Свет66

Амаль як у Будславе

Пакуль Мінск наведваў Патрыярх Маскоўскі, у Чэхію з трохдзённым візітам завітаў Папа Рымскі. З Стара-Баляслава піша Зміцер Панкавец.

Пакуль Мінск наведваў Патрыярх Маскоўскі Кірыла, у Чэхію з трохдзённым візітам завітаў Папа Бенэдыкт XVI. З Стара-Баляслава піша Зміцер Панкавец.

Яшчэ толькі збіраючыся ў Прагу, ведаў, што апошнімі вераснёўскімі днямі горад наведае пантыфік. Але, на здзіўленне, абсалютна ніякага ажыятажу з гэтай нагоды не адчуў.

Чэхія — адна з найбольш атэістычных краін Еўрасаюзу, і грамадзяне асаблівай увагі візіту не надалі.

У Прагу Бенедыкт прыехаў 26 верасня, але сустрэць яго сабралася няшмат людзей. Ніякіх афіш у горадзе, апроч як у касцёлах, якія б нагадвалі, што ў горадзе такі высокі госць, таксама не было.

Найперш у Празе Папа сустрэўся з святарамі, простыя вернікі туды не дапускаліся. У нядзелю праходзіла сустрэча з моладдзю пад Брном. А ўжо 29 верасня была запланаваная імша ў прыгарадзе чэшскай сталіцы, мястэчку Стара-Баляслаў.

Дабрацца да Стара-Баляслава можна было ад канцавой станцыі метро «Летняны», адкуль раніцай кожныя тры хвіліны хадзілі адмысловыя бясплатныя аўтобусы. Даехаць да мястэчка можна ўсяго за нейкіх паўгадзіны.

Яшчэ ў XVIІ стагоддзі ад Прагі да Стара-Баляслава быў арганізаваны святы шлях да касцёлу Ўзнясення Панны Марыі. Сцежка была абазначаная сарака чатырма барочнымі каплічкамі, якія стаялі адна ад адной на адлегласці, роўнай працягласці Карлавага мосту. Дзе-нідзе між сланечнікавых палёў іх можна ўбачыць і цяпер.

Стара-Баляслаў стаў месцам паломніцтва, бо ў тамтэйшым храме захоўваецца сакральны прадмет чэшскай зямлі. Гаворка пра медны барэльеф Мадонны старабаляслаўскай, які княгіня Людміла падарыла свайму ўнуку Вацлаву, будучаму святому патрону Чэхіі. Дарэчы, 29 верасня — гэта менавіта дзень святога Вацлава, афіцыйны выходны ў краіне.

Сам Стара-Баляслаў не вельмі ўражвае. Пасля выкшталцонай Прагі мястэчка падаецца не такім ужо і дагледжаным. Адлятае атынкоўка ад касцёлу, асфальт на вуліцы таксама не ўсюды ідэальны.

А ў некаторых раёнах паселішча, дзе праходзіла дарога вернікаў, стаяў яшчэ той пыл.

Хоцькі-няхоцькі, але міжволі параўноўваеш тое, што бачыш, з Будслаўскім фэстам. Першая думка — на Мядзельшчыне Папу сустрэлі б лепш. Пра гэта можна меркаваць нават па нейкіх побытавых момантах. Канечне, біяпрыбіральняў было дастаткова. Але тых жа шапікаў з прадуктамі — вобмаль. Каб дачакацца чаргі па кубачак гарбаты, трэба было прастаяць каля гадзіны. Як па мне, дык недастаткова было ятак з абразкамі, крыжыкамі, сувенірамі. У Будславе гэтага непараўнальна больш.

Да плюсаў чэхаў можна аднесці адсутнасць металашукальнікаў. У нас бы дакладна гэта ператварылі ў яшчэ адзін Дзень незалежнасці, з шмонам для кожнага.

Зрэшты, над мястэчкам кружляў верталёт. А Папу суправаджалі лысыя дужыя ў карку хлопцы ў строях. Нічым не адрозніваюцца, дарэчы, ад Уцюрына і каманды. Уласна чэшскай паліцыі было не так і шмат. Прынамсі, яна не кідалася ў вочы.

На сустрэчу ў Стара-Баляславе ў касцёлах загадзя распаўсюджваліся квіткі.

