтая рэзідэнцыя, невядома. 

Але правярнуць свой план Беразоўскі не змог. Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 года расійскі алігарх на некаторы час яшчэ затрымаўся ў Беларусі пад гарантыі бяспекі самога Лукашэнкі, але ў выніку вымушаны быў з'ехаць.

Чытайце таксама: «Лукашэнка так хацеў утрымацца ва ўладзе, што ахвяраваў сваім народам». Коратка пераказваем фільм Дудзя пра беларусаў, ад якога многа хто плача

Каментары

Цяпер чытаюць

Коўл: Мы абмеркавалі магчымую паездку Лукашэнкі ў ЗША28

Коўл: Мы абмеркавалі магчымую паездку Лукашэнкі ў ЗША

Усе навіны →
Усе навіны

У Мінску прадаюць двухузроўневую кватэру з відам на КДБ. Вось колькі за яе просяць4

Трамп пагражае ўзарваць газавае радовішча Паўднёвы Парс, калі Іран атакуе Катар6

У Магілёўскім заасадзе з'явіўся рэдкі белы вярблюд

Расійскі беспілотнік атакаваў Галоўнае ўпраўленне СБУ Львоўскай вобласці3

У Ждановічах пад Мінскам будуць будаваць касцёл з гасцявым домам1

Пасля таго як сталі забіваць іранскіх кіраўнікоў, Пуцін амаль не з'яўляецца ў Крамлі5

«Гэта проста цуд, што я паляцела». Пасажырка самалёта з Дубая стала на бок беларусаў, якія просяць кампенсацыю ад аператара3

Беларускі музыка згубіў у Варшаве свой пашпарт, але знайшоў іншы — незнаёмай жанчыны. А ўжо яна дапамагла знайсці ягоны5

У Лоеўскім раёне вярнулі ў роднае неба выратаванага мясцовай пенсіянеркай бусла1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Коўл: Мы абмеркавалі магчымую паездку Лукашэнкі ў ЗША28

Коўл: Мы абмеркавалі магчымую паездку Лукашэнкі ў ЗША

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць