Мова1515

Слоўнік брыдкаслоўя. Беларуская мова, якая шакуе і абражае

«Наша Ніва» распытала ўкладальніка слоўніка скаромных словаў Уладзіслава Гарбацкага пра тое, як лаяліся беларусы. Многія словы, якія мы лічам рускімі ці польскімі, у нашай мове яшчэ са старабеларускага перыяду. 

Кадр з фільма «Кроў і бетон»

«Скаромная мова. Слоўнік нецэнзурнай лексікі і ейных адпаведнікаў у беларускай мове» выйдзе з друку ў наступным годзе ў лонданскім выдавецтве «Скарына». 

«Наша Ніва»: Пры якіх абставінах увогуле ўзнікла ідэя такога слоўніка, калі пачалася свядомая праца над ім?

Уладзіслаў Гарбацкі: Матэрыял для слоўніка збіраўся і назапашваўся здаўна: з таго часу, калі я пачаў свае этналагічныя экспедыцыі ў 2002 годзе падчас навучання ў аспірантуры ў Інстытуце этнаграфіі і фальклору Акадэміі навук. 

Першапачаткова гэта былі этналагічна-мовазнаўчыя экспедыцыі па Віцебшчыне ў месцы пражывання старавераў. Я запісваў у сшыткі і на стужку шматлікіх рэспандэнтаў і кожнага разу там-сям фіксаваліся цікавыя выразы, у тым ліку слоўцы, якіх часта няма ў слоўніках — «пазаслоўнікавая лексіка». Паступова кола рэспандэнтаў пашыралася і я, каб узмацніць параўнаўчую перспектыву даследавання, пачаў запісваць не толькі старавераў, але і іншых беларусаў. Але ў той момант я яшчэ не думаў пра слоўнік нецэнзурнай лексікі.

Два моманты пазней паўплывалі на мяне, калі я задумаўся ўсур’ёз над гэтай тэмай: з аднаго боку, мая вясковая бабуля, якая размаўляла на цудоўнай віцебска-аршанскай гаворцы і ўстаўляла нецэнзурныя словы і смачныя выразы. Я іх разумеў, але часта бачыў, што яны адрозніваліся ад таго, што я чуў у Віцебску. І больш таго, іх часта не ўсе разумелі: мясцовыя беларусы, знаёмыя, якія прыязджалі з Расеі. Тады я задумаўся: чаму так? 

Беларусы навучылі брыдкасловіць расейцаў-старавераў, хоць сёння часта можна пачуць, што лаяцца беларусаў навучылі расейцы. 

А з другога боку, на мяне паўплывалі віцебскія стараверы, культуру і мову якіх я шмат год даследаваў: падчас экспедыцыяў ад іх я пачуў, што беларусы «дужа пагана» ці «бязбожна лаяцца». У экспедыцыях не аднойчы стараверкі распавядалі мне, што «паслаць на хер» — гэта было як жарт, а вось паслаць па-беларуску «ў шмоню» — гэта азначала вечную крыўду і спыненне ўсіх адносінаў.

І што мяне яшчэ больш здзівіла, стараверы часта казалі, што менавіта беларусы навучылі іх брыдкасловіць. Пры гэтым вядомая цалкам адваротная стэрэатыпная думка аб тым, што гэта расейцы навучылі нас лаяцца, а расейская лаяніна — наймацнейшая. 

Вось тады я і захацеў разабрацца ва ўсім гэтым навукова, таму, мусіць, я і выбраў сацыялінгвістыку, дысцыпліну, у якой абараніў PhD. Пазней у час кавіду, калі было шмат часу на падумаць і пісаць, я сеў і склаў слоўнік. То-бок апрацаваў уласныя экспедыцыйныя матэрыялы, апрацаваў шматлікія слоўнікі, фальклорныя і этнаграфічныя зборнікі і працы. А таксама ўключыў у працу аналіз беларускай мастацкай літаратуры (як класічнай, так і сучаснай). Цягам 2020-2021 гадоў слоўнік набыў цяперашнюю форму. 

«НН»: Ці няма адчування, што беларускае мовазнаўства дагэтуль вельмі пурытанскае ў гэтым пытанні? У Беларусі сёння ёсць даследчыкі, якія займаюцца гэтай тэмай?

УГ: Так, афіцыйнае беларускае мовазнаўства было і застаецца досыць пурытанскім. Але гэтаму ёсць прычыны: аўтарытарныя ўмовы, у якіх існавала і існуе ўсё наша грамадства, устаноўкі маралізму, ідэалізму за савецкім часам, цяперашнія ўстаноўкі запалохвання і адсутнасці акадэмічных ды ўсякіх свабодаў. Усё гэта не спрыяе акадэмічнай смеласці, таму мовазнаўцы не займаліся пэўнымі тэмамі: можа, тэмы і не былі забароненыя, але ўвесь час успрымаліся як нязручныя, праблемныя і падобнае.

Аднак нават у маласпрыяльных умовах беларускае мовазнаўства зрабіла і робіць гіганцкую працу, стварае шэдэўры: напрыклад, 37 тамоў «Гістарычнага слоўніка беларускай мовы»! Дарэчы, матэрыялы гэтага слоўніка і іншыя крыніцы таксама былі апрацаваныя мною, у слоўніку зафіксаваная ў тым ліку абразлівая лексіка, уласцівая старабеларускай мове (блядзінства, блядзі сын, курвінага ложа сын і пад.).

Што датычыць вывучэння ўласна нецэнзурнай лексікі, то так, тут назіраецца пэўны пурытанізм, маралізатарства. Спецыяльных даследаванняў у гэтым кірунку не вядзецца, наколькі мне вядома, слоўніка нецэнзурнай лексікі пакуль няма.

Але на пачатку 21 ст. беларускія лексікографы ішлі ў смелым кірунку: напрыклад, у вядомыя «Слоўнік новых слоў беларускай мовы» і «Слоўнік новых запазычаных слоў беларускай мовы» толькі з прычыны недазволу і маралізатарства не ўвайшлі хаця б мінімальна нецэнзурныя словы. Але ўвайшлі аргатызмы, эўфемізмы, прастамоўе, што мае на ўвазе адное: у шуфлядах нашых мовазнаўцаў хаваецца цікавы матэрыял для будучых даследаванняў. 

Рыгора Барадуліна з ягоным «Вушацкім словазборам» можна лічыць першым спецыялістам у скаромнай мове

Цікава пазначыць, што ў сучаснай Беларусі першым спецыялістам у скаромнай мове можна лічыць Рыгора Барадуліна з ягоным непаўторным «Вушацкім словазборам» (2013).

А яшчэ дзеля справядлівасці варта ўсё ж прыгадаць аднаго геніяльнага падзабытага беларускага лексікографа, які з'яўляецца для мяне галоўным арыенцірам і крыніцай натхнення — Язэп Ціхінскі (1842-1922?). У ягоным дасюль не выдадзеным Беларуска-польска-расійскім слоўніку (1870-1906) пададзеныя шматлікія вульгарызмы, абразлівая лексіка, шматлікія сінонімы да словаў «дупа», «курва», «курвель» і пад.

І якраз дзякуючы таму, што слоўнік захоўваецца ў рукапісным варыянце, ён данёс да нас аўтэнтычныя нецэнзурныя словы, якія не былі выдаленыя, цэнзураваныя падчас рэдагавання.

Слоўнічак пазаслоўнікавых слоў, складзены Янкам Золакам у 1983 годзе

Вядома, даследнікам беларускай дыяспары было значна прасцей і лягчэй: бо першая невялічкая спроба выдаць слоўнічак нецэнзурнай лексікі датуецца 1983 годам, калі Янка Золак, беларускі паэт у эміграцыі ў ЗША, выдаў «Слоўнічак пазаслоўнікавых слоў».

Яшчэ раней у 1966 годзе беларускі этнограф Адам Варлыга (Язэп Гладкі) выдаў у ЗША зборнік «Прыказкі Лагойшчыны», а ў 1972-м — дадатак да яго. Вядома, што быў яшчэ трэці дадатак «Прыказкі, што не трапілі ў зборнік прыказак Лагойшчыны», у якіх аўтар якраз сабраў брыдкаслоўі. Але ж пэўная сарамлівасць аўтара стрымала і ён не выдаў тады трэці дадатак.

Як бачым, сітуацыя істотна не змянілася — паўнейшы слоўнік нецэнзурнай лексікі выходзіць зноў жа не на радзіме, а ў Лондане.

«НН»: Вы казалі, што частку лексікі сабралі ў экспедыцыях па Віцебшчыне і Мінску ў 2002—2019 гадах. А як выглядаў працэс «выбіцця» аўтэнтычнай нецэнзуршчыны з мясцовых жыхароў?

УГ: Так, значная частка лексікі была сабраная ў экспедыцыях па Віцебшчыне, уключаючы Віцебск, і Мінску з 2002 па 2019 гады. Збор матэрыялу ці «выбіццё» аўтэнтычнай нецэнзуршчыны адбываўся наступным чынам: па-першае, дзякуючы класічнаму першаснаму метаду любога сацыялінгвіста і этнолага — назіранню і слуханню. Я слухаў, назіраў і ўжо на гэтай стадыі без актыўнага ўключэння ў кантакт збіраўся матэрыял.

Мэнспрэдынг, або па-беларуску звычайная «прасушка». Фота: Wikimedia Commons

Так, напрыклад, у Віцебску, Полацку і каля Оршы я зафіксаваў наступныя вульгарызмы і сэксуалізмы: «падрэз» (п’янка, гулянка, оргія), «качалка» (прастытутка), «прасушка» (манера сядзення многіх мужчын у публічным месцы, асабліва ў транспарце — «кавёлы раскярэчыўшы») і г.д.

Па-другое, апусканне, уключэнне ў асяродак, то-бок жывы кантакт: знаходжанне з рэспандэнтамі пэўны працяглы час, рэгулярнае кантактаванне, ліставанне з імі, частае вяртанне ў тую ж самую мясцовасць, калі мяне пачалі ўспрымаць не як чужынца, а як кагосьці вядомага, блізкага. І вось тады людзі больш не акуратнічаюць, не далікатнічаюць, а паводзяць сябе натуральна. Таму натуральна часам усплывае нецэнзуршчына і ейныя адпаведнікі.

Такім чынам я сабраў багаты матэрыял, а таксама спраўдзіў і актуалізаваў старую лексіку, якая часта была вядомая толькі па слоўніках і кнігах, а падчас экспедыцый ейны ўжытак быў пацверджаны: капэрус, трахамуддзе, блядэра і многія іншыя.

Па-трэцяе, мэтанакіраваная размова шляхам інтэрв'ю на тэму лаянкі. Гэта адзіны падыход, калі я сумысля прашу рэспандэнта пагаварыць пра нецэнзурныя словы.

У цэлым жа падчас палявых даследаванняў былі задзейнічаныя ў рознай меры ўсе тры гэтыя падыходы. І цікавы момант: за палявы матэрыял, які я сабраў, у 90-95% я ўдзячны перадусім кабетам, якія лягчэй за мужчын ішлі на кантакт і смела дзяліліся скаромнымі словамі.

У 1918 годзе беларускі яўрэй Змітрок Бядуля выдаў нарыс «Жыды на Беларусі», сёння праз уплыў расійскай мовы слова «жыд» цалкам выкраслена цэнзурай нават з акадэмічных слоўнікаў

«НН»: А якія межы ў адборы слоў, дзе праходзіць тая мяжа паміж цэнзурнай і нецэнзурнай лексікай? Нядаўна да свайго здзіўлення ў акадэмічным слоўніку не адшукаў слова «жыд». Такая цэнзура навуковага выдання вельмі здзіўляе.

УГ: Сапраўды, у сучасным беларускім кантэксце (пазначу, пад уплывам русіфікацыі) склалася дзіўная сітуацыя: у адным моўным стандарце пэўнае слова з'яўляецца літаратурным, а ў іншым моўным стандарце амаль абсцэнным, нецэнзурным. Слова «жыд» — літаратурнае ў тарашкевіцы і цалкам змаргіналізаванае, ссунутае ў вымярэнне абразлівага ў афіцыйнай беларускай мове. На вялікі жаль, чыннік расейскай мовы дасюль усплывае і навязвае свае правілы, традыцыі.

Але што датычыць мяжы паміж нецэнзурным і цэнзурным пластам лексікі, то варта ўлічваць вось што: калі слова шакуе, публічна абражае і адкрыта абурае, то яно з'яўляецца нецэнзурным. Напрыклад: нецэнзурныя словы «манда», «шмоня» шакуюць і абураюць пераважную большасць людзей. Але гэтыя абсцэнізмы маюць больш і менш культурныя, цэнзурныя варыянты: літаратурныя (похва, жаночыя геніталіі), прастамоўна-вульгарныя (пінда, падпуззе, секіль), эўфемізмы (клубок (нітак)).

Усе цэнзурныя варыянты дапушчальныя і нікога не абражаюць і не абураюць. Таму варта дадаць, што мяжа паміж ненарматыўнай ці нецэнзурнай лексікай і нарматыўнымі словамі ляжыць не ў самой мове, а ў розных сітуацыйных сацыяльных кантэкстах: у вузкім коле сяброў нецэнзурныя словы ўспрымаюцца інакш, чым у публічнай сферы, дзе яны могуць шакаваць, пакрыўдзіць і абурыць.

Слова «х**» не русізм, як малюе стэрэатып, а агульнаславянскае і натуральнае для беларускай мовы. Фота: Wikimedia Commons

«НН»: У слоўнік увайшлі толькі выразна беларускія словы, ці для спрадвечнага «х**» таксама знайшлося месца?

УГ: У слоўнік патрапілі ўсе вядомыя асноўныя беларускія абсцэнізмы, уласцівыя сучаснай беларускай мове і нават беларускай мове 19 ст. (дзякуючы рэканструкцыі на аснове аналізу слоўніка Я. Ціхінскага і вялікага этнаграфічнага матэрыялу). Значнае месца ў слоўніку займаюць дыялектныя варыянты нецэнзурных словаў і вульгарызмаў, якія досыць поўна дапаўняюць агульную карціну.

Важна падкрэсліць, што спрадвечныя «х**», «манда», «курва» — гэта таксама адвечныя беларускія брыдкаслоўі. Я бы так лёгка не аддаваў гэтыя словы суседзям на Захад і Усход. Узгаданыя абсцэнізмы вядомыя з даўняга часу, фіксуюцца ў мове ў старабеларускі перыяд.

Словы «Петр» і «п***а», накрэсленыя на камені каля падмурку старажытнага Сафійскага сабора ў Полацку. Фота: «Эпіграфіка Беларусі X-XIV стст.»

Да ўсяго словы «х**», «манда», «п***а» — не расейскага паходжання, як часта малюе стэрэатып, а ўласцівыя амаль усім славянскім мовам з відавочна індаеўрапейскай этымалогіяй.

Абсцэнізм «курва» таксама вядомы старабеларускай мове, з'яўляецца гістарычным беларускім словам і распаўсюджаным сучасным брыдкаслоўем.

Таму гэтыя словы, якія мы часта памылкова лічым запазычаннямі, з'яўляюцца нашай спадчынай нароўні з такімі выразна беларускімі абсцэнізмамі і вульгарызмамі, як «шмоня», «шманнё», «трахамуддзе» і пад.

З бабром на вуліцы можна паразмаўляць не толькі па-польску, але і па-беларуску — слова «курва» ў нас вядомае з даўніх часоў. Фота: Wikimedia Commons

«НН»: У слоўнік трапіў і беларускі сэксуальны слэнг, што ён апісвае і наколькі глыбока?

УГ: Сэксуальны слэнг апісвае як сэксуальны акт (шлых, папіханне, язда), плоцевыя органы (шмоня, пятля, гык, струк), а таксама анальна-экскрэмальныя з'явы (абасраны, каб ты ўсраўся!), так і дэманструе шырэй сексуальны багаты, разнастайны і не заўсёды гетэрасексуальны досвед беларусаў.

Дарэчы, Рыгор Барадулін («Дуліна ад Барадуліна») і Янка Золак («Слоўнічак пазаслоўнікавых словаў») у сваіх тэкстах, дзякуючы ўжытым вульгарызмам і сэксуалізмам цудоўна апісалі (і, падаецца, лепей за навукоўцаў) багатую сэксуальную спадчыну і сэксуальны досвед беларусаў («Кожнае дыханне любіць папіханне», «Пайшоў бы ў мніхі, дык яйцы ліхі», «Да работанькі — анінютанькі, а да ябатанькі — ах, мае матанькі»). Вядома, гэты досвед мяняецца: сучасны сэксуальны слэнг, тым больш, мясцовых жыхароў, часта мае моцны ўплыў расейскай і ангельскай моваў. 

А вось раней, як дэманструюць працы этнографаў, фалькларыстаў, а таксама мае ўласныя экспедыцыі па вёсках Віцебшчыны, ён быў больш беларусацэнтрычным, так бы мовіць. Наогул нам шмат дапамаглі этнографы і фалькларысты, якія раней і хутчэй за мовазнаўцаў апісалі мясцовую нецэнзуршчыну, у прыватнасці эратычна-сэксуальны слэнг. І часцяком якраз не ў простых і брутальных сэксуалізмах перадаваўся сэксуальны досвед беларусаў, а ў эратызаваных эўфемізмах, сабраных этнографамі («Ой ты, мая Домна, Прыйдзі ка мне цёмна. Твая ступа, мой таўкач — Будзем крупы абтаўкаць», «Ай, такую яго маць, Гэнага Міколку, Я хацела яму даць, А ў яго з іголку», «Па хмызняку цягацца» і г.д.).

Дзірка для сэксу ў грамадскай прыбіральні. Аматараў такіх задавальненняў беларусы называлі дзюрасмокамі. Фота: Wikimedia Commons

Як у гістарычнай, так і актуальнай перспектыве нецэнзурная, у тым ліку сэксуальная лексіка апісвае не толькі гетэрасексуальныя, але і гомасэксуальныя ды іншыя практыкі і з'явы: дупу драць (займацца анальным сэксам), дзюрасмок (той, хто займаецца аральным сэксам у публічных прыбіральнях), церці мужыкоў/хлопцаў (шлыхаць, мець за сэксуальных партнёраў мужчын). То-бок у беларускай вульгарнай мове фіксуецца разнастайнасць сэксуальных жаданняў і практыкаў.

Мужападобную жанчыну па-беларуску можна было б называць бабай-гой ці амазонкай. Фота: Wikimedia Commons

А яшчэ варта пазначыць, што ў слоўніках фіксуюцца, а падчас экспедыцыяй актуалізуюцца розныя словы і выразы для азначэння асобаў, якія цалкам не ўпісваюцца ў гетэрацэнтрычны свет: пахлапень, баба-гой, амазонка (пра мужчынападобную жанчыну), да ўсяго баба-гой часта азначае тое, што апісваецца ангельскім стэрэатыпізаваным словам butch, то бок мужападобная лесбійка; курай, паўкурак, дзявун (пра гермафрадыта); дзяўчур (фемінны хлопец) і г.д.

«НН»: Што з таго, што б магло патрапіць у ваш слоўнік, туды не патрапіла?

УГ: Сумысля ў слоўнік не былі ўключаныя многія трасянкавыя вульгарызмы, бо сістэматычна не збіраў іх ды і таму, што вельмі часта яны з'яўляюцца простай калькай з расейскай мовы.

Вядома, слоўнік не прэтэндуе на тое, што ахоплівае ўсе існыя абсцэнізмы беларускай мовы, не. Але была праведзеная вельмі скрупулёзная праца па зборы падобнай лексікі, таму, паўтаруся, асноўны і самы прэзентатыўны лексічны матэрыял у слоўнік увайшоў.

Але ведаю, не ўсе вульгарызмы-рэгіяналізмы сабраныя ў слоўніку з прычыны іх выключна вуснага ўжытку. Часта словы існуюць выключна ў вусным ужытку, а таму яны часта не зафіксаваныя. Таму ахвотна працягну працу па зборы абсцэнізмаў і вульгарызмаў без прапіскі, каб пашпартызаваць іх і ўключыць у будучыя перавыданні.

«НН»: Колькі па выніку слоўнікавых артыкулаў атрымалася?

УГ: У слоўнік увайшло каля 3000 словаў і ўстойлівых выразаў. Акрамя гэтага падаюцца іх стылістычныя характарыстыкі і фіксуюцца выпадкі нестандартнага ўжывання. Як вынікае з назвы, у слоўнік уваходзяць як самі нецэнзурныя ці абсцэнныя словы — брыдкаслоўі, так і іх адпаведнікі: вульгарызмы, сэксуалізмы, эўфемізмы, эратычная лексіка, сэксуальны слэнг і пад.

Важна падаць іх усе разам, суцэльна, бо часта яны разумеюцца лепей якраз у звязцы. Нецэнзурныя адзінкі разам з эўфемістычнымі ды іншымі адпаведнікамі ствараюць своеасаблівае сэнсавае моўнае гняздо: напрыклад, побач з абсцэннымі капэрус, пі***ец падаюцца пераносныя, эўфемістычныя адпаведнікі капут, гамон, капец, юк і пад.

Пісар пакінуў надпіс «Не потреба тут нічого пісат» на аркушы кнігі 1571, але яму апаніравалі «Але мне што пісал — насрат»

«НН»: Як думаеце, дзе і каму такі слоўнік можа спатрэбіцца?

УГ: Хоць гэта і спецыялізаваны слоўнік, першы досыць поўны слоўнік нецэнзурнай лексікі ў беларускім мовазнаўстве, ён, насамрэч, прызначаны не толькі мовазнаўцам. Гэты ўніверсальны слоўнік будзе карысны ўсім, хто працуе са словам: напрыклад, перакладнікам, каб хутчэй і натуральней перадаць каларыт сучаснай маўленчай практыкі, у прыватнасці брыдкаслоўе, якое часта сустракаецца як у жыцці, так і ў мове кніжных герояў.

Слоўнік спатрэбіцца маладым літаратарам, якія пішуць па-беларуску і часта, з прычыны русіфікацыі, проста не ведаюць беларускай скаромнай лексікі. Іх тэксты загучаць натуральней і мацней. 

На маю думку, слоўнік мае шанец стаць папулярным выданнем і прыцягнуць увагу ўсіх цікаўных да беларускай мовы: і каб пабачыць, наколькі багатая і разнастайная мова, і каб разбіць уласныя стэрэатыпы аб нібыта слабасці беларускай лаяніны, і каб проста ўзняць сабе настрой і пасмяяцца. Упэўнены, многія прачытаюць слоўнік як прыгодніцкі раман.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары15

  • Яўген
    17.02.2024
    Шукаў такі слоўнік усё жыцьцё. Дзе яго можна купіць?
  • mikola
    17.02.2024
    Яўген, шчэ ж не выдалі
  • Народ
    17.02.2024
    Аўтару для будучага абноўленага выданьня.
    Ад чалавека з Нясьвіскага раёна чуў:
    "Сцыкі без пярдыкі, што вясельле без музыкі"
    "А хто пасцыць і не перне, хай таго зямля заверне" (магчыма"... зямлёй заверне")
    Пажылы мужчына з вёскі Еськавічы, здэцца на захад ад Нясьвіжа культурна пасылаў, замест , "ідзі ты да ё**най матары" казаў: "ідзі ты да Яўгені Маркаўны".
    У Асіповіцкім раёне. раён вёсак Навасёлкі, Ліпень чуў хлопец казаў пра кабету з распуснымі паводзінамі: "Сядзіць барышня пад плотам, зашывае п***у дротам".

Цяпер чытаюць

«Прачытайце яе гісторыю». Лукашэнку давялося апраўдвацца перад Пуціным за георгіеўскія стужкі7

«Прачытайце яе гісторыю». Лукашэнку давялося апраўдвацца перад Пуціным за георгіеўскія стужкі

Усе навіны →
Усе навіны

На Паліну Шарэнду-Панасюк завялі дзве крымінальныя справы2

33-гадовы беларускі кікбаксёр-чэмпіён памёр ад рэдкай анкалогіі6

Аўтобус з беларусамі перакуліўся пад Варшавай1

Які прыгожы трэнд: людзі ператвараюць свае газоны ў някошаныя лугі9

Уначы па усёй тэрыторыі Беларусі былі замаразкі, апроч аднаго горада4

Сёння Радаўніца — дзень, калі наведваюць магілы продкаў2

У беларускага А1 рэкорд па чыстым прыбытку — 369 мільёнаў рублёў. Але дзяржава зарабіла на гэтым бізнэсе яшчэ больш1

У Іспаніі і Партугаліі аднаўляюць падачу электраэнергіі і шукаюць прычыну маштабнага блэкаўту

Amazon пачала выводзіць на арбіту інтэрнэт-спадарожнікі — канкурэнты Starlink2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Прачытайце яе гісторыю». Лукашэнку давялося апраўдвацца перад Пуціным за георгіеўскія стужкі7

«Прачытайце яе гісторыю». Лукашэнку давялося апраўдвацца перад Пуціным за георгіеўскія стужкі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць