Меркаванні11

Народных шмат, любімы – адзін

Выйсьцем магло б быць заснаваньне паважнай ганаровай прэміі.

Выйсьцем магло б быць заснаваньне паважнай ганаровай прэміі. Піша Сяргей Харэўскі.

Сам панятак «народны творца» – анахранізм, запазычаны з ХІХ стагодзьдзя. Нямецкія рамантыкі абсалютызавалі й ідэалізавалі свой народ. Адносіны творцы са сваёй нацыяй тады бачылася як складанае спалучэньне «Zeitgeist» (духу часу) і «Volksgeist» (духу народу), якому ён – як творца – абавязаны быў надаць форму. Варта тут адзначыць, што і ў Беларусі апэляцыі да «Думаў з Духу Нашага Народу» (Леў Вітан-Дубейкаўскі) былі тыповыя напрыканцы ХІХ – пачатку ХХ стагодзьдзя. Гэткім чынам творца, атаясамліваючы сябе з народам, цалкам шчыра імкнуўся быць «народным», нівэлюючы ўласную суб’ектнасьць: «То ня я пяю, край Божы даў мне ў сэрцы лад прыгожы...», «Я не паэта, крый мяне Божа...» і г.д. Натуральна, гэткімі паэтамі-народнікамі былі Багушэвіч, Лучына, Цётка, Купала.

Зьмест самога панятку «народ» набрыняў у ХХ стагодзьдзі іншым сэнсам і быў пастаўлены ў іншы кантэкст. Такім чынам «народны пісьменьнік» па вайне пераўтварыўся з выказьніка волі й думаў бальшыні (Народу) у яе лепшага прадстаўніка (Народу). А разам з тым мяжа паміж прафэсійнымі творцамі й нацыяй пераўтварылася ў бездань...

Быкаў і Навуменка, Барадулін і Брыль, Танк і Гілевіч – выдатныя творцы рознага маштабу і даробку. Між тым яны ўсе стаяць у адным шыхце Народных пісьменьнікаў. За савецкім часам гэта шмат значыла. Найперш у матэрыяльным сэнсе: лепшыя кватэры й летнікі, высокія ганарары й наклады.

Беларускім пісьменьнікам, як і мастакам і акторам, не хапіла духу ў 1991 годзе паставіць кропку ў гісторыі БССР. Яны не спынілі савецкае традыцыі раздачы дзяржаўных званьняў, зь якое самі ж і кпілі ў кулюарах. Напрыклад, скарачаючы званьне Заслужанага работніка культуры як «засраб». Пэўна ж, спадзяваліся дачакацца й сваёй чаргі.

Не хапіла духу і на тое, каб далучыць да свайго кола, напрыклад, Натальлю Арсеньневу. А якое б ёй маглі даць званьне?

У пачатку 1990-х у падобнай сытуацыі Адам Глёбус трапна заўважыў, што Народнымі можна называць толькі Коласа й Купалу, а вось любімы паэт нацыі адзін – Максім Багдановіч. Крыху не хапіла Караткевічу да гэткае ж безагляднае любові. А да Народнага не дажыў. Хоць акурат Караткевіч быў самым папулярным у публікі, што чытала без прымусу. На матывы ягоных твораў ставіліся тэатральныя пастаноўкі й здымаліся папулярныя кінафільмы. Ягонае імя ведалі, бадай, усе. Ён стаў легендаю пры жыцьці.

Калі ж браць пад увагу адно чытацкую папулярнасьць, то летась, напэўна, сярод чытацкай аўдыторыі самымі «народнымі» былі Ўэльбэк

ці Зюскінд, а сёлета – які Муракамі й Бэгбэдэр.

Спроба інсьпіраваць выданьне беларускае «народнае кнігі» скончылася выхадам «Сьцяны» Васіля Быкава. Яе наклад быў блізу 1000 паасобнікаў. І гэта, пэўна, максымум для незалежнага грамадзтва.

Якія яшчэ могуць быць крытэры папулярнасьці? Хіба частата выкананьня паэзіі сьпяванай. Хоць бы і ў застольных гулянках. Калі браць пад увагу папулярнасьць літаратараў як песеньнікаў, то пэўна гэта Бураўкін зь Някляевым. Аднак пра аўтарства песень беларускія слухачы задумваюцца найменш. І злапаны на вуліцы выпадковы мінак не назаве аўтараў шлягераў. Пэўна ж, і аўтары цяпер гатовыя аджагнацца ад выканаўцаў зь сёньняшніх «Сяброў» ці «Верасоў». Эстрадная слава – скарацечная.

Калі ж браць за меру тое месца, што літаратар трывала займае ў мэдыйнай прасторы, то, вядома, самым папулярным («народным») будзе Адам Глёбус. Нават калі яго хто й не чытаў, то прынамсі ўжо пра яго начуты. Ён сам не стамляецца дбаць пра ўласны PR.

Разам з тым, з-за розных прычынаў, патэнцыйна папулярныя творцы не трапляюць у поле зроку шырокае публікі. Хоць і выдатна валодаюць багатым запасам сакавітых словаў і паводле формы сваёй паэзіі даступныя бальшыні. Гэта, напрыклад, такія выбітныя паэты, як Алег Мінкін і Славамір Адамовіч, чые зорныя шляхі ў літаратуру пачаліся яшчэ ў СССР. Але іх асобы аніяк не трапляюць у пракруставы ложак сёньняшніх рэаліяў у РБ...

Калі за адзін з крытэраў «беларускай народнасьці» творцаў узяць мову, то кола пытаньняў аўтаматычна рэзка звузіцца. Ня так цяжка будзе правесьці плебісцыт сярод часткі нашае нацыі, што чытае па-беларуску. Але застанецца пытаньне, навошта нам гэта высьвятляць? Каб шанаваць? Каб любіць? Каб выдаткаваць кватэру, кабінэт і грошы? Але гэта да вусьцішы падобна да савецкае практыкі.

Выйсьцем з савецкай культурнай прасторы ў новую культурную сытуацыю для пісьменьнікаў і мастакоў магло б быць заснаваньне паважнай ганаровай прэміі, кшталту Ганкураўскай у Францыі. Толькі адзін раз у адны рукі. «Залатая літара» і «Гліняны Вялес» – правобразы гэткае прэміі ў незалежным грамадзтве. Гэта насамрэч патрэбна нам усім, усёй нацыі. Рада даверу з кваліфікаваных экспэртаў і творцаў-практыкаў выбірала б лепшага. І той, лепшы, дзякуючы свайму таленту й прафэсіяналізму, станавіўся б неаспрэчным аўтарытэтам для ўсіх людзей паспалітых. Ягоныя творы ўяўлялі бы сабою сыстэму каардынатаў у нашым каламутным культурным затоне.

А пакуль адзінай аб’ектыўнай мераю папулярнасьці ў Беларусі можа стаць хіба толькі Інтэрнэт.

Але Глёбус меў рацыю: гэтак любіць іншага пісьменьніка, як любяць Багдановіча, ужо ніколі ня будуць...

Каментары1

Цяпер чытаюць

Стала вядома, што за 200 тысяч еўра прапаноўвалі Сяргею Ціханоўскаму «беларускія бізнэсмены»12

Стала вядома, што за 200 тысяч еўра прапаноўвалі Сяргею Ціханоўскаму «беларускія бізнэсмены»

Усе навіны →
Усе навіны

Не менш за 12 замежных добраахвотнікаў загінулі падчас ліпеньскага ўдару па вучэбным лагеры ва Украіне1

Цапкала просіць брытанскую паліцыю праверыць, ці хацеў Латушка спаліць Ціханоўскую28

«Разабралі будаўнічыя агароджы за ноч»: мінчане 20 гадоў змагаюцца за міні-парк супраць АЗС2

Першае выданне «Хобіта» прадалі за рэкордныя грошы

75-гадовы дзядуля ў Мядзельскім раёне адправіўся на ровары ў 30-кіламетровы паход і прапаў5

Стартап беларусаў, які працуе на Галівуд, трапіў на экраны Таймс-сквер1

Міколу Статкевічу сёння споўнілася 69 гадоў1

Мілінкевіч: Калі паглядзець на вопыт іншых краін, найбольшы поспех быў там, дзе ўдалося спрагназаваць і рэалізаваць дыялог27

Крышціяну Раналду зрабіў прапанову Джарджыне Радрыгес3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Стала вядома, што за 200 тысяч еўра прапаноўвалі Сяргею Ціханоўскаму «беларускія бізнэсмены»12

Стала вядома, што за 200 тысяч еўра прапаноўвалі Сяргею Ціханоўскаму «беларускія бізнэсмены»

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць