Егіпет прапанаваў Ізраілю і Палесцінскай аўтаноміі заключыць перамір'е. Паводле інфармацыі агенцтва Reuters, пагадненне могуць заключыць ужо сёння ўвечары, піша Радыё Свабода.

Ізраіль пагадзіўся на перамір'е, палесцінцы пакуль не адказалі на гэтую прапанову.
Пазней з'явілася інфармацыя, што Ізраіль і Палестына пры пасярэдніцтве Егіпта нібыта дамовіліся аб спыненні агню ў сектары Газа ў 20 гадзін па мясцовым часе (супадае з беларускім) 7 жніўня. Пра гэта паведамілі агенцтва Al Jazeera са спасылкай на «Ісламскі джыхад» і пасрэдніцкую групу Егіпта і Reuters са спасылкай на Егіпецкую службу бяспекі і прадстаўніка ўладаў Палесціны.
«Будзе абвешчана аб уступленні ў сілу рэжыму спынення агню ў 17:00 па Грынвічы, гэта значыць у 20:00 па мясцовым часе. Цяпер працягваюцца налёты, як і запускі ракет. Перад любым пагадненнем аб спыненні агню ў папярэдніх войнах наступаюць крытычныя гадзіны, калі адбываецца шмат абстрэлаў», — паведаміла карэспандэнт Al Jazeera Юмна Аль-Саед.
Армія Ізраіля 5 жніўня пачала аперацыю «Світанак» супраць палесцінскай групоўкі «Ісламскі джыхад» у сектары Газа. Прадстаўнікі ізраільскіх вайскоўцаў казалі, што баявыя дзеянні працягнуцца столькі, колькі будзе неабходна.
Паводле звестак ізраільскіх СМІ, з пачатку аперацыі з боку Газы па ізраільскай тэрыторыі было выпушчана амаль 600 ракет. Былі параненыя каля 30 ізраільцян.
У выніку ізраільскіх атак па пунктах базавання «Ісламскага джыхаду» забітыя два камандзіры групоўкі — Халед Мансур і Тайсір аль-Джабары. Міністэрства аховы здароўя Палесцінскай аўтаноміі паведаміла пра 32 загінулых, сярод якіх шасцёра дзяцей, і 253 параненых у выніку ўдараў Ізраіля. Армія абароны Ізраіля падала відэасведчанні таго, што гібель шасці дзяцей была вынікам падзення ракеты «Ісламскага джыхаду».
Абвастрэнне араба-ізраільскіх супярэчнасцяў пачалося ў панядзелак, калі на тэрыторыі Заходняга берагу ракі Іардан быў арыштаваны адзін з лідараў «Ісламскага джыхаду» Басам ас-Саадзі. «Ісламскі джыхад» абвясціў, што не пакіне арышт свайго лідара без адказу. Ізраільская разведка паведаміла пра тэракты, якія рыхтуюцца з боку ісламістаў. Пасля гэтага ў пятніцу Ізраіль пачаў ваенную аперацыю.
Каментары