Бясплатныя, але там было канкрэтна ўказанае месца, адкуль можна будзе сузіраць Святога Айца — А1, С4, D6.

Паміж гэтымі сектарамі існавалі дарожкі, куды маладзенькія валанцёры спрабавалі нікога не пускаць. Не заўсёды ўдавалася.

Алтар зрабілі проста ў голым полі, на ўскрайку мястэчка. Аформлены ён быў мінімалістычна. Белая матэрыя, крыж, выява Маці Божай. Збоку — месца для хору, якія спяваў прыгожыя сучасныя песні па-чэшску. Надвор'е пантыфіку таксама спрыяла: ясная і лагодная восень.

Яшчэ да пачатку імшы пляцоўка перад алтаром пачала здавацца вялікім шматгалосым і шматмоўным стадыёнам. Амаль праз аднаго людзі трымалі сцягі. І не толькі чэшскія ды ватыканскія. Асабліва не сочачы, налічыў восем пілігрымак з польскіх гарадоў. Не сумняюся, іх было значна болей. Хапала славацкіх сцягоў, былі нямецкія, харвацкія, венесуэльскія, перуанскія. Горда луналі тры жоўта-блакітныя украінскія штандары.

Быў адзін і бел-чырвона-белы, з якім прыйшоў беларускі студэнт, колішні выпускнік Гуманітарнага Ліцэю.

Бенедыкт XVI у сваім папамабілі адразу ж аб'ехаў натоўп вернікаў, махаючы ім рукой. Людзі пачыналі аж вішчаць, калі пантыфік пад'язджаў да іх. У значнай ступені сёння Папа — не проста духоўны лідэр, але зорка сучаснай поп-культуры, на якую людзі ідуць проста паглядзець. На чэшскай зямлі Папу прывітаў кардынал Міраслаў Влк. Пасля чаго пачалася ўласна служба.

Шмат хто, каб патрапіць на яе, прайшоў доўгі шлях. У некаторых на саму імшу ўжо не хапала сілаў — засыналі ў полі стомленыя, але шчаслівыя. На тварах людзей былі ўсмешкі. Такія сустрэчы даюць моцны эмацыйны зарад.

А што да людзей, дык было іх не так і шмат. Можа, некалькі дзесяткаў тысяч.

Тут ізноў пачалі праводзіцца паралелі з Будславам. Упэўнены, што там на імшу да Папы прыйшло б непараўнальна болей.

Каментары6

 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

«Мы дакладна ведаем, дзе хаваецца так званы Вярхоўны лідар. Ён — лёгкая цэль». Трамп патрабуе капітуляцыі Ірана3

«Мы дакладна ведаем, дзе хаваецца так званы Вярхоўны лідар. Ён — лёгкая цэль». Трамп патрабуе капітуляцыі Ірана

Усе навіны →
Усе навіны

Святлана Алексіевіч расказала, якую кнігу выпусціць наступнай. Яна не пра каханне, як планавалася раней23

Лукашэнка расказаў, што карова павінна стаяць у палацы і кожнаму неабходна «хоць па дзве баразёнкі» бульбы пасадзіць20

У Кіеве ўжо каля 100 пацярпелых падчас начнога ўдару1

Ізраіль забіў і новага кіраўніка Генштаба арміі Ірана. Ён займаў пасаду пару дзён7

У Мінску знікла пенсіянерка. Аказалася, што яна па просьбе «следчых» стала кур’ерам махляроў 

Якія банкі гатовы ўзяць у вас не самыя ідэальныя купюры

Што цяпер з архівам КДБ аб рэпрэсіях у БССР, які змаглі здабыць былыя сілавікі? Калі яго апублічаць?51

Беларускі піяніст узяў адразу тры прызы на конкурсе ў Валенсіі

«Патраціла 300 рублёў — а яшчэ толькі сярэдзіна чэрвеня!» Беларусы абмяркоўваюць выдаткі на пакос травы і дзеляцца лайфхакамі32

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Мы дакладна ведаем, дзе хаваецца так званы Вярхоўны лідар. Ён — лёгкая цэль». Трамп патрабуе капітуляцыі Ірана3

«Мы дакладна ведаем, дзе хаваецца так званы Вярхоўны лідар. Ён — лёгкая цэль». Трамп патрабуе капітуляцыі Ірана

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць